Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка ЦВК Грузіі аблілі фарбай падчас зацьвярджэньня вынікаў парлямэнціх выбараў. Каля будынка ЦВК сутычкі


Кіраўнік ЦВК Грузіі Георгі Каландарышвілі
Кіраўнік ЦВК Грузіі Георгі Каландарышвілі

Кіраўніка ЦВК Грузіі Георгія Каландарышвілі аблілі чорнай фарбай падчас паседжаньня камісіі 16 лістапада, на якім зацьвярджаліся вынікі парлямэнцкіх выбараў. Каля будынка ЦВК адбылася сутычка паміж удзельнікамі мітынгу і паліцыянтамі, паведамляе «Эхо Кавказа».

Паміж старшынёй ЦВК Георгіем Каландарышвілі і прадстаўніком апазыцыйнай партыі «Адзінства — Нацыянальны рух» Давідам Кіртадзэ адбыўся канфлікт. Падчас выступу Кіртадзэ старшыня ЦВК адключыў яму мікрафон пасьля заканчэньня рэглямэнтаванага часу. У адказ прадстаўнік апазыцыйнай партыі плюхнуў у кіраўніка ЦВК чорную вадкасьць, як мяркуецца, фарбу. Паседжаньне давялося спыніць.

Пасьля інцыдэнту Кіртадзэ вывелі з залі супрацоўнікі службы аховы.

«Ты — ганьба, ганьба нашай краіны і чорная пляма», — заявіў Кіртадзэ ў адрас кіраўніка ЦВК Грузіі. Акрамя таго, ён назваў кіраўніка ЦВК «пункт.ру».

Празь некаторы час старшыня ЦВК працягнуў паседжаньне з павязкай на воку.

У выніку ЦВК Грузіі афіцыйна зацьвердзіла вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 26 кастрычніка. Паводле ЦВК, кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала амаль 54% галасоў, такім чынам забясьпечыўшы сабе 89 месцаў з 150 у грузінскім парлямэнце.

«Кааліцыя за перамены» атрымлівае 19 дэпутацкіх мандатаў, «Адзіны нацыянальны рух» — 16, «Моцная Грузія» — 14, «За Грузію» — 12 дэпутацкіх мандатаў.

Каля будынку ЦВК Грузіі сабраліся нязгодныя з вынікамі выбараў. Пасьля завяршэньня паседжаньня камісіі пратэстоўцы пачалі разгойдваць плот. Паліцыянты спрабуюць выцесьніць удзельнікаў мітынгу з дарогі на ходнік, пачаліся затрыманьні і сутычкі.

Пратэстоўцы каля ЦВК Грузіі
Пратэстоўцы каля ЦВК Грузіі

Відавочцы паведамляюць, што паліцыя паводзіць сябе вельмі агрэсіўна. Затрыманы сама меней адзін удзельнік акцыі.

  • Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі і апазыцыйныя партыі не прызналі вынікі парлямэнцкіх выбараў у краіне — на фоне сотняў выяўленых назіральнікамі парушэньняў і пытаньняў да захаваньня таямніцы галасаваньня. Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі і кіроўная партыя «Грузінская мара» адмаўляюць якія-небудзь фальсыфікацыі.
  • Аналітыкі, якія прааналізавалі зьвесткі з выбарчых участкаў, указваюць на анамаліі ў разьмеркаваньні галасоў, якія могуць казаць пра фальсыфікацыі: укід бюлетэняў, згон або подкуп выбарнікаў у сельскай мясцовасьці. Падобныя парушэньні на выбарах у Грузіі адзначалі і назіральнікі.
  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў сваёй справаздачы аб апошніх выбарах у Грузіі зафіксавала «выпадкі скупкі галасоў, шырока распаўсюджаную атмасфэру ціску і арганізаванага партыямі запалохваньня да і падчас выбараў, асабліва ў сельскай мясцовасьці».
  • Некамэрцыйная назіральніцкая арганізацыя «Сумленныя выбары» (ISFED) зафіксавала выпадкі падвозу, подкупу выбарнікаў і «карусельшчыкаў», а таксама іншыя парушэньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG