Памятаю, як маці ўзімку, у моцныя маразы, палохала нас, малых з былой заходнебеларускай вёскі: «Не хадзіце на двор, Зюзя ўхопіць!» Значна пазьней я даведаўся, што Зюзя — гэта ня проста нейкі жахлівік, а старажытны бог холаду. А ці багатым быў , вобразна кажучы, Алімп нашых продкаў? Ці знойдуцца ў беларускім дахрысьціянскім пантэоне багі, аналягічныя, да прыкладу антычным Марсу, Афрадыце, Нэптуну ці Бахусу?
Антось Сланімскі, кандыдат эканамічных навук
Тэма Вашага пытаньня, спадар Антось, вартая не адной манаграфіі.
Продкі жылі ў сьвеце, вельмі шчыльна населеным багамі і бажкамі рознага кшалту.
Бог-бацька, валадар нябёсаў і ўсяго Сусьвету меў некалькі імёнаў-Сварог,Стрыбог, Сьвятавід, але найчасьцей яго мянавалі Родам.
Роду падпарадкоўваліся божышчы нябеснай сфэры, зямлі і падземнага сьвету. Багамі сонца лічыліся Дажбог, Ярыла, Хорс. У іхнім ведамстве знаходзіліся цяпло, урадлівасьць зямлі, дабрабыт… Богам ураджаю і дастатку быў Купала. Надзвычай шанавалі на старажытнабеларускіх землях Вялеса, адказнага за свойскую жывёлу. Аднак ён цікавіўся і мастацтвам, у прыватнасьці абрадавымі песьнямі і паэзіяй. Баян з «Слова пра паход Ігаравы» (незалежна ад таго, зьяўляецца гэты твор літаратурнай містыфікацыяй альбо не) невыпадкова названы Вялесавым унукам. Штогадовая прэмія нашага Таварыства вольных літаратараў таксама, дарэчы, завецца не як-небудзь, а -"Гліняны Вялес«.
Тым, хто зьбіраецца заглыбіцца ў праблему, магу параіць зазірнуць дзеля пачатку ў энцыкляпэдычны слоўнік «Беларуская міталёгія».
Ну а цяпер пашукаем сваіх родных багоў, адпаведных антычным алімпійцам, якіх назваў шаноўны эканаміст.
Найпрасьцей з Марсам. Вайсковымі справамі ў нас займаўся Пярун — волат зь сівымі або вогненна-рудымі кучарамі, што трымаў у руцэ лук і стрэлы-маланкі.
На ролю антычных Афрадыты-Вэнэры у нас пртэндуе багіня каханьня Лада. Побач зь ёю звычайна дзейнічала вясёлая спрытная троіца: апекуны закаханых Лель і Палель, а зь імі Любіч, заданьнем якога было давесьці маладых каханкаў да шлюбу. Цёплыя пачуцьці да згаданых багоў вякамі захоўваліся у нашых продкаў і пасьля прыняцьця хрысьціянства. Нават ў ХУІІ стагодзьдзі праваслаўныя багасловы з абурэньнем пісалі: «Шануюць старых бажкоў Леля і Палеля і агідныя Богу іхнія імёны крычаць на ігрышчах. Славяць на вясельлях і матку іх Ладу… І нячысьціка Купалу славяць, забыўшыся на імя Госпада нашага. І агонь раскладаюць на тым д’яблавым ігрышчы, і скачуць церазь яго…» Тое, што пачыналася потым, тагачасныя змагары за высокую маральнасьць называлі «отрокам — осквернение, девам — растление».
Больш складана выглядае справа з Нэптунам-Пасэйдонам. Адсутнасьць мора зьменшыла і маштаб божышча, адказнага за водную стыхію. У нас гэтая роля належыць Вадзяніку, якога называли яшчэ Вадзяным дзедам альбо Вірнікам. Затое Вадзянікоў у нас — процьма, у кожнага возера ці ракі — свой. Як вядома, толькі азёраў у Беларусі 11 тысяч. А рэкі, рэчкі, рачулкі… Уяўляеце гэтую армію вадзянікоў?
Варта дадаць, што жонкі вадзянікоў — русалкі вядуць даволі вольнае жыцьцё. Але таму, хто адважыцца на блізкае знаёмства з русалкаю, трэба мець на ўвазе, што Вадзянік — асоба рэўнівая, агрэсыўная і помсьлівая, асабліва на Купальле і на Ільлю.
Цяпер што датычыць адпаведнікаў Бахуса-Вакха. Быў у продкаў такі бажок — гарэза і рагатун Пераплут, які падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосьць. Аднак з-за яго плячэй вызіраў нячысьцік Апівень. Ён цягаўся па ўсіх бяседах, падпойваў застольнікаў і скідваў іх долу, ператвараючы, так бы мовіць, у падстольнікаў. Пабачыць Апіўня можна было толькі пад добрай чаркай, а перапіць нячысьціка ніхто ня мог.
Пару гадоў таму выйшла кніжка «Чароўны сьвет. Зь беларускіх мітаў, паданьняў і казак». Аформіў яе знакаміты мастак Валеры Славук, наш галоўны знаўца зьнешняга выгляду ўсіх паганскіх багоў і нячысьцікаў. (У мяне такое ўражаньне, што Валера безьліч разоў зь імі сустракаўся і наступнага разу можа завітаць да цябе на гасьціны ў кампаніі зь якім-небудзь Пахвістам ці Падвеем.) У аповедзе, прысьвечаным Апіўню, Славук, натуральна, намяляваў застоліцу. Але ня простую, а з сакрэтам. Чаркі падымаюць пэрсанажы, надзіва падобныя да некаторых беларускіх мастакоў і нават кіраўнікоў іхняга творчага саюзу. Трэба аддаць творцам належнае: ніхто зь іх паддавацца Апіўню (прынамсі, на малюнку) не зьбіраецца. А вось адгадаць, хто на ім ёсьць хто магу прапаваць слухачам у якасьці хатняга заданьня. Тым больш, што днямі ў кнігарнях зьявілася новае выданьне «Чароўнага сьвету».
Такім чынам, сядаючы за стол, выбірайце, хто будзе вашым апекуном — Пераплут ці Апівень. А таксама памятайце, што сёмую чарку нашыя продкі лічылі «богагнявіцельнай».
- Пакуль ляціць страла
- Чым запомнілася гэтае лета?
- Пра 1-га верасьня
- Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?
- Ці знаходзіцца ў Вашым жыцьці месца футболу?
- Гісторыя забаўляе, выпрабоўвае, помсьціць…
- Куплю сабе выспу. Маленькую
- Ножка першай каханай
- Пётар І ніколі ня быў нашым манархам
- Героі маіх анэкдотаў
- Што, калі заўтра – канец сьвету?
- Ці быў на рыцарскіх турнірах допінг-кантроль?
- Дзікае Поле нашай падсьвядомасьці
- Маё Люхава
- Як цэнзура адрэзала органы
- Cьпісваць — нядобра
- “Саюзная дамова” караля Станіслава Аўгуста
- Мае сустрэчы з прэзыдэнтамі
- Калі чытач ня мае рацыі