На пытаньне, што ён будзе рабіць, даведаўшыся, што заўтра – канец сьвету, Марцін Лютэр адказаў, што будзе садзіць яблыні. А што рабілі б Вы? Дзяўчынка ў падраных джынсах з трэцяга раду.
Калі б аднекуль зь нябеснай канцылярыі мне патэлефанавалі пра заўтрашні канец сьвету, я ўзяў бы квіт ў Полацак. На радзіму маёй душы. Туды, дзе мае альфа і амэга.
Але, шчыра кажучы, наконт усеагульнага характару канца сьвету я маю вялікія сумневы.
У кожнага з нас – ён свой. Гэта канец нашага існаваньня тут.
Нават калі ў нейкай іпастасі маё існаваньне і працягнецца, усё роўна той сьвет, у якім я цяпер адказваю на Вашае пытаньне, скончыцца. Падазраю, што я ўжо не змагу зрабіць сабе ўраньні кубак моцнай кенійскай гарбаты з малаком, не змагу зьняць з паліцы ўлюбёную кнігу, выпіць келіх чырвонага, абняць жанчыну, паехаць у Полацак...Зь іншага боку, магчыма, там можна будзе імгненна перанесьціся куды заўгодна. Да прыкладу, у Новую Зэляндыю, куды даўно цягне. Ды гэты вандроўнік ўсё адно ужо ня будзе мною...
Рызыкуючы наклікаць на сябе яшчэ большы гнеў артадаксальных вернікаў -хрысьціянаў, разгледжу іншы варыянт. А менавіта веру ў перасяленьне душаў. Зрэшты, пра гэта лепей прачытаць у маім апавяданьні “Маша і мядзьведзі”. Ну, у тым, дзе белыя мядзьведзі зьелі ў зьвярынцы расейскую дзяўчынку, пакінуўшы ад яе адны ружовыя майточкі. Між іншым, я вельмі шкадую Машу, і насамрэч твор гэты ніякі не прыкольны, а вельмі сур’ёзны і глыбокі. Дадам хіба што словы Ўмбэрта Эка: “Калі мая душа пераселіцца ў карову, і карова будзе ведаць, што яна – Умбэрта Эка, я згодны, Калі не, лёс той каровы мяне не цікавіць.”
Як вядома, наш асабісты канец сьвету залежыць і ад нас саміх. Пра гэта некалі афарыстычна выказаўся Сэнэка: “Дзьверы адчыненыя, можаш пайсьці”. Гісторыя і, у прыватнасьці, гісторыя літаратуры, ведае шмат тых, хто з розных прычынаў скарыстаўся ягонай парадаю. Грыгоры Чхарцішвілі, больш вядомы як Барыс Акунін, напісаў на гэтую тэму выдатнае дасьледаваньне “Пісьменьнік і самагубства” – на маю думку, найлепшую сваю кнігу.
Мне здаецца, што думка пра самагубства павінна хоць раз прыйсьці да любога чалавека, які не вядзе расьліннага існаваньня. Я сказаў бы нават больш: усё чалавецтва ў маім уяўленьні падзяляецца на тых, каго наведвала думка пра самагубства; тых, да каго яна яшчэ завітае; і тых, хто зь ёю так і не сустрэнецца. Апошнім я, дарэчы, ніколі не зайздросьціў.
Нявызнаныя шляхі Гасподнія, як і шляхі чалавечае думкі... Хачу выказаць бязьмежную ўдзячнась аўтарцы пытаньня. Яна натхніла мяне на новы верш, які зьявіўся на сьвет гэтымі днямі. Слухачы Свабоды будуць аднымі зь першых, хто яго пачуе, і першымі, хто зможа прачытаць верш на сайце Радыё.
На бераг выкідаюцца кіты
на бераг выкідаюцца
кіты
чаго ім не хапае
грацыёзным
у іх стыхіі?
волі?
пекнаты?
запасу вастрыні
сталёвых лёзаў –
гнуткіх плаўнікоў
што зьведалі
і шторм і штыль
і сонца і прадоньне?
стаміліся
як Сальвадор Далі
у анфілядах
зыркага сутоньня?
ці можа проста захацелі
тут
пераканацца
што за Рубіконам?
нічога?
Вечнасьць?
некалькі сэкунд
для разьвітальнае размовы
з Конам?
на бераг выкідаюцца
кіты
чаго ім не хапае
грацыёзным
у іх стыхіі?
некалі і ты
зрабіўшыся героем
адыёзным
свайго спэктаклю
выкінешся ў мора
цябе
насуплена сустрэне хтось
ля вузкай брамы
іншае прасторы
ён ведае
адкуль зьявіўся госьць
зьняможаны за доўгія вякі
спытаецца з усьмешкай
каматознай
зірнуўшы у бязьмежжа
з-пад рукі
чаго вам не хапае
адыёзным
у той стыхіі?
волі?
пекнаты?
запасу вастрыні
сталёвых лёзаў?
Зычу дзяўчынцы ў падраных джынсах з трэцяга раду і ўсім маім слухачам і чытачам , каб сонца вашае не заходзіла і месяц ваш не хаваўся яшчэ бясконца доўга.