Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукар зьявіўся. Цыгарэты — зьніклі


Бальшыня крамаў у рэгіёнах змушаныя ва ўмовах фінансавага крызісу адмаўляцца ад дарагога тавару, пераважна замежнай вытворчасьці, каб засьцерагчы сябе ад эканамічнай рызыкі: у выніку дэвальвацыі і шматразовага падвышэньня цэнаў попыт на некаторыя імпартныя тавары набліжаецца да нуля. Таму асартымент у крамах значна звузіўся, а некаторыя тавары проста зьніклі з паліцаў. Канкрэтныя прыклады гэтага высьвятлялі ў аўторак карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Улады супакойваюць бедных: для іх адчыняць крамы

У Магілёве зьбіраюцца адчыняць сацыяльныя крамы для самых бедных. Такім чынам улады спрабуюць зьменшыць людзкую незадаволенасьць ростам цэнаў. Працягвае Андрэй Белагубаў.

Як заяўляецца, пры канцы гэтага тыдня ў Магілёве зьявяцца тры такія крамы. Асноўныя іх наведнікі — людзі сталага веку.

«Гэта будуць крамы, дзе асартымэнт прадстаўлены таннымі таварамі. І па гэтым асартымэнце будуць прымацца мінімальныя гандлёвыя надбаўкі. Гаворка пра каўбасную прадукцыю, гэтак званыя няфондавыя каўбасы і субпрадукты, гаворка ідзе пра малочную прадукцыю, хлебабулачныя вырабы й крупы ўсіх відаў», — тлумачыць супрацоўнік аддзелу гандлю Магілёўскага гарвыканкаму.

Стаўленьне людзей да зьяўленьня сацыяльных крамаў, ці крамаў для бедных, як пасьпелі іх ужо назваць, пакуль стрыманае. Вось адно з характэрных меркаваньняў спадарыні сталага веку ля крамы, якая павінна стаць сацыяльнай:

«Я сумняваюся, што гэта нешта дасьць. Во тут недзе абяцалі ў „Бакалеі“ адкрыць ад 8 да 12. Я мяркую, што там будзе нешта падпсаванае, такое заляжалае, нізкапробнае».
Я мяркую, што там будзе нешта падпсаванае, такое заляжалае, нізкапробнае.

Пакуль няма пэўнасьці, як будуць абслугоўвацца пэнсіянэры ў крамах — паводле сьпісаў ці пасьведчаньняў. Няясна пакуль і тое, колькі адзін пакупнік за адзін раз зможа набыць тавару.

Набываць тавары ў сацыяльнай краме ня супраць і людзі іншых катэгорыяў — напрыклад, сем’і з малалетнімі дзецьмі. Найчасьцей гэта маладыя сем’і. Маладзёны вырасьлі ва ўмовах адноснага дабрату і ў адначасьсе апынуліся ў невытлумачальнай сытуацыі — усё стала дорага. Асабліва для дзяцей усё падаражэла, кажуць яны — пампэрсы, дзіцячае харчаваньне:

Карэспандэнт: «Пампэрсы ці нашмат падаражэлі?».

Маладзіца: «Нашмат. Калі яны каштавалі 60 тысяч, то цяпер — 120 тысяч».

Карэспандэнт: «А дзіцячае харчаваньне?».

Маладзіца: «Таксама падаражэла напалову. Калі раней 6 тысяч каштавала, то цяпер 20».

Тавар бедным будуць адпускаць па строгіх нормах

Урэшце, ня толькі сацыяльнымі крамамі ўлады супакойваюць людзей, але й пагрозамі. Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік загадаў падначаленым, каб тыя не дапускалі масавага вывазу прадуктаў у Расею, дзе цэны на іх вышэйшыя:

«Для гэтага неабходна гандлю — нормы водпуску глядзець. Упраўленьне ўнутраных спраў папярэджваю — чатырнаццаць пастоў маеце перасоўных, і калі едзе прыватны аўтамабіль з расейскімі нумарамі і вязе тавар у адпаведнасьці з нормамі водпуску, то — калі ласка, няхай едзе. Але ня дай Бог, будуць загружацца фуры — цукрам тым жа. Гэта надзвычайнае здарэньне, такога быць не павінна».

ВІЦЕБШЧЫНА


На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкаму зьявілася паведамленьне, што на сёньня ўсе гандлёвыя прадпрыемствы рэгіёну забясьпечваюць поўны асартымэнт тавараў. Але ці можна гэтаму верыць?

Да прыкладу, перад чарговым падаражэньнем прадуктаў 27 траўня па вобласьці «разьмялі» амаль 10-дзённы аб’ём продажу цукру, бо назаўтра ён каштаваў ужо не 3600, а 5000. А 28 траўня людзі актыўна раскуплялі гарэлку — напярэдадні 10-адсоткавага падаражэньня.

Цяпер, падобна, у разрад дэфіцыту трапілі цыгарэты, кажа жыхар Віцебску, які не знайшоў у краме звыклых гатункаў:

«Monte Carlo» або «Альянс» — гэта гатункі цыгарэтаў, вырабленых у Беларусі па ліцэнзіі, іх робяць у Менску ці Гародні . Я пачытаў тут праграму ўрадавую, там зьбіраюцца падвышаць цэны на цыгарэты і алькаголь: дакладна напісана, што будзе падвышэньне. І гэта зьвязана, верагодна, з курсам даляра? Магчыма, таму людзі наперад і запасаюцца?«.

Харчы ў крамах ёсьць, але дэфіцытам робяцца самыя танныя зь іх, разважае пакупніца:
Дэфіцытам сталі сьвіныя скуркі і самыя танныя косткі.

«У нас сталі дэфіцытам сьвіныя скуркі, косткі самыя танныя. Раней яны заўжды былі на вітрынах, і нехта ж іх купляў, значыцца, і рабілі зь іх нейкую ежу… А цяпер іх проста няма!».

Пра падобную праблему гаворыць яшчэ адна спадарыня — пакупніца крамы «Веста»:

«Вось я толькі што з крамы, і шукала менавіта курэй. Бо ва ўсіх крамах толькі „запчасткі“, якія каштуюць у паўтара-два разы даражэй за тых курэй! Асобна грудка — 19 тысяч зь нечым, па 17 тысяч — галяшка, па 30 тысяч і вышэй — філе. А самі куры, як я бачыла іх апошні раз, — па 13 тысяч. Дык мне ж тады па 13 тысяч будзе і грудка, і філе! Але ж іх нідзе няма, тых курэй!».

Праблему «курынага дэфіцыту» спадарыня спрабуе вырашыць ужо тыдзень. І, як высьветлілася, не яна адна:

«У гандляркі запыталася, дык яна адказала мне даволі груба: „Калі прывозяць, тады прадаём. Але іх няма!“. Кажу: „Дык скажыце, калі мне падыйсьці“. Адказвае: „А я ня ведаю!“. Тут цётка ззаду з чаргі адказвае: „А я ведаю! Усе нашы куры паехалі ў Расею!“. „Ого! — кажу. — А чаго яны туды ўсе паехалі?“ — „Таму што мы добрыя…“ — адказвае… А я во так тут і сяджу — без курэй, без усяго!».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Купляю цяпер толькі косткі…»

Што думаюць пра рост цэнаў жыхары Горадні, пакупнікі?

Спадар: «Ды на ўсё высокія цэны, гэта жудасная рэч! Я ня ведаю — куды мы коцімся ўвогуле?! Навошта гэта патрэбна, каму патрэбна?! Ураду, людзям? Яны ж пра людзей клапоцяцца быццам, але выходзіць, што невядома — пра каго. Пра пэнсіянэраў яны клапоцяцца хіба? Ды храна з два! Прабачце. Мне тварог трэба, сьмятана — як хвораму чалавеку, а няма, дарагое ўсё! Вось цяпер набыў два тваражкі ці тры — пятнаццаць тысяч! Дык гэта на адзін раз пад’есьці, а я атрымліваю семсот рублёў пэнсію. Чаго іх марозіць, навошта было адпускаць?».

Спадарыня: «Я бачу: цэны не памяняліся, нічога не замарозілі. На парашкі, на прадукты вельмі падскочылі. Ды нават на ваду, яе ж не вязуць з-за мяжы, чаму такія цэны? На звычайную газаваную ваду, ня кажучы пра іншае. На рыбу. Рыбу цяпер ужо немагчыма купіць!».

Спадар: «Людзі вінаватыя самі: пачалі хапаць, і цэны пайшлі ўверх. А я не вінаваты: цэны шалёныя, гэта страшэнная справа».

Спадар: «Прадуктовыя, вядома. Увогуле мяса я й так мала купляў. Купляю цяпер для першай стравы, як цяпер называюцца косткі…».
Цэны на прадукты жахлівыя сталі!

Спадарыня: «Цэны на прадукты жахлівыя сталі. Мы вось зайшлі ў краму: акцыя, курыца — васямнаццаць тысяч. Якая гэта можа быць акцыя з такой цаной? Гэта сьмешна нават. Для чаго праводзіцца такая акцыя — незразумела. Гэта ўсё лухта суцэльная».

Спадар: «Усё жонка сказала».

Спадарыня (жонка): «Цэны на бэнзін жахлівыя. На прамысловыя тавары, на якія цэны заўсёды былі вялікія, таксама. Даляр лічаць невядома па якім курсе, толькі навошта лічаць, калі на рынку нічога ня купіш? Яны лічаць даляр па 6200, і сто даляраў за джынсы — гэта сьмешна нават. Гэта прынамсі заробак наш. Тое, што лічаць па-сярэдняму — паўтара мільёна, — такі заробак зусім ня ўсе атрымліваюць у сям’і: муж і жонка, напрыклад…».

Фотаконкурс «Дзе мае $500?» Новыя здымкі


Мілана Харытонава: «Вэтэраны ў чарзе ў абменнік сядзяць на прынесеных з дому зэдліках у холе адной зь берасцейскіх крамаў, дзе месьціцца пункт абмену валюты».
Андрусь, Менск: «Крамы заваленыя „да столі“. Абагравальнікамі. Летам».
Адам Цёплы, Пінск: «Тупікі».

Глядзець усю фотагалерэю конкурсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG