Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Замест згарэлага дома прапанавалі “сабачую будку”


Вёска Тумарын згарэла два гады таму. Жыхарам дагэтуль ня выплацілі кампэнсацыі.
Вёска Тумарын згарэла два гады таму. Жыхарам дагэтуль ня выплацілі кампэнсацыі.
Пакуль беларускія выратавальнікі дапамагаюць расейцам змагацца з агнём, у самой Беларусі ўсё часьцей пачынаюцца пажары ў лясах і на тарфяніках, у тым ліку на тэрыторыях, забруджаных чарнобыльскай радыяцыяй. Паводле апэратыўнага ўліку, штодзённа ўзьнікае да 15 пажараў. Насельніцтва рыхтуецца да горшага. Многія пагарэльцы не атрымалі страхавыя кампэнсацыі яшчэ зь мінулага году.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Кожная ўспышка пагражае перарасьці ў пажар зь цяжкімі наступствамі»

На Магілёўшчыне небясьпека буйных пажараў у лясах і на тарфяніках застанецца надзённай, пакуль трывае трыццаціградусная сьпякота.

Лякалізаваць асобныя ўзгараньні пажарным і лясгасам пакуль удаецца, аднак тэрыторыя іх узьнікненьня пашыраецца. Калі раней афіцыйныя крыніцы гаварылі найчасьцей пра лясныя пажары ў Крычаўскім раёне, то цяпер прызнаюць, што зь імі змагаюцца ўжо і ў Горацкім, і ў Бабруйскім раёнах.

На Гораччыне за прамінулыя выходныя выгарала 7 гектараў лесу.

«На тэрыторыі нашага лясгасу пятая кляса, найвышэйшая, пажарнай небясьпекі захоўвалася на працягу трох тыдняў. Цяпер яна спала. Пры такой клясе пажарнай небясьпекі кожная ўспышка пагражае перарасьці ва ўзгараньне зь цяжкімі наступствамі. Усе пажары адбыліся з прычыны сельгаспалаў. Прыцягнутыя былі вялікія рэсурсы. Нават быў прыцягнуты гелікоптэр зь Менску», — зазначыў спэцыяліст горацкага лясгасу.

У Крычаўскім раёне выгарала дзесяць гектараў лесу. Тут узгараньні адбываюцца на тарфяніках:

«Абвалавалі, абкапалі блізкі лясны масіў. Пагрозы няма. Пажарныя працуюць круглыя суткі. Гелікоптэр там працаваў. Трынаццаць тон вады адразу браў. Блізкіх вёсак там няма, таму небясьпекі для насельніцтва няма», — паведаміў супрацоўнік аднаго зь сельскіх саветаў раёну.

У чэрыкаўскім лясгасе вялікія лясныя плошчы знаходзяцца ў зоне радыяцыйнага забруджаньня. На тэрыторыі гаспадаркі было два пажары. Іх патушылі, паведаміў спэцыяліст лясгасу. А што з узроўнем радыяцыі?

«Пажары, канечне, калі будуць вялікія, яны падымуць яго, тут і думаць няма чаго. Пойдзе тады перанос з попелам, з дымам. Пакуль жа гэтага няма, усё стабільна».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Насельніцтва — штрафуюць, тарфянікі — затопяць

На Гарадзеншчыне расьце колькасьць штрафаў за наведваньне лясоў насельніцтвам.

Ад пачатку пажаранебясьпечнага сэзону на Гарадзеншчыне зафіксаваны 41 выпадак пажараў у лясах. Таму людзей штрафуюць за наведваньне лясоў і распальваньне вогнішчаў. Сума пакараньня — да 50 мінімальных заробкаў.

Кіраўнік Бераставіцкага аддзелу МНС Аляксандар Гарнастаеў таксама кажа, што сьпёка прымусіць затапіць найбольш сухія тарфянікі:

«Тарфянікі пакуль не затаплялі, але ўкос сена прайшоў, і будзем ставіць пытаньне перад мэліяратарамі, каб паднялі ўзровень вады. Мы чакаем, што да канца тыдня тэмпэратура пратрымаецца на ўзроўні не ніжэй за 30 градусаў».

У Зэльвенскім раёне 18 ліпеня адбыўся пажар на складзе хімічных адкідаў, дзе захоўвалася звыш 300 тон непрыдатных пэстыцыдаў, зьвезеных сюды для захоўваньня з усяе вобласьці яшчэ ў 2006 годзе.

Зэльвенская раённая газэта надрукавала матэрыял, у якім гаворыцца, што наступствы пажару не нясуць небясьпекі для жыхароў навакольных вёсак. Праўда, ня ўсе гэтаму паверылі. Некаторыя бабулі адправілі сваіх унукаў, якія праводзілі ў іх канікулы, назад у горад. А ў вёсцы Конна людзі кажуць, што вада ў калодзезях нібыта зьмяніла смак.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Анамальная сьпёка пагражае Беларускай чыгунцы

На Берасьцейшчыне з-за анамальнай сьпёкі больш за 200 цягнікоў прыходзілі на станцыі са спазьненьнем. Адміністрацыя чыгункі ўводзіла абмежаваньні хуткасьці, бо рэйкі награваліся вышэй за 60 градусаў.

Дызэльныя цягнікі прыбываюць на станцыю Баранавічы са спазьненьнем на 10-20 хвілін. Колькасьць цягнікоў, якія спазьніліся, склала больш за 200. У Берасьці таксама праблемы, кажа спэцыяліст аддзелу перавозак:

«На працягу ліпеня з-за сьпёкі і абмежаваньняў хуткасьці са спазьненьнем прыбыло 25 пасажырскіх і шэсьць прыгарадных цягнікоў. У жніўні — тры пасажырскія і адзін прыгарадны цягнік. Кожная станцыя самастойна прымае рашэньне аб увядзеньні абмежаваньняў. Відаць, што ў Баранавічах нашмат больш цягнікоў».

Што да пажаранебясьпечнай сытуацыі, то лякальныя пажары фіксуюцца толькі ў Пінскім раёне і пакуль па-за межамі забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў. Прынамсі, так запэўніваюць у раённым аддзяленьні МНС:
Найбольш небясьпечныя пажары — гэта агонь у тарфяніках. А тыя месцы, якія з павышаным фонам радыяцыі — яны ў нас пясчаныя…


«Найбольш небясьпечныя пажары — гэта агонь у тарфяніках. А тыя месцы, якія з павышаным фонам радыяцыі — яны ў нас пясчаныя…»

А вось кемлівыя прадпрымальнікі атрымліваюць ад сьпёкі выгаду. Праз «Желдорсервис» прыватная фірма «Белфармакон» прадае пітную ваду з-пад крана. У Берасьці і ў раёнах на кожным вакзале можна набыць ваду з цэнтралізаванай сыстэмы водазабесьпячэньня, то бок проста з-пад крану. Прадстаўніца фірмы кажа, што попыт даволі вялікі, а неабходныя рэгістрацыйныя працэдуры фірма прайшла ў адпаведнасьці з заканадаўствам:

«У вобласьці мы сваю прадукцыю пастаўляем праз „Желдорсервис“ і крамы гэтай фірмы. А ў Берасьці набыць нашу прадукцыю магчыма свабодна. Мы прайшлі ўсе неабходныя працэдуры рэгістрацыі і сэртыфікацыі. А наша прадукцыя таньнейшая, чым іншая вада. Попыт даволі вялікі, нам няма чаго скардзіцца».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Ні дома, ні кампэнсацыі

Неўзабаве будзе два гады, як у вёсцы Тумарын Веткаўскага раёну здарыўся вялікі пажар. Зь непатушанага тарфяніку агонь перакінуўся на вёску — згарэла сем хатаў з шаснаццаці, пацярпела шмат гаспадарчых пабудоў і багата маёмасьці вяскоўцаў.

Аднак да гэтага часу ня ўсе жыхары вёскі атрымалі кампэнсацыі.

Апавядае мясцовы жыхар, бацька траіх дзяцей Юры Рамашкін, у якога агонь зьнішчыў гаспадарчыя пабудовы й свойскую жывёлу:

«Яшчэ ідзе разбор. Пракуратура нанова распачала крымінальную справу наконт гэтага пажару. Ня могуць знайсьці таго, хто павінен усё кампэнсаваць. Кажуць, пакуль вядзецца сьледзтва, ніякіх кампэнсацыяў ні за што ня будзе. Я так зразумеў, што трэба знайсьці кагосьці крайняга, хто б заплаціў. У райвыканкаме я таксама быў. І там кажуць, што пакуль ня скончыцца сьледзтва — нічога ня будзе».

Некаторым жыхарам Тумарына далі камунальнае жытло ў суседняй вёсцы Рудня Споніцкая.
больш ужо нічога мне не прапаноўваюць. Кажуць: маўляў, ты адмовілася — і больш ужо нічога не атрымаеш.


Прапаноўвалі так званую дачу замест зьнішчанай матчынай хаты й пэнсіянэрцы Валянціне Сіманавай, якая да пажару доўгі час жыла ў Тумарыне:

«Сплацілі толькі страхоўку, якую я ўносіла за дом. Гэта невялікая сума. Болей нічога. Я хадзіла, хадзіла, і мне прапанавалі такую дачу — сабачую будку. Я выклікала бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі — ацанілі яе на 7 мільёнаў рублёў, а яна для жытла непрыдатная. Яна абшаляваная была. Яны адарвалі шалёўку, каб паглядзець. Дача гэтая была зробленая з сасновых хлыстоў, іх грыбок ужо пабіў. І ўсё — больш ужо нічога мне не прапаноўваюць. Кажуць: маўляў, ты адмовілася — і больш ужо нічога не атрымаеш».

І таксама сёньня на Гомельшчыну прыйшла трывожная вестка з суседняй Бранскай вобласьці Расеі. Эколягі паведамляюць, што лясныя пажары пачаліся ў тых раёнах Браншчыны, якія забруджаныя радыяцыйнымі матэрыяламі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Як заявіў старшыня арганізацыі «Грынпіс Расеі» Сяргей Цыплянкоў, на забруджаных тэрыторыях ужо зафіксавана звыш 20 пажараў.

За разьвіцьцём сытуацыі сочаць і беларускія эколягі. Вось што заявіў сёньня «Свабодзе» намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрась Глушакоў:

«На жаль, мы ня маем значных матэрыяльных рэсурсаў, каб займацца маніторынгам супрацьпажарнай сытуацыі. Але калі будзе патрэба, то мы гатовыя абвясьціць партыйную мабілізацыю нашых актывістаў на барацьбу з пажарамі. Я асабіста да гэтага гатовы. І ў любы момант мы можам узяць любы ўдзел у такога кшталту мерапрыемствах», — заявіў Юрась Глушакоў, якога, нагадаю, Беларуская партыя «Зялёныя» вылучае сваім кандыдатам у прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG