Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Веткаўскі раён: пагарэльцы пакуль без дапамогі дзяржавы


Пацярпелыя ад пажару жыхары вёскі Тумарын Веткаўскага раёну ўжо больш за месяц чакаюць ад дзяржавы дапамогі. Але пакуль нават ня выплачана страхоўка тым, хто меў на яе права.


Вялікі пажар у Тумарыне здарыўся 16 жніўня. Зь непатушанага тарфяніку агонь перакінуўся на вёску. Згарэла сем хатаў з шаснаццаці, пацярпела шмат гаспадарчых пабудоў і маёмасьці вяскоўцаў.

У шматдзетнай сям’і Юрыя Рамашкіна агонь зьнішчыў гаспадарчыя пабудовы й свойскую жывёлу. Траіх дзяцей сваякі забралі ў Гомель — там яны цяпер і вучацца.

Сям’я разьлічвала атрымаць хоць нейкую дапамогу да пачатку навучальнага году, каб сабраць дзяцей у школу. Але толькі нядаўна прыйшло паведамленьне зь Веткаўскага райвыканкаму.

Спадар Юрый:

“Толькі што прыйшоў ліст з райвыканкаму, што налічана кампэнсацыя на тры месяцы — па чатырыста тысяч рублёў з капейкамі”.

Спадар Рамашкін з жонкай рабілі на сьвінакомплексе ў адселенай пасьля Чарнобылю вёсцы Чыстыя Лужы. Комплекс належыць малочнаму заводу. Цяпер Рамашкіным прапануюць службовае жытло ў Ветцы:

“Прапануюць службовае жытло ў “Аграсэрвісе” з такімі ўмовамі, што мы будзем там працаваць. Я сваіх дзяцей павінен перавезьці ў гэты дом і выправіць іх у Ветцы ў школу. І жонка таксама павінна ісьці працаваць у “Аграсэрвіс”. Яна зь пяці да дзесяці раніцы будзе на фэрме на дойцы. А хто дзяцей адправіць у школу?

Будзеш рабіць і зь цябе будуць усе сокі выціскаць. Падабаецца ці не, табе далі жытло — і будзь здарова. А калі ты звольнілася сёньня ці заўтра, то праз тыдзень павінна пакінуць гэтае жытло”.

У Тумарыне некаторыя жыхары ня мелі сталай прапіскі. Жылі ў хатах бацькоў, пакінуўшы гарадзкія кватэры сем’ям сваіх дарослых дзяцей.

Цяпер людзі абіваюць парогі розных інстанцый, каб устанавіць сваё права на згарэлыя дамы.

Не атрымалі пакуль кампэнсацыі нават тыя, хто спраўна плаціў страхавыя складкі.

Гаворыць пэнсіянэрка Валянціна Сіманава:

“Я жыла ў Тумарыне з мужам, пакуль ня здарыўся пажар. Страхоўку нават ніяк не атрымаю — я ж плаціла страхавыя складкі. Куды ні пайду, то тое трэба, то гэта. Плачу, ды ўсё. Сказалі сабраць дакумэнты. Маўляў, пададуць іх у Гомель. І адтуль ужо скажуць пра вынікі — якую кампэнсацыю за згарэлую маёмасьць дадуць нам. І хаты ў Ветцы абяцаюць даць нам”.

У сваю чаргу, намесьнік старшыні Веткаўскага райвыканкаму, куратар жыльлёвых пытаньняў Аляксандар Глазуноў паведаміў нашаму радыё:

“Зараз пры Гомельскім аблвыканкаме створана рабочая група, якую ачольвае Пётар Савіцкі. Разглядаем пытаньні індывідуальна па кожнай заяве. Гэтыя заявы будуць накіраваныя ў рабочую групу, дзе дадуць юрыдычную ацэнку нанесенаму падчас пажару ўрону. Высьвятляюць крыніцу фінансаваньня для кампэнсацыі шкоды. Заявы ўсё яшчэ паступаюць. Звароты тых, хто непасрэдна пацярпеў, мы без увагі не пакідаем. Мне заявы паступілі толькі ў пятніцу, 19 верасьня. Сёньня вось я іх разьбіраю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG