У адным з інтэрвію Вы казалі, што Вас прываблівае асоба апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пэўна ж, ведаеце, што да гэтага пэрсанажа нашай агульнай з палякамі й літоўцамі гісторыі і першыя, і другія ставяцца досыць нэгатыўна. Нічога добрага не зрабіў Панятоўскі і для Беларусі. Ён і пахаваны не на Вавелі ў Кракаве, як іншыя каралі, а ў Варшаве.Чым жа зацікавіў Вас гэты палітычны лузэр, які, выбачайце, прас…ў дзяржаву?
Будучы гісторык
Калі літаратар або гісторык кажа, што яго прыцягвае нейкі герой далёкага ці блізкага мінулага, гэта зусім не абавязкова азначае станоўчую ацэнку асобы. Натхніць на мастацкае альбо навуковае дасьледаваньне могуць і героі безумоўна адмоўныя, што пакінулі страшны сьлед у гісторыі цэлага чалавецтва. Мы з вамі ведаем, колькі разоў пісьменьнікі і кінэматаграфісты, ня кажучы ўжо аб прафэсійных слугах Кліё, зьвярталіся, напрыклад, да жыцьцяў Гітлера і Сталіна.
Аднак нават аддаленае параўнаньне Панятоўскага з тыранамі і маньякамі, апанаванымі ідэяй усясьветнай ўлады, будзе абсалютна некарэктным. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі, апошні манарх радзімы нашых продкаў, Станіслаў Аўгуст для мяне — асоба перадусім трагічная і супярэчлівая. Ён быў закладнікам абставінаў, няўмольны вір якіх нязьменна спыняў ягоныя спробы кіравацца супроць плыні.
Вы, напэўна, ведаеце, што жыцьцёвы шлях Станіслава дзіўным чынам пераплёўся зь лёсам Кацярыны ІІ. Калі тая яшчэ не займала трону, а Панятоўскі быў паслом у Пецярбурзе, яны зрабіліся каханкамі. Абаіх натхняла, здаецца, сапраўднае пачуцьцё. Многія сучасьнікі не лічылі Кацярыну прыгожай, а вось Панятоўскі пакінуў у сваіх нататках такі яе партрэт, ад якога не адмовілася б любая красуня:"Яна брунэтка зь асьляпляльна белаю скурай. Бровы ў яе чорныя і вельмі доўгія, нос грэцкі, рот як быццам кліча да пацалунка, рост я назваў бы высокім, талія тонкая, лёгкая хада, мілагучны голас і вясёлы, як і характар, сьмех…" Малавядома тое, што будучая царыца, якая і дня не магла пражыць без свайго Стася, нарадзіла ад яго дзяўчынку, але дзіця неўзабаве памерла.
У 1764 годзе Кацярына, ужо імпэратрыца, зрабіла Станіслава каралём. Каб, крый божа, элекцыйны сойм Рэчы Паспалітай не памыліўся, у нашую дзяржаву былі ўведзеныя расейскія войскі. Як пісаў адзін з генералаў, «дабы придавать здешним жителям правильное направление мыслей».
Панятоўскі паспрабуе пазбыцца поўнай залежнасьці ад Расеі і распачне рэформы. Расея адкажа новай інтэрвэнцыяй, а потым навяжа каралю і сойму гэтак званы «вечны трактат», альбо, на сучасны капыл, «саюзную дамову». Калі патрыёты-незалежнікі стварылі Барскую канфэдэрацыю і ўзяліся за зброю, армія імпэратрыцы зноў перайшла мяжу.
Станіслаў Аўгуст спрабаваў пратэставаць, прасіў падтрымкі ў эўрапейскіх двароў, але аніводная дзяржава на дапамогу былому кацярынінскаму каханку не прыйшла.
Новая спроба рэформаў скончылася тым, што Панятоўскі мусіў прызнаць над сабой апеку расейскага пасла фон Штакельбэрга.
Але ня будзем забывацца і на тое, што кароль спрыяў дзейнасьці Адукацыйнай камісіі, якая была першым у Эўропе міністэрствам адукацыі. Ён пайшоў на пагадненьне з рэфарматарамі, дзейнасьць якіх дала дзяржаве першую у Эўропе і другую ў сьвеце пасьля ЗША Канстытуцыю 3 траўня 1791 году.
У заслугу Панятоўскаму трэба залічыць і абвяшчэньне вайны пашыранаму пры ягоных папярэдніках п’янству. Нельга сказаць, што змаганьне з Бахусам выклікала ўсеагульнае захапленьне падданых. Тагачасны паэт Ігнацы Красінскі зьвярнуўся да манарха з такімі словамі:
Ты адвучыў ліцьвінаў весяліцца…
А каб табе ні разу не напіцца!
А каб табе ні разу не напіцца!
Але, з другога боку, знаўца і відавочца той эпохі Лукаш Галембёўскі з ухвалаю пісаў:"За цьвярозым Станіславам Аўгустам у выніку лепшага выхаваньня, высакароднейшых прыкладаў і ўзьнёслых пачуцьцяў п’янства спыняецца." На жаль, гэта была адзіная выйграная каралём бітва.
Час для ратаваньня дзяржавы быў ужо незваротна страчаны. Праз год пасьля прыняцьця Канстытуцыі краіну акупавалі расейскія войскі. Яшчэ праз год адбыўся другі падзел дзяржавы, а пасьля задушэньня паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі — і трэці. У 1795-м гістарычны гадзіньнік Рэчы Паспалітай спыніўся. Як змрочна жартуе хтосьці ўва мне, інтэграцыйны працэс атрымаў лягічнае завяршэньне.
Ды ўстрымаемся ад аналёгіяў з сучаснасьцю, бо яны ўсё ж выглядаюць досыць прыблізнымі.
А вось адну красамоўную, пікантную і нават у нечым сымбалічную дэталь гэтай гісторыі згадаць варта. Пасьля адрачэньня Станіслава Аўгуста ад кароны на карысьць Кацярыны ІІ трон ужо былога манарха прывезьлі з Варшавы ў Пецярбург. Імпэратрыца распарадзілася набыткам надзвычай вынаходліва, загадаўшы прыстасаваць трон для сваіх штодзённых фізіялягічных патрэбаў. А калі без эўфэмізмаў — дык папросту ператварыла трон колішняга каханага ўва ўнітаз. На ім, дарэчы, Кацярыну неўзабаве і разьбіў паралюш.
Панятоўскі перажыў жанчыну, якую некалі назваў «уладаркаю свайго сэрца і лёсу» на паўтара гады. Рэшту дзён ён прабавіў у Пецярбурзе, дзе й пачынаў кар’еру. Без усялякіх урачыстасьцяў Станіслава Аўгуста пахавалі ў 1798 годзе ў касьцёле сьвятой Кацярыны на Неўскім праспэкце. У 1938-м прах быў перазахаваны на малой радзіме Панятоўскага — у Траецкім касьцёле мястэчка Воўчын, што паблізу Берасьця. Пасьля Другой сусьветнай вайны касьцёл абрабавалі — ці то савецкія памежнікі, ці то мясцовыя пралетарыі. Шукаючы золата, зладзеі растрыбушылі ўсю каралеўскую магілу. Тамтэйшыя жыхары апавядаюць, нібыта мясцовы каваль забраў сабе пазалочаную карону і любіў нападпітку танцаваць у ёй на вясковых вясельлях…
У 1989 годзе парэшткі нашага апошняга вялікага князя і караля перадалі Польшчы. Сярод удзельнікаў гэтага чыну зь беларускага боку быў тагачасны дацэнт фізычнага факультэту Гарадзенскага ўнівэрсытэту Аляксандар Мілінкевіч. Ужо зрабіўшыся вядомым палітыкам, ён выдаў пра тыя падзеі і пра самога Панятоўскага кніжку «Воўчынская гісторыя». Рэкамэндую пачытаць яе ня толькі будучым гісторыкам, але і цяперашнім палітычным дзеячам.
- Пакуль ляціць страла
- Чым запомнілася гэтае лета?
- Пра 1-га верасьня
- Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?
- Ці знаходзіцца ў Вашым жыцьці месца футболу?
- Гісторыя забаўляе, выпрабоўвае, помсьціць…
- Куплю сабе выспу. Маленькую
- Ножка першай каханай
- Пётар І ніколі ня быў нашым манархам
- Героі маіх анэкдотаў
- Што, калі заўтра – канец сьвету?
- Ці быў на рыцарскіх турнірах допінг-кантроль?
- Дзікае Поле нашай падсьвядомасьці
- Маё Люхава
- Як цэнзура адрэзала органы
- Cьпісваць — нядобра