Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Ліпковіч - colorадскі зубр беларускай палітыкі


Пасьля таго, як мы ўпершыню наведалі мастацкую галерэю "Ў" разам з трынаццацігадовым сынам у рамках культурна-асьветніцкай праграмы на выходныя, малы запытаўся: "яна што, антыпрэзыдэнцкая?" Далібог, я не даваў нагоды для такога пытаньня. І не нясу адказнасьці за той прыкры факт, што ў нашай краіне прэзыдэнт стаў мерай усіх рэчаў. Адлегласьць і вагу мы пакульшто не вымяраем у лукашэнках, але сапраўды многія рэчы, якія варта ацэньваць паводле крытэру "добрае - дрэннае", "прыгожае - выродлівае", "разумнае - глупае", "цікавае - нуднае", мы судзім з пункту гледжаньня - "за" або "супраць" Лукашэнкі.

Што ж магло наштурхнуць малога на думку пра "антыпрэзыдэнцкую" сутнасьць мастацкай галерэі "Ў"? Здаецца, ніякіх непасрэдных сьведчаньняў яе апазыцыйнасьці не назіралася. Я папрасіў сына патлумачыць, ён адказаў: "Ну, а чаго яна ў такім дзіўным месцы знаходзіцца - сярод гаражоў і сьметнікаў, ды яшчэ назва нейкая, ня ведаю..." Хлопец ня змог увасобіць у словы сваю інтуіцыю, давядзецца зрабіць гэта за яго. Рэч у тым, што мастацкая галерэя "Ў" стылістычна не адпавядае "прэзыдэнцкай" эстэтыцы, якая спалучае ў сабе пастаральную наіўнасьць і народны прымітывізм з казённай строгасьцю сацрэалізму. Калі коратка, гэтая эстэтыка адрозьніваецца немудрагелістасьцю формы і зьместу, просталінейнасьцю і адназначнасьцю. У тым сэнсе, што яна ня ведае іроніі, паўтонаў, гульні сэнсаў і сымбаляў, алюзіяў і асацыяцыяў. Дастаткова паглядзець на першую-лепшую дызайнэрскую суполку, якая трапілася мне на вочы ў галерэі, каб зразумець розьніцу:


Як бачыце, тут няма ніякай "палітыкі", аднак крамола яўна прысутнічае. Блюзьнерства і скандал - спалучыць "ляснога волата", "наш гонар", "сымбаль сілы і моцы", а таксама партызанскага руху і Аўтазаводу з праклёнам беларускіх бульбяных палёў, гэтай амэрыканскай надакучлівай заразай - калярадзкім жуком, бадай яго ліха. А Белавескую пушчу, дзе "свет хрустальной зари, свет, над миром встающий..." ды "многолетних дубов величавая стать" пераўтварыць у colorадскую, падумаць толькі!

Невыпадкова менавіта тут, у мастацкай галерэі "Ў", па-партызанску схаванай за гаражамі і сьметнікамі, кандыдат у кандыдаты Яўген Ліпковіч правёў сваю першую сустрэчу з народам. Бо гэты чалавек, які раптоўна ўварваўся на беларускае шэрае палітычнае поле на жоўтым матацыкле і ў генэральскай кучомцы, і ёсьць такім сабе беларускім кентаўрам - colorадскім зубрам.

Чые разыходжаньні зь беларускай палітычнай сыстэмай, як калісьці ў Андрэя Сіняўскага з савецкай уладай, у асноўным эстэтычныя. Гэта ня значыць "усяго толькі" эстэтычныя. Ня надта далёкае ад праўды парадаксальнае на першы погляд цьверджаньне: "форма ёсьць зьместам". Вобраз дзеяньня кандыдата ў кандыдаты - вольная творчая імправізацыя вольнага гараджаніна - гэта само па сабе палітычнае зьдзяйсьненьне, адмена аўтарытарнай культуры на асобна ўзятым пятачку. Незалежна ад таго, чым скончыцца ягоная мастацка-палітычная эпапея, ён ужо пашырыў гарызонты магчымага і прастору свабоды. Парушыўшы звыклы і набрыдлы сцэнар, згодна зь якім на беларускім палітычным полі гуляюць дзьве каманды: зуброў ("наш гонар") і калярадзкіх жукоў ("амэрыканская зараза") зь перадвызначаным вынікам.

Некаторыя нядобразычліўцы і зайздросьнікі нашэптваюць, быццам Ліпковіч імкнецца "прабіцца да кармушкі". Трызьненьне сівой кабылы! Цалкам відавочна, што ягоная кампанія - гэта, як кажуць французы, un acte gratuit, то бок адвольнае, імпульсіўнае і нематываванае дзеяньне. Нематываванае тут трэба разумець як бескарысьлівае. Ён проста атрымлівае асалоду ад таго, што робіць. Рэалізуе ўласную свабоду, гуляючы і сваволячы на "сур'ёзным" полі. (Ну, а калі ў дадатак атрымаецца выратаваць Севастопальскі парк - зусім цудоўна.) Гэтак жа сама, як і тыя, хто падтрымлівае яго тым ці іншым чынам. Даўно не здаралася гэткага масавага энтузіязму з нагоды другараднай палітычнай падзеі, ці ня так? Ліпковіч вярнуў многім блогерам, гэтым маркотным цынікам, што пазіралі на беларускую рэчаіснасьць з кіслай пыхай, смак да актыўных дзеяньняў.

Пакуль што ў яго атрымліваецца даводзіць, што: "З гэтай сыстэмай можна ваяваць. І нават перамагчы. Звычайныя ж людзі. Нават ня вельмі разумныя..." Ён ужо прымусіў сіх-тых чыноўнікаў зьбянтэжана чухаць патыліцы. Цікава было б паглядзець на выраз твару Чаргінца, калі ён атрымаў ад Ліпковіча рэклямны постэр, дасланы яму для праверкі "на прадмет выкліку грамадзкай маралі і падрыву асноваў беларускай дзяржаўнасьці":



Датычна ўзьнятага напачатку пытаньня пра шкодную практыку ацэнкі вартасьці тых ці іншых рэчаў і падзеяў паводле дыспазыцыі адносна Лукашэнкі. Вось Ліпковіч, ён "за" або "супраць" прэзыдэнта? Мы ня ведаем. Ды гэта і ня так важна. Важна, што Лукашэнка дакладна за яго:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG