Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск заклікаюць захаваць Офіс АБСЭ


Старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Пэтрас Эфтымію заклікаў беларускія ўлады перагледзець рашэньне аб закрыцьці Офіса АБСЭ ў Менску.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла прэс-служба Асамблеі.

"Праца гэтага офіса зараз важная як ніколі раней. Яго галоўная задача — садзейнічаньне канструктыўнаму дыялёгу паміж Беларусьсю і АБСЭ. Таму нельга дапусьціць яго закрыцьця, і мы будзем змагацца да канца", — сказаў Эфтымію.

Ён адзначыў, што выбары, затрыманьні экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, простых грамадзян і ціск на СМІ "сталі крокам назад у разьвіцьці дэмакратычнага дзяржаўнага ладу Беларусі".

"Мы гатовыя спрыяць намаганьням літоўскага старшынства ў АБСЭ, каб стымуляваць канструктыўны палітычны дыялёг з урадам Беларусі і садзейнічаць аднаўленьню працы офіса АБСЭ ў Менску", — падкрэсьліў Эфтымію.

Пра рашэньне закрыць офіс АБСЭ ў Менску прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Аляксандар Сычоў праінфармаваў сябраў Сталай рады АБСЭ 31 сьнежня. Свае дзеяньні беларускі бок матываваў "адсутнасьцю аб'ектыўных падстаў для захаваньня місіі АБСЭ ў Беларусі".

Краіны Захаду заклікалі беларускія ўлады перагледзець рашэньне аб закрыцьці офіса АБСЭ. Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан і дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан выступілі з гэтай нагоды з сумеснай заявай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG