Паважаны Ўладзімер Аляксеевіч! Даводзілася чуць, што даўнейшыя беларусы, а дакладней ліцьвіны, і вусна, і пісьмова называлі адзін аднаго толькі па імені, а калі трэба было, яшчэ, вядома, і па прозьвішчы, але без імя па бацьку. Ці праўда, што форму з усімі трыма гэтымі кампанэнтамі прынесьлі на нашую зямлю расейскія калянізатары? Альбо гэта сапраўды прыдумкі нацыянал-радыкалаў? Як, дарэчы, і слова “спадар”.
Сяргей Уладзімеравіч Краўчук
Паважаны спадар Краўчук! Спадзяюся, што такі зварот не перашкодзіць Вам даслухаць ці дачытаць мой адказ да канца.
Пісьмовыя помнікі часоў Вялікага Княства Літоўскага даюць безьліч прыкладаў таго, якімі зваротамі карысталіся продкі і ў побыце, і ў прыватным ліставаньні, і ў афіцыйных дакумэнтах. Дыяпазон гэтых зваротаў быў вельмі шырокі.
Ліцьвіны часта называлі сябе і іншых проста на імя: князь Міхайла, пан Тамаш, карчмар Яраш, цясьляр Богуш. Царкоўныя імёны хутка і пасьпяхова адаптоўваліся да беларускай фанэтыкі. У дакумэнтах часоў вялікага князя Вітаўта ды ягоных наступнікаў ужо фігуруюць Апанасы, Ганны, Куліны, Лявоны, Надзеі, Піліпы, Ульляны, Юстыны... Жыхароў Княства нярэдка называлі таксама на мянушку-прозьвішча: пан Баркулаб, пісар Гарнастай, залатар Зязюля, шынкар Мокры.
Большае пашырэньне меў варыянт зь імем і прозьвішчам: Ігнат Губа, Міхал Рагоза, Антон Заўзей. Можна ўявіць, што гэты Антон быў не абы-якім заўзятарам на рыцарскіх турнірах.
Калі гаворка вялася пра людзей знатных, магло дадавацца імя па бацьку: князь Іван Васілевіч Астроскі, князь Януш Кузьміч Заслаўскі, княгіня Настасься Юр’еўна Гальшанская.
Што датычыць жанчын, дык іхняе ўласнае імя было звычайна “аздобленае” імёнамі бацькі і мужа. У выніку маглі атрымлівацца складаныя і мудрагелістыя формы найменьня. Аднаго разу давялося чытаць скаргу ў магістрат ”земянки господарское повету менского пани Васильевое Данильевича пани Ганны Молоденовны”. Часам проста падаваліся мужавы імя, прозьвішча і пасада: пані Мікалаевая, пані войтавая...
Тым, хто хоча зазірнуць у сьвет тагачасных імёнаў больш глыбока, раю адпаведны разьдзел з кнігі гістарычных эсэ Вольгі Бабковай “...І цуды, і страхі”. “Імёны тагачасных людзей, — піша спадарыня Вольга, — своеасаблівая палітра сярэднявечча.” А далей пачынаецца складзеная з гэтых імёнаў сапраўдная паэма...
Як вядома, культура Княства дасягнула росквіту ў ХVІ стагодзьдзі. Жыцьцё дзяржавы ў тую эпоху рэглямэнтавалася нашымі перадавымі ў маштабе ўсёй Эўропы Статутамі. Грунтоўна распрацаваныя праўныя нормы вымагалі і пэўных канонаў напісаньня імёнаў. Тады ў якасьці асноўнага сьцьвердзіўся двухкампанэнтны ўзор: імя + прозьвішча. Гэта засьведчылі шматлікія акты вялікакняскай канцылярыі (Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага), судовыя паперы, помнікі пісьменства іншых жанраў. Пад Статутам 1588 году значыцца: “подканцлерый Великого князьства Литовского, Кгабриель Война, писар”.
Гэтаксама менаваліся ўсе знатныя асобы: Ян Кішка, Мікалай Пац, Януш Радзівіл, Раман Сангушка... Той жа формаю карысталіся прадстаўнікі ніжэйшых станаў грамадзтва. Не ўжывалі імя па бацьку, падпісваючы свае творы і славутыя асьветнікі, пісьменьнікі, выдаўцы: Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Рымша, Лаўрэн і Стафан Зізаніі. За межы правіла не выходзілі і выпадкі з падвойнымі імёнамі ці прозьвішчамі. Да прыкладу — Францішка Уршуля Радзівіл, Андрэй Пачобут-Адляніцкі.
Працягвала раз-пораз сустракацца і напісаньне з імем па бацьку, аднак, статыстычны аналіз, зроблены калісьці нашым акадэмічным Інстытутам мовазнаўства, сьведчыць, што нормаю была якраз двухкампанэнтная форма. Скажам, у актавай кнізе Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага за 1596 год (адметны ў нашай гісторыі Берасьцейскай царкоўнай вуніяй) у загалоўкаў дакумэнтаў з 164 мужчынскіх найменьняў імя па бацьку маюць усяго 16, альбо менш за 10 адсоткаў.
Такім чынам, “нацыянал-радыкалы” пастарацца тут не пасьпелі. А вось царскія чыноўнікі-русіфікатары руку прыклалі.
А цяпер, дарэчы, пра словы “спадар” і “спадарыня”. Некалі наш вядомы праваабаронца Валеры Шчукін пайшоў са мной у заклад, што гэтыя звароты насамрэч прыдумалі такія, як Арлоў і кампанія. Пераканаць яго ў адваротным маглі выключна, як выказаўся мой апанэнт-камуніст, “первоисточники”. Заклад ацэньваўся ў скрынку каньяку.
Праз пару дзён я прапанаваў шаноўнаму супярэчніку бліжэй пазнаёміцца з творчасьцю ўжо згаданага Андрэя Рымшы. А менавіта зь ягонай напісанай у ХVІ стагодзьдзі на старабеларускай мове одаю на герб Льва Сапегі:
При которых з оружием конный воин стоить,
Знаком того иж ся з них ни один небоить.
Служить своим сподарем ку кождой потребе,
Не литуючи скарбов, ни самого себе.
Наконт слова «спадарыня» знайшлася іншая цытата — з апісаньня голаду 1602 году ў Баркулабаўскім летапісе. Жабрак зьвяртаецца да кабеты ўжо, натуральна, ня кніжнай, а жывою мовай: “Матухна, зязюлюхна, утухна, панюшка, спадарыня, сонца, месяц, зьвёздухна, дай крошку хлеба”.
На жаль, мой апанэнт заявіў, што перад ім ніякія не “первоисточники”, да якіх ён, відаць, прылічае адно творы клясыкаў марксізму-ленінізму. Карацей, скрынкі каньяку я не дачакаўся. Але не лічу, што прайграў, бо ад таго часу Шчукін на зварот “спадар” заўсёды адгукаецца.
А на заканчэньне скажу, што ня бачу нічога страшнага і ў звароце зь імем па бацьку, які за столькі часу пасьпеў у нашай мове прыжыцца. Калі вы зьвернецеся да народнага паэта Барадуліна як да Рыгора Іванавіча, ён не пакрыўдзіцца. Але, дайце веры, “спадар Рыгор”, “спадар Барадулін” ды і “дзядзька Рыгор” спадабаюцца яму болей.
У мяне зь імем па бацьку ёсьць і асабістыя рахункі. Рэч у тым, што ў нашай клясе быў яшчэ адзін Уладзімер Арлоў. Таму ад першых школьных дзён нас выклікалі не на прозьвішча, як астатніх, а якраз на імя ды імя па бацьку. “Адказваць пойдзе Ўладзімер Аляксеевіч,— глянуўшы ў клясны журнал, казаў настаўнік. Чуючы такі зварот, я дагэтуль унутрана сьціскаюся, міжволі рыхтуючыся выходзіць да дошкі ды адказваць нявывучаны ўрок.
Таму — пры ўсёй пашане да майго бацькі Аляксея — называйце мяне лепей спадаром Уладзімерам. На дзядзьку, як Барадулін, пакуль, здаецца, не цягну.