Выбачайце за нечаканае і крыху правакацыйнае пытаньне.Скажыце, калі ласка, ці даводзілася Вам калі-небудзь паліць кнігі?
Існуе такая гістарычная показка. Шэф расейскага Корпусу жандараў і ІІІ аддзяленьня граф Бэнкендорф , адпраўляючы падначаленага ў замежную камадзіроўку ў Нямеччыну, кажа: «Будзеш у Майнцы — плюнь на помнік Гутэнбэргу. Усе няшчасьці на сьвеце — ад ягонае вынаходкі».
Змагары з кніжнай крамолаю, як мы ведаем, ня толькі плявалі на помнікі, але і выкарыстоўвалі сродкі больш радыкальныя.
На загад князя Васіля ІІІ у Маскве расклалі вогнішча з кнігаў Францішка Скарыны, які прыехаў да ўсходніх суседзяў з прапановаю наладзіць кнігадрукаваньне. Добра, што на знак удзячнасьці не спалілі самога.
У тагачаснай Заходняй Эўропе гарадзкія пляцы таксама ня раз асьвятляла полымя, што ненажэрна глытала кнігі асуджаных інквізыцыяй ерэтыкоў. Дарэчы, на нашых землях, у талерантным Вялікім Княстве Літоўскім, інквізыцыя, уведзеная ў 1436 годзе для барацьбы з гусіцкай «ерасьсю» здолела праіснаваць усяго 43 гады.
Кнігі загадваў паліць зацяты змагар з вуніяцкай вераю беларусаў біскуп-рэнэгат Іосіф Сямашка, што цалкам перакінуўся на службу цару і «адзіна ісьціннаму» маскоўскаму праваслаўю. У 1852 годзе ён, тады ўжо мітрапаліт літоўскі і віленскі, асабіста назіраў, як гараць 1295 небясьпечных для «государя и Отечества» кніг, знойдзеных у былых грэка-каталіцкіх храмах.
Як заўважыў славуты польскі афарыст Станіслаў Ежы Лец, «ніхто зь людзей ХІХ стагодзьдзя і ўявіць ня мог, што ўсьлед за ім надыдзе ХХ-е».
П’яны ня толькі ад радасьці, што прынёс беларусам свабоду, «вызваліцель» насадзіў кнігу на штых: «Вось табе меч!» А адправіўшы раман у полымя, задаволена дадаў: «А вось табе огнь!»
Не паддаецца ўліку колькасьць кніг, спаленых нацыстамі і камуністамі. Вядома, што ў 1937 годзе ў двары менскай турмы НКВД некалькі дзён шугала велізарнае вогнішча, у якім загінулі дзясяткі тысяч сканфіскаваных тамоў і рукапісаў.
Наш сьветлай памяці выдавец, перакладчык і грамадзкі дзеяч Міхал Дубянецкі апавядаў, як падлеткам у верасьні 1939-га з жахам назіраў, што выраблялі з кнігамі на школьным падворку савецкія «вызваліцелі» Заходняй Беларусі. У агонь паляцелі ўсе кнігі школьнай бібліятэкі, якім не пашчасьціла быць надрукаванымі па-расейску. Асаблівую экзэкуцыю заслужыў раман Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом».
П’яны ня толькі ад радасьці, што прынёс беларусам свабоду, «вызваліцель» насадзіў кнігу на штых: «Вось табе меч!» А адправіўшы раман у полымя, задаволена дадаў: «А вось табе огнь!»
Ня ведаю, ганарыцца мне з гэтае прычыны, ці засмучацца, але напісаныя мною кнігі таксама палілі. Колішні прыяцель-літаратар (пару ягоных апавяданьняў я нават перакладаў з расейскай), разышоўшыся са мною ў палітычных поглядах, пры сьведках спаліў дзясятак кніжак Арлова каля сьмецьцевага кантэйнэру. Нянавісьць — ня самае стваральнае ды пэрспэктыўнае пачуцьцё. Гэты чалавек зьехаў у Расею і, па чутках, ужо даўно нічога ня піша. Зарабляе сабе на жыцьцё выключна дзякуючы шматлікім тамтэйшым выбарам. Пасквілі на кандыдатаў у што-небудзь расейскае нядрэнна купляюць іхнія канкурэнты.
Надышоў час прызнацца, што ў вусьцішны разрад спапяляльнікаў кніг ледзь не патрапіў і я сам. Ішла мая другая школьная восень. Хрушчоў выступаў з дакладам на ХХІІ зьезьдзе партыі, якая ў краіне была адна, і казаў пра злачынныя справы Сталіна. Я слухаў радыё разам з матуляй і ня мог зразумець, чаму яна гэтак хвалюецца. Толькі празь пяць гадоў мама пакажа мне даведку пра пасьмяротную рэабілітацыю свайго бацькі, а майго дзеда Максіма, расстралянага ў 1932-м.
А тады я зь сябрамі вырашыў адпомсьціць Сталіну за невядомага нам таварыша Кірава, пра якога часта размаўлялі дарослыя. Мы распалілі ў садзе вогнішча. Я прынёс з мамінай настаўніцкай этажэркі стары «Буквар» з партрэтам Іосіфа Вісарыёнавіча. Ды ў апошні момант нешта спыніла нас, і агонь мусіў задаволіцца ня кніжкай, а толькі выдраным адтуль партрэтам.
Успомніўшы гэтую гісторыю, я падумаў, што ў ёй ёсьць штосьці сымбалічнае. Той, хто загадвае паліць кнігі, мусіць быць гатовы да спаленьня ўласных партрэтаў.
- Пакуль ляціць страла
- Чым запомнілася гэтае лета?
- Пра 1-га верасьня
- Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?
- Ці знаходзіцца ў Вашым жыцьці месца футболу?
- Гісторыя забаўляе, выпрабоўвае, помсьціць…
- Куплю сабе выспу. Маленькую
- Ножка першай каханай
- Пётар І ніколі ня быў нашым манархам
- Героі маіх анэкдотаў
- Што, калі заўтра – канец сьвету?
- Ці быў на рыцарскіх турнірах допінг-кантроль?
- Дзікае Поле нашай падсьвядомасьці
- Маё Люхава
- Як цэнзура адрэзала органы
- Cьпісваць — нядобра
- “Саюзная дамова” караля Станіслава Аўгуста
- Мае сустрэчы з прэзыдэнтамі
- Калі чытач ня мае рацыі
- Ці варта піць сёмую чарку?
- Як я граў на балалайцы бяз струнаў
- Як Шчукін “заціснуў” скрыню каньяку