Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Для харчовых перадач у турмы ўжо не хапае сродкаў"


Брама старой гарадзенскай турмы
Брама старой гарадзенскай турмы
Наша перадача адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі.

Сёньня ў сувязі з эканамічным крызісам праблемай для шмат каго з родных і блізкіх сядзельцаў робіцца збор харчовых перадач у месцы зьняволеньня.

Сярод іншых тэмаў праграмы:

Жонка Андрэя Пачобута пра свае спатканьні з мужам у Гарадзенскай турме. Суд над журналістам прызначаны на 14 чэрвеня

"Жыцьцё за кратамі манатоннае, але не пазбаўленае маленькіх радасьцяў" — зь лістоў Пачобута на волю

"Паэт, які сядзеў пры ўсіх уладах" — пра турмы Сяргея Хмары

"Турма ўвайшла ў маё жыцьцё" — інтэрвію з Ірынай Халіп

“З такімі коштамі становіцца вельмі складана сабраць перадачу” – вокс-популі


"Наколькі адчувальны эканамічны крызіс для сваякоў зьняволеных? Колькі трэба працаваць на харчовую перадачу?" На гэтую тэму наш берасьцейскі карэспандэнт гутарыў зь людзьмі, якія стаялі зь перадачамі для сваіх родных і блізкіх у чарзе ля будынка СІЗА ў Берасьці.

Спадарыня: "Дзіва што адчуваю. Ды яшчэ як адчуваю гэты крызіс".

Спадарыня: "Вядома ж, цяпер усё дорага. З такімі коштамі становіцца вельмі складана сабраць перадачу. Там жа ім патрэбныя найперш часнык, сала, лімоны, то пячэньне, то цукеркі. Агулам выходзіць, што трэба аддаць свой месячны заробак, каб перадаць перадачу".

Спадар: "Усё надзвычай падаражэла. А вось заробкі як былі пяць гадоў таму назад, так і засталіся на тым самым узроўні".

Спадарыня: "Вядома, крызіс моцна ўдарыў па нас. Усё ж стала вельмі дарагое. Паспрабуй сабраць і набыць усё, што трэба".

Спадарыня: "Цэны растуць проста неймаверна. І чаму такі рост? Чым ён абумоўлены? Шмат чаго неабходнага зьнікае з паліцаў крамаў. Прычым калі прадукт каштаваў раней 25 тысяч рублёў, ужо праз тры дні каштуе 35 тысяч рублёў".

Спадарыня: "Падаражэлі гарбата, крупы, асноўнае, што патрэбна зьняволеным. У сувязі з тым, што цэны вырасьлі, перадачу ў турму робіцца надзвычай складана падрыхтаваць. Простаму чалавеку трэба паўгода, каб набыць неабходнае. Таму, калі ў некага ў турме родныя, то яны мусяць рабіць на зьняволеных, каб перадаваць гэтыя перадачы".

Спадарыня: "А мала таго, яшчэ ня ўсё ж паступае да нашых родных. Вось у мяне, напрыклад, два кіляграмы мяса ў ШЫЗА забралі. Спачатку ўзялі маю перадачу. А пазьней скрыню сартавалі. І вельмі якаснае мяса, сказалі, аддадуць сабакам. І гэта тычыцца ня толькі харчоў. Тая няшчасная маці з усіх сіл зьбірае гэтую перадачу, а супрацоўнікі турмы лепшае сабе забіраюць".

Аксана Пачобут: "Я стараюся хадзіць у турму два разы на тыдзень, каб Андрэю было весялей"


Для нашай праграмы жонка зьняволенага журналіста Андрэя Пачобута Аксана сказала, што ўдзячная ўсім, хто падтрымлівае Андрэя, а таксама іх сям’ю ў гэты складаны час. Паводле прафэсіі Аксана выкладчыца беларускай мовы. У Пачобутаў двое дзяцей: дачцэ Яне — дзесяць гадоў, сыну Яраславу — год. Аксана рэгулярна робіць перадачы мужу і ходзіць на спатканьні. Пра спатканьні ў гарадзенскім СІЗА — Сяргей Астраўцоў:

Андрэя Пачобута, які працуе на польскую "Газэту выборчу" два месяцы трымаюць за сьценамі Гарадзенскай турмы № 1. Сьледчыя органы прааналізавалі ягоныя публікацыі на польскай мове і вырашылі, што журналіст вінаваты ў абразе і паклёпе на адрас прэзыдэнта. Гэта артыкулы 368, 1 частка, і 367, 1 частка. Імі прадугледжана пакараньне ад двух да чатырох і да двух гадоў зьняволеньня адпаведна. Суд над журналістам прызначаны на 14 чэрвеня.

Аксана Пачобут
Я папрасіў Аксану распавесьці — як, у якіх умовах адбываюцца спатканьні з мужам за турэмнымі сьценамі. І вось што яна расказала, пачаўшы з апошняга спатканьня з мужам Андрэем Пачобутам:

"Сустрэча адбывалася як звычайна: прыкладна паўтары гадзіны — праз шкло па тэлефонным апараце. Там два пакоі, у кожным па чатыры месцы, кожнае з тэлефонным апаратам, таму запускаюць восем чалавек. Альбо гэта могуць прыйсьці да кагосьці сям’ёю — два-тры чалавекі, па-рознаму. І ўсе адначасова размаўляюць, уключаюць тэлефонныя апараты. І адначасова таксама спыняецца спатканьне, усіх выводзяць разам. Там не зусім як у кіно: брудна, непрыгожа, такое ўсё старое".

Андрэй — у сваім адзеньні, і ўсе, хто прыходзіць на спатканьне, таксама ў адзеньні звычайным, кажа Аксана Пачобут:

"Ён заўсёды пасьміхаецца, хоць праз шкло добра не разгледзіш, паколькі блікі, бачыш сябе нават. Шкло бруднаватае, асьвятленьне штучнае. Ахоўнік прысутнічае, і менавіта нашу размову яны запісваюць. Мінулым разам мы былі з дачкой, і яна мне кажа: глядзі, першы нумар — там такая ў іх клявіятура — націснуты. Гэта была акурат наша кабінка. Сёньня быў націснуты другі нумар, і кабінка наша была другая. Там кнопкі, і адна націснута. Мы і так ведалі, што яны слухаюць нашу размову і запісваюць. Нават Андрэй жартуе: для цябе гэта навіна? Не, не навіна, бо сама бачыш, як там націснулі кнопку".

Наведніцы гарадзенскай турмы

Тым ня менш яны гавораць з мужам пра ўсё, пра што лічаць патрэбным, прызнаецца Аксана Пачобут:

"У яго няма ніякіх тайнаў наконт ягонай справы, усё, што ён ведае, ён можа адкрыта казаць. Калі ў мяне пытаюцца, я кажу тое, што даведалася ад Андрэя пры такіх размовах, якія запісваюцца, таму я ня думаю, што гэта тайна".

Што новага Андрэй Пачобут пачуў падчас сьледзтва, што, можа, сьледзтва выцягнула зь ягоных публікацый, ці зьдзівілі яго непрыемна чымсьці?

Аксана Пачобут: "Нічога, усё прадказальна. Ён вельмі чакае суду, кажа, што гэта будзе "надта вясёлы" працэс. Але, нягледзячы на ўсё, на адсутнасьць доказаў, будзе вынік, зразумела, сумны".

Адзінае, што спатканьні з мужам Аксане Пачобут дазваляюць без перашкодаў. Яна кажа, што дазвол у судзьдзі Віталя Лецкі атрымаў таксама Андрэеў бацька Станіслаў Пачобут. Якая працэдура допуску ў турму на спатканьне? Аксана Пачобут кажа, што спачатку трэба прыйсьці ў памяшканьне для прыёму перадачаў з боку Савецкай плошчы — у высокай суцэльнай турэмнай сьцяне там дзьверы:

Аксана Пачобут: размова пра шкло – гэта не зусім як у кіно. Шкло бруднаватае, асьвятленьне штучнае. Блікі. Нічога ня бачна. Бачыш сябе ...

"Спачатку туды, там, дзе прымаюць перадачы, даеш заяву, дакумэнты на сустрэчу, яны забіраюць пашпарт, заяву і папярэджваюць — а якой гадзіне табе падысьці на другі ўваход. Там — праз вароты, дзе камэры знаходзяцца".

Што датычыць саміх перадачаў мужу, Аксана Пачобут распавядае наступнае:

"У той жа дзень прыходзіш, чарга ёсьць. Там такі парадак: запісваесься спачатку. А потым у адпаведнасьці з чаргой выклікаюць. І тады перадаеш перадачу. Астатнія, хто не пасьпеў, запісваюцца ў другі чарод. Мы перадаем прадукты харчаваньня, зараз гэта садавіна-гародніна. І стараюся хадзіць два разы на тыдзень, каб яму было весялей. Каб ён ведаў, што праз два-тры дні, максымум праз чатыры, яму было чаго чакаць".

Старая гарадзенская турма

Дапамагаюць Саюз палякаў, калегі Андрэя, сябры і таксама "Газэта выборча", у якой ён працуе.

"Я цяпер бачу, чаму Андрэй так добра працаваць імкнуўся і нават цяпер перадае, што ганарыцца, што працуе ў іх. Таму што на самой справе яны столькі для яго робяць, усе акцыі праводзяцца зь іхняй падачы, гэта прыемна. Бо не аказалася так, што акрамя мяне ён нікому не патрэбны".

Аксана Пачобут прызнаецца, што адной бяз мужа няпроста, але ёй дапамагаюць бацькі Андрэя:

"Адзінае, цяжка, калі адна ў хаце, не хапае папросту часу, на дзяцей таксама. І па Андрэевых справах езьдзіць таксама. Не заўсёды можа зь імі хтосьці пабыць. Бацькі Андрэя стараюцца таксама працаваць, каб нам дапамагаць, яны аплочваюць нашыя квіткі за кватэру. Таму праблемай бывае тое, што няма з кім меншае дзіця пакінуць. Ну, тут я ўжо старэйшую далучаю".


Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

Вытрымкі зь лістоў Андрэя Пачобута з турмы, дасланых жонцы:


Андрэй Пачобут
"Турэмнае жыцьцё манатоннае, Але не пазбаўлена маленькіх радасьцяў. Я атрымліваю шмат лістоў з Польшчы, Беларусі і нават зь Літвы і Нямеччыны. Гэта як глыток сьвежага паветра!".

"Лісты пішу рэдка. Паколькі пісаць ва ўмовах цэнзуры не прывык. Толькі тут зразумеў, якія пачуцьці апаноўваюць працаўнікоў дзяржаўных СМІ, калі нельга напісаць самае цікавае, таму што цэнзура не прапусьціць. Розьніца толькі ў тым, што мяне сюды "закаталі", а яны самі добраахвотна надзелі ашыйнікі. Але перажываць за іх ня будзем, кожнаму свой лёс належыцца".

"У турме як у турме. Да тутэйшай рэчаіснасьці я хутка адаптаваўся. Час забіваю чытаньнем кніг (дзякуй Арлову) і фізычнымі практыкаваньнямі. Паколькі басэйн тут не паложаны, абмяжоўваюся спартанскімі: адцісканьнямі, практыкаваньнямі для прэсу, прысяданьнямі…

Сяджу я на 3-м паверсе СІЗА, паверхам ніжэй у 30-я гады сядзеў самы вядомы зьняволены гарадзенскай турмы — камуністычны тэрарыст і верны сталінец Сярога Прытыцкі. У далёкім 80-м годзе я пайшоў у першую клясу школы, што насіла яго імя. І цяпер вось атрымаў унікальную магчымасьць "пагасьцяваць" у месцы яго "баявой славы". Увогуле я не сумую, нават наадварот. Беларусь "турэмная" мала чым адрозьніваецца ад Беларусі "свабоднай". Рэжым ёсьць рэжым. І там у вас, і тут у мяне. Хіба што тут у турме ўсё яшчэ больш скандэнсавана. Зь цікавасьцю зьбіраю матэрыял для "посттурэмнага рэпартажу", хоць зьявіцца яму будзе наканавана празь некалькі гадоў. Але запэўніваю вас, праз гэта ён ня стане менш цікавым. А як вы там?".

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць.


"Паэт, які сядзеў пры ўсіх уладах…"

Пра турмы Сяргея Хмары (працяг)

I хоць рваныя словы,
Кантаватасьцi скрозь, —
Час, стагодзьдзi што ломiць,
ў нашы вершы урос.

Сяргей Хмара
Гэтыя радкі — з турэмнай творчасьці Сяргея Хмары. Сёньня мы працягнем расповед пра гэтага заходнебеларускага паэта і дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Яго сапраўднае прозьвішча Сіняк. Ён сядзеў у польскіх турмах, у савецкай, а потым яшчэ і пры немцах. Памёр у Канадзе і застаўся даволі загадкавай асобай. У БССР яго лічылі "нацыяналістам" і "ярым антысаветчыкам" за яго актыўную пазыцыю, мары пра незалежную Беларусь, абвяшчэньня якой яму ўдалося дачакацца. Распавядае Сяргей Астраўцоў.

Сяргей Хмара напярэдадні вайны ў 1941 годзе сядзеў у савецкай турме, яму ўдалося ўратавацца разам з часткай зьняволеных дзякуючы хуткаму наступу нямецкай арміі. Аднак пры немцах Сяргей Хмара таксама трапляў за краты. Дасьледчык яго жыцьця і творчасьці, пісьменьнік са Слоніма Сяргей Чыгрын распавядае:

Сяргей Чыгрын
"А пры немцах ён трапіў… Там разборкі ішлі пра сувязі з партызанамі на местачковым слонімскім узроўні. Але яго выпусьцілі хутка. Дапамаглі яму вызваліцца Пецюкевічы браты. Хмара — асоба такая загадкавая, была і застаецца да сёньняшняга дня. Працаваў адзін час на слонімскім радыё, потым трымаў невялікую кнігарню, дзе прадаваў беларускія кнігі і часопісы. На радыё ён працаваў пры немцах і нават некалькі разоў сказаў "Сьмерць савецкім партызанам". Гэта яму і зашкодзіла… Нават будынак захаваўся, дзе была ягоная кнігарня".

Дарэчы, і былая турэмная камяніца ў Слоніме захавалася таксама. Пабудавалі яе за царскім часам, сёньня там вайсковая мэдычная ўстанова.

А вось як пра арышты акупацыйнай уладай распавёў ва ўспамінах сам Сяргей Хмара:

"У 1942 годзе арыштоўвае гестапа ў Слоніме па спрэпараванаму даносу польскай паліцыі. Выратавалі сябры. У тым самым годзе ў Слоніме арыштавалі на вуліцы, калі адзін правакатар родам зь Мідзьвінавіч, працуючы як шофер у немцаў, пачаў крычаць, убачыўшы мяне на вуліцы: "Гэта — небясьпечны камуніст і партызан". Выпусьцілі на інтэрвэнцыю Менску.

У 1943 годзе арышт Акруговым Нямецкім Камісарыятам "за нацыяналістычную дзейнасьць і прапаганду". Адабрана зброя, выдалены з Камітэту Самапомачы. Камітэт зьліквідаваны.

У 1944 годзе арыштаваны ў Слоніме ваеннай жандармэрыяй вайсковай камэндатуры за артыкулы ў слонімскай газэце".

Сяргей Хмара любіў кнігі і пісаў сам.

Чыгрын: "Справа ў тым, што ў 1939 годзе ў Вільні выйшаў яго першы зборнік "Жураўліным шляхам". І мне нядаўна Арсень Ліс казаў: гэты зборнік рыхтаваў Максім Танк, але ён яго так падрэдагаваў, зрабіў пад такі камуністычны ўхіл".

У Вільні ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Акадэміі навук ёсьць вершы Хмары ў такім выглядзе, як ён іх напісаў. Сяргей Чыгрын асабіста бачыў іх.

А вось савецкі аўтар Вацлаў Мацкевіч запэўніваў:

"На грошы, сабраныя па вёсках, павінны былі выпусьціць кніжку Анатоля Іверса. Але Хмара аказаўся спрытнейшы і перабег яму дарогу сваім нэндзным "Жураўліным шляхам".

Сярге й Чыгрын склаў кнігу твораў Сяргея Хмары "Рабінавы хмель". Яна выйшла ў "Кнігазборы".

Чыгрын: "Хмара — ня толькі паэт. Калі я склаў яго кніжачку і выдаў у 2009 годзе, у яе ўвайшлі ня толькі вершы, але і ўспаміны. Ён узгадвае Пестрака, Дварчаніна, Сымона Рак-Міхайлоўскага, зь некаторымі ён сядзеў у турмах разам. Ёсьць такая вэрсія, што нібыта зь Пестраком перапісваўся, калі быў у эміграцыі, але гэта спрэчнае вельмі пытаньне".

Дарэчы, свае выданьні "Голас беларуса" і "Баявая ўскалось" Сяргей Хмара дасылаў з Таронта ў Менск у газэту "Голас Радзімы". Яны траплялі ў рукі да галоўнага рэдактара Вацлава Мацкевіча, і той выпусьціў кніжачку памфлетаў "Смаўжы адкрываюць Амэрыку" (1976), дзе цэлыя тры зьедлівыя тэксты прысьвяціў Хмару-Сіняку: "Бесп’едэстальны Сіняк", "Кур’ер Сіняка" і "Рука Масквы". Вацлаў Мацкевіч называў эмігранцкага паэта такімі словамі, як "мацёры правакатар", "здраднік", "прадажная душа".

У першым памфлеце аўтар не шкадаваў эпітэтаў:

"Сіняку не шанцуе ад самага нараджэньня. Фатум ці што?.. Як, і вы ня ведаеце, хто такі Сіняк?.. Жабрак духам быў, жабраком і застаўся", сьцьвярджаў у кніжцы антыэмігранцкіх памфлетаў Вацлаў Мацкевіч, запэўніваючы, што той хацеў быць вялікім палітыкам, але меў толькі "эгаізм і нацыянальную фанабэрыю".

Вацлаў Мацкевіч пераконваў: "Адсутнасьць ідэй адбілася на паводзінах Сіняка — то ён прымыкаў да Грамады, то спачуваў камсамолу Заходняй Беларусі, то цішком бег да Акінчыца і Астроўскага, якія супрацоўнічалі з польскай дэфэнзывай. Урэшце Сіняк і сам служыць той жа дэфэнзыве, а зьявіліся новыя гаспадары — фашысты, — прыстасаваўся ў СД".

Аднак Вацлаў Мацкевіч ня ўзгадваў чамусьці, што Сяргей Хмара-Сіняк моцна пацярпеў ад дэфэнзывы, дый немцы яго таксама за краты запраторвалі.

У адным з антыэмігранцкіх памфлетаў Вацлаў Мацкевіч падсумаваў: "Цяпер Сіняк сядзіць у Канадзе і робіць выгляд задаволенага чалавека:

Вось і мы ужо сядзём,
Хлеб жуём, гарэлку п’ём!
Хоць ня ўзьлез на п’едэсталы,
Ў банку конт зато нямалы!"

І ў эміграцыі не хавалі, што Хмара быў чалавекам неадназначным. Старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады Мікола Ганько, напрыклад, зазначаў: "Пра жыцьцё і творчасьць Сяргея Хмары можна напісаць цэлую гісторыю, а можна абысьціся некалькімі сказамі. Сяргей Хмара — гэта грамадзкі партызан і таксама партызан у сваёй літаратурна-журналісцкай дзейнасьці… "Сам п’ю, сам гуляю, сам сьцялюся, сам лягаю", гавора, здаецца, украінская пагаворка, і гэта адносіцца да Хмары".

Дасьледчык літаратуры беларускай эміграцыі Лявон Юрэвіч у сваёй кнізе "Камэнтары" друкуе ўрывак з аўтабіяграфічных зьвестак, пакінутых Сяргеем Хмарам: "Бацькі — сяляне Слонімшчыны, якія падаліся на заробкі да Адэсы. Нарадзіўся ў 1905 годзе ў Адэсе пад стрэлы гарматаў з паўстаўшага параплава "Пацёмкін". Таму, мусіць і застаўся на цэлае сваё жыцьцё бунтаўніком-змагаром… А чаму Хмара? Бо гневу народнага Хмарай хацеў быць, навальніцаю, пярунамі ворагаў біць. І як хмару па небе непагодным, кідаў мяне лёс маёй зямлі".

Лявон Юрэвіч зазначае: "Так, Сяргей Хмара быў асобай неардынарнай і супярэчлівай. Ацэна ролі, адыгранай ім на эміграцыі, патрабуе не адной старонкі ўзважаных словаў. Як пісьменьнік, Сяргей Хмара, вядома, заслугоўвае ўвагі і чытача, і дасьледніка. Як мэмуарыст — карпатлівай працы гісторыка".

Лявон Юрэвіч таксама падкрэсьлівае: "З прычыны таго, што Хмара ня толькі аўтар твораў пра беларускую міталёгію (выпусьціў кнігі "Сказы Бацькаўшчыны" і "Аб багох крывіцкіх сказы. Беларуская міталёгія"), але й мітаў пра самога сябе, гістoрыку будзе багата працы ў праверцы лічбаў і нават фактаў. Але ў любым выпадку ўспаміны Хмары застануцца цікавымі".

Хмара пісаў, што сяляне Слонімшчыны сабралі ежу для вязьняў, якіх са Слоніма перавялі ў гарадзенскую турму, "мяхі булак, мяса кошыкі". Аднак удзельнікі КПЗБ лічылі, што харчы прызначаюцца толькі ім, хаця атрымлівалі дапамогу ад МОПРа (Міжнароднай арганізацыі дапамогі рабочым). Хмара пра гэта пісаў:

"З сродкаў, сабраных на нашых вёсках для палітвязьняў, не дзяліліся імі з усімі палітвязьнямі, а спажывалі іх толькі ў сваім асяродзьдзі, а партызаны й грамадаўцы сядзелі галодныя. Мы патрабавалі дзяліць на ўсіх, бо гэта народная дапамога на ўсіх".

Ва ўспамінах Сяргея Хмары сапраўды нямала незвычайных зьвестак, якія той, хто ня быў літаратарам, мог бы і не пакінуць на паперы. Напрыклад, Хмара пісаў, што ў гарадзенскай турме рэдагаваў рукапісны часопiс "За калектыў":

"На дамаганьне камуністаў часапіс сканфіскаваў стараста як абражаючы камуністаў. А на шпацыры адзін з гэтых дзеячоў кінуўся да мяне з кулакамі біцца, бо ў часопісе было выкрыта, што, прысвойтаўшы сабе МОПРаўскія грошы, ён устаўляў за іх сабе залатыя зубы. Пасьля бунту ў турме й пяцідзённай галадоўкі нас, грамадаўцаў, вывезьлі ў 1928 годзе на Лукішкі ў Вільню".

Пісьменьнік са Слоніма Сяргей Чыгрын падсумоўвае:

"Адзінаццаць гадоў сядзеў за беларускасьць, за ТБШ і так далей…".

Што праўды, калі да шасьці гадоў польскай турмы прыплюсаваць паўгода ці крыху больш савецкай і пэўны тэрмін у нямецкай, адзінаццаць гадоў усё ж не выходзіць, паэт павінен быў бы тады сядзець за кратамі ўвесь час нямецкай акупацыі. Але ж Сяргей Чыгрын папярэджваў, што Хмара быў і застаецца асобай загадкавай.

Турма і здароўе


Ірына Халіп: "Турма ўвайшла ў маё жыцьцё”

Паводле праведзеных пару гадоў таму міжнародных дасьледаваньняў, Беларусь сярод эўрапейскіх краін і краін былога СССР мае найвышэйшы адсотак вязьняў-жанчын — 7,5% ад агульнай колькасьці зьняволеных у краіне. У суседняй Расеі ён складае 6,5%, ва Ўкраіне — 6,1%, у Польшчы, як і ў сярэднім па Эўропе, — прыкладна 4%.

На мінулую нашу размову пра псыхалягічныя выпрабаваньні ў турме з журналісткай, жонкай кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірынай Халіп, якая 1,5 месяца знаходзілася пад арыштам у СІЗА КДБ, мы атрымалі наступны чытацкі водгук.

"Жанчына і турма — гэта самая трывалая тэма да тых часоў, пакуль існуюць і будуць існаваць рэпрэсіўныя рэжымы. Прыніжэньне і зьдзек з жанчыны ў турме — гэта частка нашага грамадзкага побыту. Яго самая праяўленая частка. А хіба прыніжэньне жабрацкімі заробкамі і вечны страх за дзяцей, і адмова ад паўнавартаснага асабістага жыцьця, і барацьба за існаваньне жанчыны ў беларускім соцыюме — гэта не трывалая рэальнасьць? Беларускае грамадзтва настолькі запалоханае і прыніжанае, што ўжо ня здольнае супраціўляцца.

І ў такім грамадзтве павінны быць выпрацаваныя спосабы выжываньня і яснае веданьне мэханізмаў рэпрэсіўнай машыны… Гэта значыць кожны павінен быць гатовы ў любы момант да горшага. Асабліва жанчыны… Працягвайце тэму. Яна яшчэ вельмі доўга будзе ў нас з вамі. І чым менш у грамадзтве будзе наконт улады ілюзій, тым хутчэй мы ўбачым ва ўладзе, самае горшае, злодзеяў, але не людаедаў"...

Сёньня разам з Ірынай Халіп мы працягнем гутарку пра тое, якія псыхалягічныя цяжкасьці могуць напаткаць жанчыну за кратамі і як іх пераадольваць, каб выйсьці ўрэшце на волю псыхічна ды фізычна здаровай.

Нагадаю, што арыштаваная 19 сьнежня журналістка, маці 3-гадовага сына, цягам месяца нічога ня ведала пра сваё дзіця.

Ірына Халіп, суд
Халіп: "Мне не пагражалі, што адбяруць дзіця. Здаецца, толькі ў першы ці другі дзень пасьля арышту да мяне прыйшоў нейкі апэратыўнік і завёў звычайную гутарку: вось вы сядзеце на 15 гадоў, а калі выйдзеце, ваш сын ужо бандытам будзе. Але гэтыя словы на мяне не маглі ўзьдзейнічаць, таму што я кніжкі чытала. У мяне было іншае, што я перажывала, калі 29 сьнежня я даведалася, што па сына Даніка прыходзілі органы апекі, і больш я ня ведала нічога пра сытуацыю. Цягам месяца я ня ведала нічога, што там адбываецца. Ці яго забіраюць, ці ўжо забралі, ці, можа, ён з бабуляй і дзедам. Ніхто нічога мне не казаў. Я ня проста нэрвавалася. Мне было катастрафічна дрэнна".

"Як вы ўсё гэта пераадольвалі псыхалягічна? У сабе? Ці была патрэба выгаварыцца? Выплакацца?..".

Халіп: "Вы ведаеце, у нас у камэры сьлёз не было. Гэта такая, так бы мовіць, джэнтэльмэнская дамова. Бо калі заплача адна, за ёй заплачуць астатнія. Ланцуговая рэакцыя абсалютна ўва ўсіх жанчын. Мы гэтага сабе не дазвалялі, але падтрымлівалі адна адну як маглі. Падтрымка ў камэры была вельмі моцная. Усе жанчыны, ува ўсіх свая бяда, свае сем’і. Ведаеце, да ўсяго, я сядзела разам з Настай Палажанкай. Усё ж такі гэта было лягчэй. Таму што мы аднадумцы, мы знаёмыя, у нас ёсьць агульныя знаёмыя. Нам было што абмеркаваць".

"Вашыя ўражаньні ад іншых сукамэрніц? Якія яны інтэлектуальна? Як яны пераносілі сытуацыю? Наколькі яны моцныя духам або слабыя?".

Халіп: "Я вельмі радая, што пазнаёмілася зь імі. У адзін зь першых дзён, калі арыштоўвалі, арыштоўвалі, арыштоўвалі, а "амэрыканка" была перапоўненая, вось у той дзень усіх жанчын проста сабралі ў адной
Турма ўвайшла ў маё жыцьцё. Я буду і пісаць, і адсочваць гэтую тэму, уздымаць яе публічна, і патрабаваць, каб захоўваліся правы зьняволеных, таксама буду....

камэры. Я ведала ўсіх арыштантак "амэрыканкі". Нас было сямёра. Мы апынуліся ў 4-месцавай камэры, трэба было неяк разьмясьціцца на ноч, і я спала валетам з чыноўніцай Мінэканомікі, якая была арыштаваная за хабарніцтва. Наташа Радзіна спала валетам з бухгальтаркай. Па справе гэтай дзяўчыны сьледзтва вёў ДФР (Дэпартамэнт па фінансавых расьсьледаваньнях), але ў яго няма свайго ізалятара, а таму ДФР-скія і на "Валадарцы", і ў "амэрыканцы". Усіх маіх сукамэрніц абвінавачвалі ў эканамічных злачынствах. Гэта добра адукаваныя жанчыны, з высокім інтэлектам, пачуцьцём гумару. Магу сказаць, добрая кампанія".

"Гэтыя жанчыны рабілі ўражаньне злачынцаў? Карупцыянэрак?".

Халіп: "Не. Не падобныя гэтыя жанчыны да злачынцаў. Хоць ім вешаюць не адну толькі "эканоміку". На пачатку студзеня, калі зьявілася дырэктыва № 4, быццам бы аб лібэралізацыі прадпрымальніцтва, там было напісана, што тыя, каго абвінавачваюць паводле эканамічных артыкулаў, не павінны ўтрымлівацца ў турмах да суду. Я ўзрадавалася і сказала: "Дзяўчаты, вас мусяць зараз усіх выпусьціць".

Яны адказалі: "Чакай-чакай". Бо амаль усім, хто абвінавачваецца па эканамічных артыкулах, ім яшчэ вешаюць адзін артыкул 209 Крымінальнага кодэксу — махлярства. І з гэтым артыкулам ты ня можаш заставацца абвінавачаным выключна ў эканамічнай справе.

Дарэчы, бухгальтара Ніну я сустрэла ня так даўно ля будынка КДБ. Я забірала там свае грошы, а Ніна — свае рэчы. Ёй далі "хімію", яна трапіла пад амністыю, мы абдымаліся, цалаваліся, бо шчыра былі радыя адна адну пабачыць. Чыноўніца зь Мінэканомікі атрымала 6 гадоў. Яшчэ ў адной сукамэрніцы-"эканамісткі", зь якой мы вельмі пасябравалі, цяпер ідзе суд. Я перажываю за ўсіх за іх. Бо стварылася нейкая еднасьць, блізкасьць. Мы ўсе розныя, але ўва ўсіх нас адны праблемы".

"Ірына, цяпер вы пішаце пра жанчыну ў турме. Вы неяк зьбіраецеся адсочваць гэтую тэму надалей? Ці проста хочацца адпісацца, забыцца і як журналістцы заняцца іншымі праблемамі, ня меней важнымі?".

Халіп: "Не, Алена, з турмой я ўжо не разьвітаюся (сьмяецца). І адпісвацца я буду. Бо па-журналісцку гэта вельмі цікавая тэма. Здаецца, з часоў Яўгеніі Гінзбург не было нейкіх апісаньняў побыту жаночага ў турэмных камэрах. Мужчыны любяць пра гэта пісаць. Жанчыны чамусьці маўчаць. Я пісаць, вядома ж, буду, і адсочваць буду. Выкарыстоўваць нейкія магчымасьці ўздымаць гэтую тэму публічна. І патрабаваць, каб захоўваліся правы зьняволеных, вядома ж, буду. Турма ўвайшла ў маё жыцьцё. Думаю, што і мой муж Андрэй Саньнікаў пасьля вызваленьня таксама ня будзе ўбаку ад гэтай тэмы як палітык. Бо гэтая сыстэма патрабуе абавязковага рэфармаваньня. Правы арыштаваных ніхто не абараняе. Могуць быць толькі аднаразовыя скаргі на ўмовы ўтрыманьня. І з гэтым трэба змагацца на высокіх узроўнях".


Турмы ў Беларусі. Зона ў Навасадах
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG