Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіля Парфянкова пакаралі 4 гадамі строгага рэжыму

абноўлена

У Фрунзэнскім судзе Менску закончыўся працэс над Васілём Парфянковым, якога аьвінавацілі ва ўдзеле ў масавых непарадках на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Судовы працэс быў адкрытым.




Андрэй Дзьмітрыеў: «Гэта палітычны прысуд»

Вырак Васілю Парфянкову камэнтуе іншы абвінавачаны за Плошчу, кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў.

Паўлюк Быкоўскі: «Асобу Парфянкова абралі для стварэньня прапагандысцкай кампаніі»

Нямецкія зялёныя: «Палітычныя працэсы ў Беларусі — ганьба для Эўропы»

«Дыктатура Лукашэнкі — ганьба для Эўропы 21-га стагодзьдзя і яе дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэты рэжым ня можа быць партнэрам для Нямеччыны і ЭЗ».

17.45 Васіля Парфянкова пакаралі 4 гадамі строгага рэжыму. Таксама ён павінен кампэнсаваць страты ў памеры 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Нібыта пашкоджаны будынак, вадасьцёкавыя трубы, шкло і зеляніна. У гэтую суму ўваходзяць таксама 700 тысяч рублёў дзяржаўных судовых пошлін.

Адвакат сказаў, што аспрэчыць прысуд і што для гэтага ёсьць шмат падставаў.

Адвакат пра прысуд Парфянкову
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:59 0:00
Наўпроставы лінк


Суд не знайшоў доказаў таго, што Парфянкоў аказваў збройнае супраціўленьне міліцыі. Таксама судзьдзя залічыла нязьнятую судзімасьць і не знайшла зьмякчальных абставінаў.

Парфянкова вывелі з суду пад канвоем і павезьлі ў суправаджэньні ДАІ.

Маці Парфянкова Валянціна пасьля абвяшчэньня прысуду

17.30 Запускаюць у залю суду для абвяшчэньня прысуду

Гулак: Доказная база вельмі слабенькая

Чаму так хутка разгледзелі ў судзе справу Васіля Парфянкова? Старшыня БХК Алег Гулак мяркуе: разгледзелі так хутка, бо няма ніякіх доказаў.

Стэфановіч: Парфянкова трэба цяпер вызваляць з залі суду

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: «Няма доказаў яго віны, таго, што яму інкрымінуюць. Дзе падпалы, дзе збройны супраціў супрацоўнікам міліцыі і гэтак далей? Ніводнага кадра, дзе ён топча ядловец і б’е шкло, няма. Ударыў рукой нейкія драўляныя штукі. І ўсё.Тут максымум на адміністратыўнае парушэньне цягне: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Таму я ня ведаю, пра якія 6 гадоў тут можна гаварыць. Яго трэба цяпер вызваляць з залі суду».

15.53 Чакаецца, што ў 17.30 будзе вынесены прысуд.

У сваім апошнім слове Парфянкоў папрасіў суд не караць яго сурова. Ён кажа, што не рабіў злачынства, а паддаўся настрою, некалькі разоў ударыў па агароджах і не нанёс шкоды.

Васілёва маці Валянціна сказала, што яе сына зрабілі казлом адпушчэньня, падставілі. Але яна кажа, што не асуджае сына, бо ён выказваў сваю пазыцыю.

15.47
Паводле адваката, Парфянкоў парушыў парадак, але не ўчыняў злачынства. Ён лічыць неабходным апраўдаць Парфянкова.

15.42
Адвакат лічыць, што няма доказаў таго, што ламы і арматуру прынесьлі грамадзяне.

15.37
Адвакат кажа, што ў справе няма заклікаў усё граміць і доказаў таго, што Парфянкоў нешта разбурыў.

15.26
Адвакат у сваім выступе кажа, што Парфянкоў быў неабыякавы да падзей у краіне.

15.20
Пракурор лічыць словы Парфянкова хлусьнёй і просіць даць яму 6 год.

15.18
У суд прыйшла маці Парфянкова.

15.15
Пачаліся спрэчкі. Выступае пракурор.

15.10
Увесь час у будынку суду дзяжураць камэры БТ. Назіральнікі не выключаюць, што прысуд можа быць вынесены сёньня.

15.00
Дапытаны сьведка Павал Яловік, валянтэр штабу Ўладзімера Някляева. Паводле сьледзтва, ён даваў грошы, газэты і друкаваныя матэрыялы, у якіх былі заклікі да забурэньняў. Яловік сказаў што не даваў. Зараз у судзе абвешчаны 10-хвілінны перапынак, падчас якога будуць вывучаць прыватную перапіску абвінавачанага. Ён слаў розныя смс-кі. Але паколькі гэтая перапіска прыватная, ён запатрабаваў, каб яны разглядаліся закрыта.

14.40
У залю суду зайшоў сьведка, якога ў першай палове дня не дапыталі, бо ён забыўся пашпарт.


Алесь Бяляцкі
Бяляцкі: прысуд вызначаць у адміністрацыі прэзыдэнта

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які прысутнічаў у залі суду, адзначыў, што працэс ідзе з захаваньнем усіх фармальнасьцяў, судзьдзя дае магчымасьць гаварыць як адвакату, так і абвінавачанаму.



14.10
Суд аднавіў працу пасьля перапынку

13.10 Абвешчаны гадзінны перапынак



Людміла Гразнова
Праваабаронца Людміла Гразнова ня трапіла ў залю суду. Яна застаецца ў будынку суду, чакае перапынку.

"Гэты суд - толькі пачатак. І па тым, як ён пройдзе, па гэтым узоры адбудуцца і іншыя суды. Таму гэта такі сымптаматычны суд, і ў мяне няма нейкіх аптымістычных надзеяў".



12.46
Пачалі прагляд аператыўнага відэа з падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

12.44 Сьведка Юры Фабішэўскі сказаў, што не плаціў Парфянкову грошы за подпісы за Ўладзімера Някляева.

12.20 Чалавек, які выйшаў з памяшканьня суду, сказаў, што Парфянкоў прызнаў віну часткова, а таксама — што браў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі, зьбіраў подпісы і атрымліваў грошы. Але на плошчы быў з-за свайго грамадзянскага абвязку. Таксама Парфянкоў адмаўляе, што біў шкло ў будынку.



Алег Гулак
Старшыня БХК Алег Гулак, які ня трапіў у залю суду, сказаў, што пакуль цяжка сказаць, чаму менавіта Парфянковым адкрыўся працэс над удзельнікамі акцыі 19 сьнежня.

"Інфармацыя вельмі закрытая. З Парфянковым было яшчэ складаней, бо сваякі асабліва не кантактавалі і таму інфармацыі па яго справе вельмі мала. Але калі зыходзіць з агульнай лёгікі, то ў сытуацыі зь ім удалося хутчэй усё даказаць, таму цяпер і адкрыты працэс. Будуць цяпер імкнуцца пацьвердзіць тыя высновы, якія дагэтуль мусіраваліся ў дзяржаўнай прэсе і па тэлебачаньні. Пабачым. Нешта можна будзе казаць пасьля першага дня, калі гэта будзе не апошні дзень".



Віталь Рымашэўскі
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі ня змог трапіць у залю суду.

Рымашэўскі лічыць: паколькі артыкул, па якім абвінавачваюць Парфянкова, ня зьменены, то, значыць, "улада пакуль не ўзяла курс на разумнае выйсьце з гэтай сытуацыі, у якую яна трапіла". Рымашэўскі лічыць, што паглыбленьне такіх працэсаў прывядзе ўладу да эўрапейскай ізаляцыі.

"Лічу, што інкрымінаваны артыкул нерэальны, яго інкрымінаваць проста не выпадае нікому. Безумоўна, трэба быць на судзе, пачуць аргумэнты, якія яны высоўваюць, таму я і хацеў на гэты працэс патрапіць. Каб неяк маральна падтрымаць і проста ўбачыць, так бы мовіць, сабраную базу доказаў. Ці ёсьць яна наогул? Я скептычна стаўлюся, што доказы наогул могуць быць па гэтым артыкуле".



12.03 Лёзунгі, якія Парфянкоў чуў падчас шэсьця — "Жыве Беларусь!" і "За новыя выбары без Лукашэнкі!"

11.56 Пракурор агучыў пратакол агляду месца здарэньня: там знайшлі пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі, каньяку і колы.

11.45
Парфянкоў пацьвердзіў, што ні ў кога з дэманстрантаў ня бачыў зброі ці нейкіх палак.

11.30 Парфянкоў пацьвердзіў, што Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч заклікалі ня біць вокны і дзьверы, а супакоіцца.

11.20
Паводле пракурора, Парфянкоў 61 раз біў у дзьверы. Парфянкоў сказаў, што проста паддаўся "стаднаму інстынкту", але ніхто біць не заклікаў.


Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча не пусьцілі ў залю суду з-за адсутнасьці месцаў.

Валянцін Стэфановіч
"Ну, і гэта адвечная праблема нашых судоў, што залі малыя і туды ня ўсе жадаючыя могуць прайсьці. Цікава, што гэты працэс адкрыты, бо была раней інфармацыя, што расейцаў будуць судзіць ў закрытым працэсе. Нейкія нелягічныя дзеяньні. Калі па адной справе ўсе праходзяць, то што за дыфэрэнцыраваны падыход? У адным выпадку адкрыты, у другім закрыты. Альбо яны арыентуюцца па тым, што чалавек казаў на папярэднім сьледзтве? Калі чалавек віну прызнае і нейкія патрэбныя паказаньні даваў, то яны робяць адкрыты працэс. А дзе доказная база слабая, там закрыты. Хіба так?"

Паводле Стэфановчіа, у будынку шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Тут жа знаходзіцца некалькі сьведкаў, якіх выклікалі для допыту ў працэсе. Раней іх дапытвалі па справе.

Таксама не змайглі прайсьці ў залю суду старшыня БХК Алег Гулак, праваабаронца Людміла Гразнова і экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі.


10.50
Васіль Парфянкоў прызнаў віну часткова, што ўдзельнічаў у мітынгу, але ня біў шкла ў будынку.

10.20 Судзьдзя паведаміла, што агульныя страты, нанесеныя будынку Дому ўраду, склалі 14 мільёнаў 48 тысяч рублёў.

Працэс вядзе судзьдзя Вольга Комар.



У судзе сказалі, што фота- і відэаздымкі падчас працэсу весьці нельга.

Перад пачаткам працэсу ў залі, якая мае 40 месцаў, знаходзіцца шэраг міліцыянтаў у цывільным. Таксама ў залю пусьцілі некаторых праваабаронцаў і журналістаў. Васіля Парфянкова трымаюць у мэталёвай клетцы, яго ахоўваюць два міліцыянты.

Супрацоўнікамі міліцыі кіруе палкоўнік Яўсееў.


Васіль Парфянкоў
Васіль Парфянкоў
Адзін з 42 абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году.

Яго абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Парфянкову пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Парфянкоў быў актывістам выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Яго затрымалі 4 студзеня ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкаму.

Імя Парфянкова згадвалася ў артыкуле "За кулісамі адной змовы", які друкавала газэта "Советская Белоруссия". Там гаварылася, што Парфянкоў з 2001 па 2005 гады быў сябрам арганізацый "Зубр" і "Малады фронт". З кастрычніка 2004 па студзень 2005 году браў удзел у перадвыбарчай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Юшчанкі, нібыта ўдзельнічаў у захопе штабу Віктара Януковіча сумесна зь сябрамі УНА-УНСО, зь якімі падтрымлівае таварыскія адносіны. "Непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, ажыцьцяўляў штурм адміністрацыйнага будынка — Дома ўраду, разьбіваў шкло, дзьверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў з выкарыстаньнем бытавых прадметаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеяньняў", — сьцьвярджалася ў публікацыі "СБ".

На пачатку 2000-х гадоў Васіль Парфянкоў браў удзел у абароне мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапацкім лесе.
Соўсь Ганна
БЛОГ. Ганна Соўсь
Абаронцу Курапатаў першым судзяць за Плошчу

Пабачыўшы гэтае імя ў сьпісе фігурантаў справы аб масавых непарадках 19 сьнежня, я адразу згадала васьмімесячную вахту памяці ў Курапатах, месцы згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у 2001-2002 гадах.



Справа "Плошча-2010"
Паводле праваабарончага цэнтру "Вясна", абвінавачаньні па справе аб масавых беспарадках, якая заведзена пасьля правядзеньня акцыі пратэсту 19 сьнежня супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, прад'яўленыя 42 грамадзянам, у тым ліку 5 былым кандыдатам у прэзыдэнты – Алесю Міхалевічу, Уладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Андрэю Саньнікаву, Міколе Статкевічу. Зь іх 32 утрымліваюцца пад вартай, 2 — пад хатнім арыштам і пад аховай, 8 знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Яшчэ 12 маюць статус падазраваных, зь іх 2 знаходзяцца па-за межамі краіны. Колькасьць падазраваных і абвінавачаных павялічваецца.

Артыкул 293 "Масавыя беспарадкі"

1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады,

караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

2. Удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні дзеяньняў, названых у частцы першай, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG