Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Лукашэнка заявіў аб адзінстве грамадзтва напярэдадні выбараў, калі ў краіне працягваюцца масавыя рэпрэсіі

Лукашэнка заявіў аб адзінстве грамадзтва напярэдадні выбараў, калі ў краіне працягваюцца масавыя рэпрэсіі


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду ў пытаньнях правядзеньня выбараў 26 студзеня 2025 году.

Як адзначаецца на ягоным сайце, у нарадзе ўдзельнічалі і прадстаўнікі сілавых органаў Беларусі.

Лукашэнка заявіў, што выбары павінны прайсьці ў святочнай атмасфэры — з музыкай і буфэтамі, і папярэдзіў аб магчымых «інфармацыйных, палітычных і іншых» правакацыях з боку апанэнтаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.

«Яны [правакацыі] былі, ёсьць і будуць. Проста варта не расслабляцца: „Ах, у нас грамадзтва такое — гэтыя, адмарожаныя самыя, яны ўцяклі і іншае...“ Хапае ў грамадзтве розных людзей. І расслабляцца тут нікому ні ў якім выпадку ня варта. Асабліва нам, органам улады на месцах. Трэба зыходзіць з горшага варыянту. Будзе лепш — ну і добра», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, у Беларусі зрабілі высновы з 2020 году і разумеюць, што «ўладу растапыранымі пальцамі не ўтрымліваюць».

«Грамадзтва нібыта ў нас адзінае. Эканоміка дэманструе някепскія вынікі. Але павінен вам сказаць, што наступная пяцігодка будзе няпростай. Няпростая пяцігодка. І, магчыма, нават наступны год. Я заўсёды спрабую засьцерагчы грамадзтва ад нейкіх размоў пра санкцыі. Але іх жа ніхто не скасоўваў», — дадаў Лукашэнка.

Беларускія праваабронцы паведамілі, што 31 кастрычніка і 1 лістапада да шэрагу людзей па ўсёй краіне прыходзілі супрацоўнікі КДБ у рамках новай крымінальнай справы, заведзенай паводле арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).

Паводле «Вясны», частка затрыманых людзей цяпер знаходзіцца за кратамі, частка выйшла на волю ў якасьці сьведак у крымінальнай справе. Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытаньні пра дваровыя чаты, якія былі папулярныя ў пасьлявыбарны час у 2020-м.

31 кастрычніка паведамлялася аб масавых праверках і затрыманьнях у Смаргонях і Ваўкавыску. Вядома было таксама аб такіх выпадках у Менску, Гомлі, Маладэчне, Наваградку і Магілёве. 1 лістапада стала вядома, што на заводзе ў Хойніках затрымалі каля 20 чалавек, але на прадпрыемстве заявілі, што ў іх «усё спакойна».


Да збору подпісаў улады дапусьцілі 7 ляяльных да яе прэтэндэнтаў, ужо фармуюць 153 тэрытарыяльныя камісіі: 6 абласных і Менскую гарадзкую, 118 раённых, 4 гарадзкія — у гарадах абласнога падпарадкаваньня, 24 раённыя ў гарадах.

Прадстаўнікоў апазыцыі ў камісіях, якія ўжо сфармавалі, няма, усе апазыцыйныя партыі і многія грамадзкія аб’яднаньні і незалежныя прафсаюзы ў Беларусі зьліквідаваныя, а многія іх лідэры і актывісты знаходзяцца ў турмах і за мяжой у вымушанай эміграцыі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG