Эўразьвяз рыхтуе 17-ы пакет санкцый супраць Расеі. Адзін з дыпляматаў ЭЗ расказаў выданьню EUobserver, што праца «пачалася, але яна знаходзіцца на вельмі раньняй стадыі».
Па словах крыніц выданьня, прапановы па санкцыях чакаюцца ў пачатку лета. Іншы дыплямат выказаў сумневы наконт якіх-небудзь тэрмінаў.
«Мы павінны паглядзець, як будуць разьвівацца перамовы паміж ЗША, Расеяй і Украінай», — сказаў ён.
Напярэдадні Францыя, Вялікабрытанія і іншыя краіны «Кааліцыі ахвочых» заявілі аб несвоечасовасьці паслабленьня або адмены санкцый у дачыненьні да Расеі ў цяперашні момант.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон па выніках сустрэчы прадстаўнікоў каля 30 краін у Парыжы, якая прайшла 27 сакавіка, заявіў, што саюзьнікі абмяркоўвалі, наадварот, магчымасьць узмацненьня санкцый, у прыватнасьці супраць судоў так званага ценявога флёту Расеі.
Раней па выніках перамоваў у Саудаўскай Арабіі Крэмль заявіў, што Расея спыніць агонь у Чорным моры толькі пасьля адмены санкцый супраць расейскіх вытворцаў, экспарцёраў і перавозчыкаў харчаваньня і ўгнаеньняў, а таксама падлучэньня «Россельхозбанка» да сыстэмы плацяжоў SWIFT. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон разглядае гэтыя ўмовы.
Форум