Ці сустракаліся Вы з прэзыдэнтам? Калі сустракаліся, то якія ўражаньні ў Вас захаваліся пра гэтага чалавека? Пра што Вы размаўлялі? Калі сядзелі за сталом, то што, выбачайце, пілі і елі?
Уявіце сабе, што з прэзыдэнтам я сустракаўся. І не аднойчы.
Але, калі Вы маеце на ўвазе Аляксандра Лукашэнку, то зь ім не размаўляў, ня піў і не закусваў. Хоць магчымасьць сустрэчы была. Тады, калі да яго хадзілі сябры Рады на той час яшчэ адзінага Саюзу пісьменьнікаў. Я быў сярод тых, хто ісьці адмовіўся, бо анічога ад таго нелюбоўнага спатканьня не чакаў. Мы, на жаль, не памыліліся. Аднак цяпер я шкадую, што не знаходзіўся сярод хадакоў. Варта было пайсьці, прынамсі, з прафэсійнай цікавасьці.
Пераключаючы гэтак званыя «нацыянальныя» тэлеканалы, можна падумаць, што прэзыдэнт на сьвеце адзін і што толькі яго, паводле новых правілаў беларускай мовы, трэба пісаць зь вялікай літары.
На шчасьце, існуюць і іншыя прэзыдэнты, зь якімі можна сустрэцца, а то і выпіць.
Калісьці, у сярэдзіне 1990-х, я быў дэлегатам кангрэсу Міжнароднага ПЭН-клюбу, які адбываўся ў Празе. У праграме значылася паездка на тэатральны фэстываль у Пльзэнь з удзелам прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Ён насамрэч прыехаў і ня проста «засьвяціўся» сярод дэлегатаў і зьнік, вярнуўшыся да больш важных дзяржаўных справаў. Мы разам глядзелі знакамітую п’есу Ёзэфа Топала «Салавей на вячэру», тую самую, дзе зграя інтэлігентаў зьела завабленага да сябе госьця. Потым у тэатры была адкрытая дыскусія Гаўла зь ягонымі даўнімі сябрамі і калегамі-драматургамі Артурам Мілерам і Томам Стопардам — «Not Only About the Theatre» — «Ня толькі пра тэатар». Я даў волю фантазіі і намогся ўявіць на гэтай сцэне заместа чэскага прэзыдэнта — свайго. Фантазіі не хапіла
Вандроўка на радзіму пльзэньскага піва завяршылася дэгустацыяй слыннага напою ў адной з тамтэйшых піўніцаў. У ёй і ўдалося некалькі хвілінаў пагаварыць з прэзыдэнтам, які, пакінуўшы ахоўніка за сваім сталом, падсаджваўся з кухлям у руцэ да іншых. Ён сказаў ня толькі нейкія абавязковыя, дакладней, зусім неабавязковыя ветлівыя словы, але пасьпеў задаць пару пытаньняў, якія сьведчылі, што Беларусь для Гаўла — ня проста назва на мапе.
Праміне колькі гадоў, і чэскі прэзыдэнт будзе клапаціцца пра побыт у Празе Васіля Быкава. Гавэл, дарэчы, неаднаразова падкрэсьліваў, што ганарыцца знаёмствам з выдатным беларускім пісьменьнікам. Лукашэнка абмежаваўся толькі паведамленьнем, што «выхоўваўся на быкаўскіх вершах».
Выпала сустракацца і з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам.
Міністэрства замежных спараваў нашае суседкі штогод ладзіць так званыя сустрэчы інтэлектуалаў з краінаў, што зьявіліся на абшары былога СССР. У часе ягонага прэзыдэнцтва Адамкус заўсёды ўганароўваў гэтыя імпрэзы сваёй прысутнасьцю. На адной з такіх сустрэчаў прэзыдэнт Літвы надаў падкрэсьленую ўвагу тром гасьцям зь Беларусі. Ад той размовы засталося ўражаньне Адамкусавай дэмакратычнасьці і неўдаванай цікавасьці да беларускіх справаў. Ён агучыў сьпіч пра нашую агульную гісторыю і выказаў спадзяваньне, што ў хуткім часе беларусы і літоўцы будуць езьдзіць адзін да аднаго бязь візаў, бо сустрэнуцца ў Эўразьвязе.
На адной з такіх сустрэчаў здарыўся крыху анэкдатычны выпадак. Даведаўшыся ад старшыні нашага Саюзу пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча пра сантымэнты да Вільні ў паэта Ўладзімера Дубоўкі, Адамкус адразу запытаўся, ці можна запрасіць паэта ў цяперашнюю літоўскую сталіцу.
Апошняе па часе маё спатканьне з прэзыдэнтам надарылася гэтым летам таксама ў Вільні. Я апынуўся там на літаратурнай імпрэзе ў гонар 600-годзьдзя Грунвальдзкай перамогі. Імпрэза супала з пахаваньнем першага прэзыдэнта незалежнай Літвы Альгірдаса Бразаўскаса. Ідучы па віленскай Замкавай вуліцы я зьнячэўку пачуў гучныя воплескі і прывітальныя воклічы. Яны, зразумела, адрасаваліся ня мне. За нейкіх пяць крокаў у бок пляцу Гедзіміна кіраваўся ў суправаджэньні трох ахоўнікаў Міхаіл Саакашвілі, што прыехаў на жалобныя ўрачыстасьці. Літоўцы і польскія турысты працягвалі яму пляскаць. Саакашвілі ціснуў рукі, усьміхаўся, падхапіў і пранёс малога хлопчыка. Я вырашыў крыху прайсьці побач, каб адчуць аўру чалавека, якога расейскі палітык Сяргей Іваноў назваў кіраўніком «злачыннага рэжыму». Побач зь ім — не Івановым, а Саакашвілі — было камфортна. Калі б я таксама працаваў прэзыдэнтам, я, магчыма, сказаў бы яму, напрыклад, што маю сантымэнт да сухога мукузані, а вось шанаванае Сталінам паўсалодкае кіндзмарэулі пакідае мяне абыякавым. Але прэзыдэнтам я не працаваў, а двухмэтровы ахоўнік пазіраў на мяне ўсё больш падазрона…
Наогул, сустрэчы з прэзыдэнтамі мне падабаюцца. Цешу сябе надзеяй, што некалі спаткаюся і з прэзыдэнтам Беларусі. А яшчэ больш спадзяюся, што гэта будзе не цяперашні, а іншы прэзыдэнт.
- Пакуль ляціць страла
- Чым запомнілася гэтае лета?
- Пра 1-га верасьня
- Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?
- Ці знаходзіцца ў Вашым жыцьці месца футболу?
- Гісторыя забаўляе, выпрабоўвае, помсьціць…
- Куплю сабе выспу. Маленькую
- Ножка першай каханай
- Пётар І ніколі ня быў нашым манархам
- Героі маіх анэкдотаў
- Што, калі заўтра – канец сьвету?
- Ці быў на рыцарскіх турнірах допінг-кантроль?
- Дзікае Поле нашай падсьвядомасьці
- Маё Люхава
- Як цэнзура адрэзала органы
- Cьпісваць — нядобра
- Cьпісваць — нядобра