Кандыдат ад вэб-сайту – гучыць сьмешна, але а чаму б і не? Паводле akavita.by, сайт “Хартыі-97” – адзін з самых папулярных,
скажам, за апошні тыдзень на яго прыйшло 50 тысяч наведвальнікаў. Нямногія незалежныя выданьні могуць пахваліцца такімі накладамі. Ну а Ліпковіч – “тысячнік”, яго блог у ЖЖ стала наведвае тысяча чалавек, а колькасьць тых, хто яго чытае, перавышае колькасьць сталых фрэндаў у разы. Таксама сувымерна з аўдыторыяй уплывовага СМІ.
Інтэрнэт-СМІ і блогасфэра, дзякуючы іх інтэрактыўнасьці, спараджаюць цікавую ілюзію: здаецца, што чытачы і аўтары камэнтаў, асабліва калі іх дзясяткі і сотні, гэта ўласна ўся Беларусь і ёсьць. Ну ў горшым выпадку Беларусь у мініятуры. Гэта структурная асаблівасьць благасфэры накладаецца яшчэ і на даволі распаўсюджаную ў беларускім грамадзтве здольнасьць адчуваць сябе ўтульнымі ў сваім культурным ці інтэлектуальным гета: вось мы і ёсьць Беларусь, мы – прасунутыя, мы – эліта. А астатнія хто? А Бог ведае, бадзяюцца нейкія па нашай зямлі. Але пры вяртаньні на тую самую зямлю гэтыя высакародныя ўяўленьні часам прыносяць іх носьбітам вялікія расчараваньні.
Каб патлумачыць, чаму і як гэта адбываецца, варта зьвярнуцца да тэорыі “двухкрокавай камунікацыі” (two-step flow communication), сфармуляванай яшчэ у 1944 годзе амэрыканскім дасьледчыкам мэдыяў Полам Лазарсфэльдам. Паводле гэтай тэорыі, пераважная большасьць людзей успрымае ідэі ды інфармацыю не наўпрост ад мэдыяў, а праз лідэраў думак. Іншымі словамі, звычайны чалавек ці наагул не зьвяртаецца да каналаў масавай інфармацыі, ці іх паведамленьні для яго на першым этапе ўспрыняцьця не нашмат больш значныя, чым шум. Інфармацыяй для чалавека робіцца тое, што яму скажа ці пацьвердзіць з пачутага сусед, калега па працы, прыяцель, які карыстаецца ў вачах чалавека аўтарытэтам, той, хто ведае, як разумець сьвет. Зразумела, гэтыя лідэры думак, тыя, праз якіх інфармацыя фактычна рэтрансьлюецца астатнім, іншым, больш ангажаваныя ў інфармацыйную прастору. Але гэта толькі неабходная умова. Яны яшчэ павінны быць і аўтарытэтнымі, астатнія павінны лічыць іх такіх, павінны быць гатовымі ўспрыняць гэты “другі крок” менавіта ад іх.
І тады нашае пытаньне пра ўплыў інтэрнэту і благасфэры можна сфармуляваць проста – ці зьяўляюцца іх спажыўцы лідэрамі думак, ці перадаецца, разьлятаюцца інфармацыя і ідэі ад іх да астатніх, з віртуалу ў рэал. І справа тут не ў памерах аўдыторыі, напрыклад, байнэту, а ў тым, наколькі яна аўтарытэтная, ўплывовая для астатняга грамадзтва.
Скажу адразу, што дакладнага адказу ня ведаю. Але даволі часта даводзіцца сутыкацца з сытуацыяй, калі нават адукаваныя людзі ня тое, што не падзяляюць думкі пераважнай большасьці інтэрнаўтаў, а проста ня ведаюць пра прадмет, вакол якога ў віртуальнай прасторы віруюць нежартоўныя жарсьці. Яна жыве сваім жыцьцём, астатняе грамадзтва – сваім. Не, калі гутарка ідзе пра тое, што гэтае астатняе грамадзтва цікавіць, то двухкрокавая камунікацыя працуе, як тое было, скажам, са “сьвіным грыпам” летась. Тут ужо і лідэры думак лезьлі ў інтэрнэт, каб даведацца, што ж там з грыпам адбываецца, а ад іх ўжо інфармацыя разьляталася, як лясны пажар. Але ня факт, што гэта тыя ж самыя людзі, якія стала “прапісаныя” ў інтэрнэце.
Днямі на сайце «Наше мнение» прычытаў дыфірамб наконт кампаніі Яўгена Ліпковіча “На працягу апошняга месяцу ўлада, мэдыі і грамадзтва з усё большай напругай і увагай назіраюць за шоў хаджэньня ва ўладу аднаго чалавека”.
Ілюзія значнасьці інтэрнэт-фэномэнаў у дзеяньні. Ну мэдыі – часткова так. Ну улада, як ні парадаксальна, таксама часткова так, бо ўлада – яна ж таксама інтэрнаўт, а значыць, нявольнік гэтай сакрушальнай ілюзіі. Але вось жа пра грамадзтва паважаны аўтар “Нашего мнения» адкуль даведаўся, пра яго напругу і ўвагу да кампаніі Ліпковіча? Ну зразумела адкуль – зь інтэрнэту, адкуль жа яшчэ?
Але вось абвесьціў “каларадскі зубр” хэпэнінг са спаленьнем кніг Чаргінца, і ...
Не, пра зьмест акцыі я наагул маўчу, гэта трэба ж было прыдумаць хіба не адзіны выкшталцоны ход, які ставіць Чаргінца ў адзін шэраг з Томасам Манам, Генрыхам Гейне і іншымі волатамі духу, творы якіх у 30-я гады палілі тагачасныя нямецкія постмадэрністы. Колькі ж Чаргінец заплаціў Ліпковічу?
Але тут цікава, што ў хэпэнінгу ўзялі ўдзел, кажуць, 10 чалавек. Вось так: у віртуале – тысячнік, а у рэале...
Андрэй Саньнікаў сваю першую прэсавую канфэрэнцыю таксама правёў для блогераў. Гэта пасьлядоўна. І кампанія, магчыма, там і пройдзе. І перамога там жа і будзе атрыманая.
Чытач, магчыма, падумае, што гэта – антыпіяр супраць шаноўных сп.сп. Ліпковіча і Саньнікава. Зусім не. Дай ім Бог здароўя і шчасьця. Проста сумнеў маю. Небеспадстаўны, на мой погляд. І ня толькі наконт іх. Нават рады быў бы памыліцца. Калі пэўна памылюся, абавязкова, як шчыры чалавек, пакаюся.
У інтэрнэце. А дзе ж яшчэ?