Трыццаціпяцігадовы аўтар пяці кніг прозы, якія выклікалі шырокі чытацкі розгалас, цяпер рэдка ладзіць літаратурныя імпрэзы на радзіме. Ляўрэат незалежнай прэміі “Гліняны Вялес”, герой скандальных інтэрвію і інтэрнэт-форумаў зьехаў зь Беларусі тры гады таму. Атабарыўшыся ў нямецкім партовым горадзе Гамбург, ён захапіўся нямецкамоўнай літаратурай. Пачаў перакладаць і інтэрпрэтаваць некаторых клясыкаў. Пры канцы мінулага году ў Беларусі ў ягоным перакладзе выйшла кніга “Халоднае сэрца”, у якой пад адной вокладкай сабраныя казкі Вільгельма Гаўфа і самастойны твор, названы спадаром Бахарэвічам пасьлямовай да перакладу.
На гэтай кнізе 17 сакавіка ён і паставіць усім ахвотным свой аўтограф. Імпрэза адбудзецца ад 18.00 да 18.30 у недзяржаўнай менскай “кнігарніЎгалерэі”. Распавядае дырэктарка “кнігарніЎгалерэі” Аляксандра Дынько:
Нам вельмі прыемна, што мы гэтую акцыю пачынаем менавіта з Альгерда Бахарэвіча...
“Нам вельмі прыемна, што мы гэтую акцыю пачынаем менавіта з Альгерда Бахарэвіча, таму што гэта адзін з самых папулярных беларускіх аўтараў. І гэта пісьменьнік, які прадстаўляе для нас такі звычайны цывілізаваны спосаб прамоцыі і ўвогуле існаваньня літаратуры ў сучасным сьвеце. Сама акцыя аўтограф-сэсія – гэта, з аднаго боку, прыемнасьць для чытачоў, бо яны могуць пабачыць жывога аўтара і нават атрымаць ад яго нешта ў падарунак, але гэта й прыемнасьць для пакупнікоў, таму што гэтая кніга з аўтографам набывае новую якасьць”.
Спадарыня Дынько паведаміла, што аўтограф-сэсіі ў “кнігарніЎгалерэі” будуць ладзіцца штотыднёва. Такая форма сустрэч аўтараў з чытачамі ня новая. Новае ў ёй само месца сустрэч – праспэкт Незалежнасьці, 37а, а таксама тое, што там зьбіраюцца выбітныя нацыянальныя аўтары і ўлюбёныя ў беларускую літаратуру і мову чытачы.