Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьвіна, згаданая Гамэрам


Больш за тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Спадар Уладзімер, нядаўна Вы адказвалі на пытаньне пра нашых дахрысьціянскіх багоў. А ці існавала ў продкаў разьвітая міталёгія накшталт антычнай?

Спадар Васіль


Напачатку зазначу, што антычная міталёгія ў дачыненьні да беларускай ня ёсьць нечым бясконца далёкім і чужым. На нашыя землі самахоць ці з волі злога лёсу завітвалі старажытнагрэцкія і рымскія героі, тут разыгрываліся драмы і трагедыі, вартыя пёраў Эсхіла і Сафокла.

Вы памятаеце міт пра Фаэтона?

Юнак-прыгажун на дзянёк выпрасіў у бацькі, бога сонца Геліёса, ягоную калясьніцу. Ну захацелася хлопцу шыкануць, як цяпер нехта ганяе на бацькавым «мэрсе». Геліёс пагадзіўся зь неахвотаю, і змрочныя прадчуваньні не падманулі. Вогненная запрэжка, адчуўшы няўпэўненую руку, панеслася, не разьбіраючы дарогі, — то ўзьлятаючы высока ў неба, то неміласэрна палячы агнём зямлю. Раззлаваны Зэўс шпурнуў у Фаэтона сваю маланку, і небарака грымнуўся ў далёкую ад роднага Алімпу раку Эрыдан. Сёстры, што прыйшлі на ягоную магілу, застылі дрэвамі. Іхнія сьлёзы падалі ў рачныя хвалі і ператвараліся ў бурштын, а плынь несла іх, як пісаў Авідзій, па залатым пяску да мора, каб урэшце зрабіць аздобамі для рымскіх красуняў.

Вы запытаецеся, чаму я ні з пушчы, ні з поля ўспомніў міт пра Фаэтона. Ды таму што Эрыдан (які, між іншым, узгадвалі і Гамэр, і ягоны вучань Гесіёд, і аўтар паэмы «Арганаўтыка» Апалон Радоскі) — гэта, на думку шмат каго з вучоных, нашая Дзьвіна. Не забудзьцеся, калі будзеце даваць у яе нырца.

Багі продкаў, як і іхнія антычныя калегі, былі паміж сабою ў разгалінаваным сваяцтве і складаных стасунках. У браты Перуну лёс паслаў жорсткага бога холаду Зюзю. Жонкаю Перуна стала спагадлівая багіня жыцьця і лета Жыва, якую яшчэ называлі па мужу Грамавіцаю. Калі Зюзя зусім замучыў людзей маразамі, Грамавіца сышла на зямлю, каб нарадзіць бога сонца Хорса. Выведка данесла Зюзю пра ейныя намеры. Той — каб не дапусьціць зьяўленьня супраціўніка на сьвет — перакінуўся ў мядзьведзя і разам зь перамененымі ў ваўкоў злымі духамі — завеямі пачаў ганяцца за Грамавіцаю. Ратуючыся, яна ператварылася ў белую козачку і, схаваўшыся ў хмызьняках, нарадзіла Хорса-Дажбога, які хутка падрос і разабраўся зь Зюзем. Менавіта таму беларускія калядоўшчыкі і водзяць з сабою Казу.

Гэты міт падае ў сваім грунтоўным і дасьціпным нарысе «Дахрысьціянская вера нашых продкаў» вядомы рэлігійны дзеяч і гісторык айцец Леў Гарошка. На ягоных старонках, апрача ўжо вядомых нам, дзейнічаюць такія калярытныя і ўплывовыя багі, як, напрыклад, Кон, што вызначаў долю і простаму чалавеку, і самім багам. Альбо бог хваробаў Яшчар зь ягонымі прыяцелькамі, злымі духамі ночы начніцамі, што перадалі сваё імя аднаму зь відаў кажаноў. Альбо магільны дух Копша, пра якога прыказка кажа:"З грашыма і Копшу дагодзіш«…

А цяпер хацелася б зірнуць на праблему зь іншага боку.

Кожны народ мае ці, прынамсі, мусіць мець уласны нацыянальны міт. Маецца на ўвазе не набор прыгожых казачак і легендаў, а выразнае ўяўленьне пра сваю гісторыю. Гэты міт (адрозна ад гістарычнай навукі, у якой свае задачы) дае простыя адказы на кардынальныя пытаньні мінулага і аб’ядноўвае нацыю на шляху ў будучыню. Якраз такога міту нам дагэтуль востра не стае.

Прыкладаў колькі заўгодна. Спытайце ў літоўца, чыёй дзяржаваю было Вялікае Княства Літоўскае, і абавязкова даведаецеся, што літоўскай. Задайце гэтае ж пытаньне беларусу, і вы часта пачуеце той самы адказ: літоўскай.
Улада намагаецца стварыць свой міт. Ды нацыянальныя міты ўсё ж твораць ня ўлады, а народы.

Нейкае беларускае тэледзяўчо чырыкае па-расейску зь Вільні для суайчыньнікаў: маўляў, сёньня Літва адзначае дзяржаўнае сьвята, бо ў гэты дзень калісьці адбылася каранацыя вялікага князя Міндаўгаса. Дзяўчо нават ведае, дзе ён атрымаў каралеўскую карону — у горадзе Наўгардукасе. Цікава, ці патлумачыў ёй хто-небудзь хоць потым, што Наўгардукас — гэта наш Наваградак, першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага.

Мы павінны ясна ўсьведамляць, што нашай дзяржаўнасьці і культуры больш за тысячу гадоў. Што да канца ХVІІІ стагодзьдзя наша зямля зьяўлялася часткаю агульнаэўрапейскай цывілізацыі. Што прыход расейцаў быў акупацыяй. Што 25 сакавіка 1918 году мы зноў сталі народам дзяржаўным, гэтым разам пад ужо цяперашнім імем…

Гістарычная сьвядомасьць — магутная стваральная сіла. Сёньняшнюю ўладу гэта палохае. Улада, відаць, хацела б, каб айчынная гісторыя ў мазгах беларуса пачыналася ад «лініі Сталіна». Альбо ад тых часоў, калі піва каштавала 37 капеек. А найлепей — наогул ад 1994 году, калі над занядбанай роднай старонкаю ўзышло сонца новага сьветлага жыцьця.

Улада намагаецца стварыць свой міт. Ды нацыянальныя міты ўсё ж твораць ня ўлады, а народы. Вядома, што нейкі час можна падманваць усіх, увесь час можна падманваць некаторых, але немагчыма ўвесь час падманваць усіх.

Будзьма самі ствараць свае міты!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG