Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліпковіч: “Ну, хто вінаваты — зразумела, самі, самі вінаватыя”


Гэты экспанат — прыз як найлепшаму публіцысту ў беларускім сэгмэнце «Жывога журналу», падараваны групай бляндынак.
Гэты экспанат — прыз як найлепшаму публіцысту ў беларускім сэгмэнце «Жывога журналу», падараваны групай бляндынак.

1 сакавіка ў галерэі мастацтва «Ў» прайшла «Выстава падарункаў кандыдату ў кандыдаты па Валгаградзкай выбарчай акрузе № 54 Ліпковічу Я.А.»

Сябры, карыстальнікі блог-пляцоўкі «Жывы журнал» і аматары эпатажу разглядалі падарункі, якія атрымаў Яўген Ліпковіч, а таксама задавалі пытаньні што да выбарчай праграмы кандыдата. Наведвальнікі таксама маглі бачыць фотапраект Дыяны Шык «Адзін дзень кандыдата ў кандыдаты» — фотаздымкі Яўгена Ліпковіча ў розны час ў розных мясьцінах.

Асноўная частка выставы — фатаздымкі самога Ліпковіча.

Выстава складалася з мноства падарункаў, якія ў розныя часы і ад розных асобаў атрымаў блогер Яўген Ліпковіч.

Удзельнікі імпрэзы сярод іншага маглі паглядзець на будаўнічую каску, меч, вазу, пакунак кефіру і, канечне, размаляваны жоўты матацыкл.

Жоўты матацыкл.

Антон, былы студэнт, кажа, што прыйшоў пазнаёміцца з чалавекам, які хоча стаць кандыдатам ў дэпутаты, а пасьля і дэпутатам:

«Мала хто ў беларускай палітычнай гісторыі здагадваўся рабіць нешта падобнае. Я спадзяюся, што кандыдата Ліпковіча чакаюць сур’ёзныя палітычныя рэпрэсіі, і мы будзем радыя потым выходзіць на плошчу з партрэтамі Ліпковіча. Калі да моманту рэгістрацыі сваёй ён раптам ня сядзе на 15 сутак за расьпіцьцё кефіру ці піва ў грамадзкіх месцах, то яго чакае цікавая палітычная будучыня».

Каска, падараваная незнаёмцам ля Камароўкі.

Герой імпрэзы Яўген Ліпковіч апантана распавядаў пра свае пляны на пасадзе дэпутата:

«Адно з актуальных пытаньняў, якое стаіць пасьля абароны Севастопальскага парка, гэта пытаньне аб легалізацыі прастытуцыі ў 54 акрузе. Справа ў тым, што на тэрыторыі 54 акругі знаходзіцца тэлебачаньне. Пытаньне аб легалізацыі прастытуцыі — гэта чыстая фармальнасьць, таму што там ужо ўсё існуе, і я думаю, мы лёгка даб’емся таго, каб там вісела адпаведная шыльда».


Кандыдат у кандыдаты абяцаў даць адказы на злабадзённыя пытаньні: «Хто вінаваты?», «Што рабіць?» і «Як нам уладкаваць блізкае замежжа?»:

Ліпковіч: «Ну, хто вінаваты — зразумела, самі, самі вінаваты. Што рабіць? — гэта, зразумела, працаваць. Гэта таксама зразумела. Ну, а што нам рабіць з бліжэйшым замежжам — ну, мы зараблялі на іх, зарабляем і будзем зарабляць. А калі яны разваляцца, мы будзем прыцясьняць іх па адным».

Гэта першы здымак Алены Адамчык, які яна прадала ў 80-я гады за 25 рублёў.

На пытаньне, што чакае ад сёньняшняй сустрэчы ў галерэі «Ў», Яўген Ліпковіч адказваў сьцісла: «Шчасьця!»

«Мы ж падвышаем настрой краіне на цэлы градус. Чым вышэй падымаецца настрой, тым больш прывабнай становіцца краіна для інвэстыцыяў. А кожны градус дае сто мільёнаў. То бок я ужо падвысіў інвестыцыйную прывабнасьць краіны на сто мільёнаў даляраў. Калі тыя, хто сядзіць наверсе, не могуць капіталізаваць гэтыя сто мільёнаў даляраў, значыць, яны не на сваім месцы.

Пакунак кефіру.

Культуроляг Максім Жбанкоў ацэньвае кампанію Яўгена Ліпковіча наступным чынам:

«Ператварыць наяўны абсурд нашага існаваньня ў пэўную палітычную падзею — таксама справа, таксама вынік. Таму з разьлікам на гэтую аўдыторыю спадар Ліпковіч робіць усё правільна: ён дэманстратыўна несур’ёзны, ён нахабна дэмакратычны, ён фактычна гуляе ва ўсіх папулістаў усіх часоў. Фактычна, гэта таксама гульня — гэта гульня ў палітыку, таму што з нашу палітыку, на мой погляд, можна толькі гуляць. І гэта правільны падыход, і ён арыентаваны, як мне падаецца, на правільных людзей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG