Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ паспрабуе вярнуць свой офіс у Менск


Парлямэнцкая асамблея АБСЭ на зімовай сэсіі 24-25 лютага ў Вене абмяркуе сытуацыю з закрыцьцём офісу АБСЭ ў Менску. Аб гэтым паведамілі агенцтву БелаПАН у прэсавай службе арганізацыі.

Пытаньне аб закрыцьці офісу АБСЭ ў Менску будзе разглядацца на пасяджэньні камітэту ў справах дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаньняў. Чакаецца, што ў абмеркаваньні возьмуць удзел кіраўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Янэз Лянарчыч і прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч.

31 сьнежня прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Аляксандр Сычоў праінфармаваў сяброў сталай Рады АБСЭ аб рашэньні Беларусі закрыць офіс АБСЭ ў Менску.

Свае дзеяньні беларускі бок матываваў "адсутнасьцю аб'ектыўных падстаў для захаваньня місіі АБСЭ ў Беларусі". Пры гэтым у Менску заявілі пра гатовасьць працягваць узаемадзеяньне з інстытутамі АБСЭ па ўсіх напрамках дзейнасьці арганізацыі.

Краіны Захаду заклікалі беларускія ўлады перагледзець рашэньне аб закрыцьці офісу АБСЭ. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан і дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан выступілі з супольнай заявай, у якой было адзначана, што “як паказвае крытычная ацэнка АБСЭ праведзеных прэзыдэнцкіх выбараў, выкананьне мандату місіі не завершанае. Выбары і іх наступствы, у прыватнасьці, утрыманьне пад вартай кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама новыя затрыманьні і ператрусы ў СМІ, зьяўляюцца крокам назад у разьвіцьці дэмакратычнага кіраваньня ў Беларусі ".

Місія АБСЭ працавала ў Беларусі ад 1998 году. Рашэньне закрыць офіс аналітыкі зьвязваюць з тым, што назіральнікі ад АБСЭ прызналі прэзыдэнцкія выбары 2010 году ў Беларусі неадпаведнымі стандартам АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG