Галоўная пракуратура Стамбула прад’явіла абвінавачаньні пяцярым меркаваным чальцам групоўкі «Ісламская дзяржава», якія, паводле вэрсіі сьледзтва, маюць дачыненьне да нападу на падмаскоўную канцэртную залю «Крокус Сіці Хол» 22 сакавіка. Тады загінулі 145 чалавек, меркаваных нападнікаў затрымалі, паведамляе агенцтва Anadolu.
Гафізджон Усмонаў, Мутэулло Асоеў, Рахматулло Салікаў, Мухамадрахім Файзаў і Гамза Мухамэд, паводле вэрсіі сьледзтва, падтрымлівалі сувязь з нападнікамі на «Крокус». Адзін зь іх, як сьцьвярджае турэцкая пракуратура, прапаноўваў закласьці бомбу ў гандлёвым цэнтры па суседзтве, паведамляе
Абвінавачаных будуць судзіць за сяброўства ў тэрарыстычнай арганізацыі — улады многіх краін, уключаючы Турэччыну, прызналі «Ісламскую дзяржаву» тэрарыстычнай арганізацыяй. Абвінавачаным пагражае ад 7,5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Пра аднаго зь іх, Мухамадрахіма Файзава, вядома, што ён грамадзянін Таджыкістану. Гафізджон Усмонаў, як сьцьвярджаецца, жыў на кансьпіратыўнай кватэры «Ісламскай дзяржавы» разам з адным з абвінавачаных у нападзе на «Крокус» Шамсідзінам Фарыдуні.
Мутэулло Асоеў, як сьцьвярджаецца, прапаноўваў са свайго тэлефона арганізаваць выбух у гандлёвым цэнтры «Вэгас» у Маскве і прапаноўваў патэнцыйнаму выканаўцу тэракту дастаўку да беларускай мяжы, часовае жыльлё ў Беларусі і новыя дакумэнты. Пра які з гандлёвых цэнтраў з такой назвай ідзе гаворка, у матэрыяле Anadolu не ўдакладняецца: адзін з «Вэгасаў» знаходзіцца ў адным комплексе будынкаў з «Крокус Сіці Холам» і быў эвакуаваны падчас нападу.
Пазыцыі абвінавачаных па справе невядомыя.
- Тэракт у маскоўскім гандлёвым цэнтры «Крокус Сіці Хол» адбыўся 22 сакавіка 2024 году. Ахвярамі тэракту сталі больш за 140 чалавек. Частку загінулых нападнікі расстралялі, большасьць загінулі падчас пажару, у тым ліку задыхнуўшыся прадуктамі гарэньня. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе афганская ячэйка групоўкі «Ісламская дзяржава» «Вілаят Хорасан».
- У Расеі ў гэтай справе затрымалі больш за 20 чалавек, паведамляла ФСБ. Выканаўцам і іх меркаваным саўдзельнікам прад’явілі абвінавачаньні ў тэрарызьме.
- Пасьля нападу ў сакавіку і затрыманьня грамадзян краін Цэнтральнай Азіі па абвінавачаньні ў датычнасьці да тэракту, у Расеі пачалася кампанія супраць мігрантаў, якая ў тым ліку прывяла да ўзмацненьня жорсткасьці працоўнага і міграцыйнага заканадаўства.
Форум