Паважаны Ўладзімер Аляксеевіч, хацелася б даведацца, як Вы вучыліся ў школе, і якія ў Вас былі стасункі з настаўнікамі. Хто быў улюбёным выкладчыкам?
Дзесяціклясьніца Лена з Воршы
Вучыўся я неяк наадварот: у малодшых клясах — на моцныя траякі ды хісткія чацьвёркі, а потым у галаве адбылося якоесьці замыканьне, і адзнакі палезьлі ўгору.
Не скажу, што на пачатку быў дэбілам, але, да прыкладу, у першай клясе некалькі дзён ня мог асіліць літару «Ь». «Конь» чытаў, як кон, а «дзень», амаль што на будысцкі капыл — «дзен». Настаўніца, відаць, ужо зьбіралася рабіць пэўныя высновы, але аднаго вечару тата зьняў сваю пракурорскую папругу і гэтак мяне ёю, як казала мама, «адвазіў», што мяккі знак быў імгненна засвоены і яшчэ доўга мроіўся мне нават там, дзе яго і не начавала.
Карацей, магчыма, дзякуючы і бацькавай папрузе, сустрэчы зь якой адбываліся ня раз, школу я закончыў з залатым мэдалём. Нядаўна знайшоў яго і зь лёгкім подзівам прачытаў, што заслужыў узнагароду ня толькі за «выдатныя посьпехі ў вучэньні і працы», але і за «прыкладныя паводзіны». Гэта было яўнай гіпатэнузай, як называў гіпэрбалу наш другагоднік Вася Шуйскі.
Я крыўдзіў дзяўчынак (як гэта заўсёды здараецца, пераважна тых, што падабаліся), удзельнічаў у некалькіх бойках, у пятай клясе ўкусіў за руку настаўніка маляваньня, а наастачу адмовіўся ўступіць у атрад чырвоных сьледапытаў і хадзіць партызанскімі сьцежкамі. За сьледапытаў ня буду ставіць самога сябе на катурны вальнадумства. Я проста спалохаўся, бо тэкст прысягі трэба было падпісаць уласнай крывёю, чыркануўшы па пальцы лязом. Аўтаркаю гэткай мэтоды прысяганьня была нашая клясная кіраўнічка і ўадначас выкладчыца расейскае мовы і літаратуры. Ці трэба казаць, што трапіць у лік улюбёных настаўнікаў ёй не ўдалося?
Не пашанцавала і настаўніцам гісторыі ды беларускай мовы й літаратуры. Баюся быць жорсткім, але думаю, што гэтых кабетаў іхнія дысцыпліны цікавілі ня больш за праблемы кансэрваваньня гуркоў. Паступіўшы на гістарычны факультэт БДУ, я і не падазраваў пра існаваньне кніг Уладзімера Караткевіча.
Паступіўшы на гістарычны факультэт БДУ, я і не падазраваў пра існаваньне кніг Уладзімера Караткевіча.
Праўда, аднойчы на замену да нас прыйшоў новы гісторык. Было цікава ўжо тое, што гэта мужчына. Але найперш уразілі рэчы, якія ён гаварыў. На ўроку пра Вялікую француcкую рэвалюцыю настаўнік раптам, далёка адхіліўшыся ад тэмы, згадаў дзяцінства ў блякадным Ленінградзе. Мы пачулі пра канібалізм. Пра тое, што сям’я гісторыка ўратавалася ад галоднай сьмерці адно таму, што сваячка працавала ў абкаме партыі прыбіральшчыцай і прыносіла адтуль недаедзеныя лусткі з кілбасой ды ікрой і надкусаныя ды выкінутыя ў сьметніцу пірожныя. Ці то сярод вучняў ужо былі стукачы, ці то нехта падзяліўся з бацькамі, але новага выкладчыка хутка звольнілі. Пазьней мы бачылі, як ён зарабляў на жыцьцё грузчыкам у суседняй краме і паціху сьпіваўся.
Для мяне дый для многіх іншых выпускнікоў 2-й наваполацкай школы, дзе я вучыўся зь сярэдзіны дзявятае клясы, улюбёным стаў настаўнік фізыкі й астраноміі Яўген Міхайлавіч Крылоў. Акрамя бліскучых урокаў ён яшчэ і кіраваў школьным аркестрам народных інструмэнтаў. Паколькі ўсе лепшыя інструмэнты былі разабраныя, мне дасталася балалайка. Аніякіх музычных здольнасьцяў я ня меў, проста хацелася бавіць зь Яўгенам Міхайлавічам паболей часу. У выніку навучыўся даволі зграбна граць расейскую народную песьню «Светит месяц, светит ясный». Праўда, на гарадзкім аглядзе мастацкай самадзейнасьці настаўнік, на ўсякі выпадак даў мне і яшчэ некалькім такім «музыкам» балалайкі бяз струнаў.
Але галоўным нашым захапленьнем сталіся заняткі астраноміяй. Крылоў здолеў амаль немагчымае — пабудаваў школьную абсэрваторыю. У нас праходзілі начныя заняткі-дзяжурствы, куды можна было запісацца на пару з сваёй дзяўчынай. Новыя сузор’і адкрыць нікому не пашчасьціла (хіба што сузор’і радзімак на шыйках і плечуках пасіяў.) Аднак тыя ночы ніколі не забудуцца. Мы яшчэ ня ведалі словаў Імануіла Канта пра дзьве неспасьцігальныя рэчы — зорнае неба ад намі і маральны закон у нас саміх — але ўжо сапраўды дакраналіся да вялікіх тайніцаў быцьця…
Адны настаўнікі здолелі нечаму навучыць, другія дапамаглі зразумець, што ты — такі самы невук.
Дзякуй усім!
- Пакуль ляціць страла
- Чым запомнілася гэтае лета?
- Пра 1-га верасьня
- Ці можна давяраць сучасным школьным падручнікам нацыянальнай гісторыі?
- Ці знаходзіцца ў Вашым жыцьці месца футболу?
- Гісторыя забаўляе, выпрабоўвае, помсьціць…
- Куплю сабе выспу. Маленькую
- Ножка першай каханай
- Пётар І ніколі ня быў нашым манархам
- Героі маіх анэкдотаў
- Што, калі заўтра – канец сьвету?
- Ці быў на рыцарскіх турнірах допінг-кантроль?
- Дзікае Поле нашай падсьвядомасьці
- Маё Люхава
- Як цэнзура адрэзала органы
- Cьпісваць — нядобра
- “Саюзная дамова” караля Станіслава Аўгуста
- Мае сустрэчы з прэзыдэнтамі
- Калі чытач ня мае рацыі
- Ці варта піць сёмую чарку?