Marlbrough s’en va-t-en guerre,
Ne sait quand reviendra
Мальбрук сабраўся ў паход,
Ніхто ня ведае, калі вернецца...
Ne sait quand reviendra
Мальбрук сабраўся ў паход,
Ніхто ня ведае, калі вернецца...
Жаўнерская песенька
Калі францускія жаўнеры сьпявалі зьедлівую песеньку пра згубу вельмі непрыемнага для іхнага спакою герцага Мальбара, яны цешыліся, і цешыліся яны рана. Вайскавод са сьмешна скажоным прозьвішчам іх яшчэ ня раз занепакоіў.
Знаходзячыся ў здаровым розуме і цьвярозай памяці, я, Ліпковіч Яўген Абрамовіч, абвяшчаю аб тым, што буду балятавацца ў гарадзкую раду народных дэпутатаў...
А хто там iдзе?.. А чаго захацелася iм?.. Гэтым разам малога, але пэўнага: выратаваньня Севастопальскага парку ад вялікіх грошай... то бок ад забудовы за вялікія грошы. І — «для паляпшэньня ўсеагульнага настрою». Прынамсі, вось такая яна — ляканічная перадвыбарная праграмка новага, гіпатэтычнага пакуль што, кандыдата. Можа, ён такім чынам употай і ў прэзыдэнты мерыцца, але пачатак выклікае прыхільнасьць — галоўнае, нічога лішняга. Так, глядзіш, можна і дамагчыся шуканага, тым больш што ў сп. Ліпковіча за сьпінай больш як 1700 узброеных клявіятурай і мышшу фрэндаў, што па беларускіх маштабах пацягне на палітычную партыю. Не зарэгістраваную, але і ня ўлоўную ў цянёты закону, як ні падкопвайся.
З дня, калі быў выкапаны тамагаўк, зроблена ўжо нямала. Інтэрнэт-апытанка на тэму «Ці зарэгіструюць Ліпковіча кандыдатам у дэпутаты?» паказала аптымістычныя вынікі для кандыдата ў кандыдаты ды, імаверна, падштурхнула яго да наступных крокаў. Блогер абвясьціў, літаральна, «увесь сьпіс» сваёй выбарчай камісіі. І засвоіў мілы звычай зьвяртацца да чытачоў: «Дарагі электарат». І распачаў пошукі старшыні ініцыятыўнай групы згодна з красамоўным прынцыпам:
Выбары абсурдныя, кандыдат абсурдны, значыць, і старшыня ініцыятыўнай групы павінен быць гэткі ж.
Будзем лічыць гэта першай контратакай байнэту ў адказ на ўказ — той, што нумар 60 альбо «Ні кроку з боку...» Рэйдам у тыл суперніка. Туды, дзе не чакалі — у найглыбейшы і неабаронены «рэал».
Ці далёка пойдзе камблог Ліпковіч? Наперадзе шмат сумных і празаічных заняткаў. Нават справа выратаваньня парку можа быць празаічнай. Але зірніце на ягоны юзэрпік — гэта абавязвае.
Калі кожнае выратаванае паркавае дрэўца лічыць паднятай рукой, дэпутацтва Ліпковіча было б гарантаванае. Пакуль скажам асьцярожней, словамі паважанага блогерам Салтыкова-Шчадрына: «Усё гэта далёка не немагчыма».