Аналітык Гульназ Эсфандыяры ў артыкуле, апублікаваным на ангельскамоўным сайце нашага радыё аргумэнтуе, што адзначэньне ўгодкаў ісламскай рэвалюцыі ў Іране адбываецца пры штораз шырэйшым усьведамленьні, што рэвалюцыя не прынесла іранцам спадзяванага вызваленьня ад палітычнага ўціску, ператварыўшы сёньняшні Іран у фактычную дыктатуру.
У 1979 годзе, калі аятала Хамэйні абвяшчаў Ісламскую рэспубліку, ніхто ня ведаў, што гэтая новая палітычная сыстэмы будзе азначаць на практыцы, але большасьць спадзявалася, што ў новай рэспубліцы будзе значна больш свабоды, чым у Іране, якім кіраваў зрынуты рэвалюцыяй шах Мухамад Рэза Пахлеві.
Рэпрэсіі, які наступілі пасьля пратэстаў супраць пераабраньня Махмуда Ахмадзінэжада прэзыдэнтам Ірану ў чэрвені летась, прымусілі іранцаў згадаць часы ісламскай рэвалюцыі 1979 году і параўнаць іх зь тым, як сёньняшняя ўлада рэагуе на дамаганьні рэформаў:
— Калі паглядзець на сёньняшнюю сытуацыю, дык відаць, што ўціск людзей, якія хацелі рэформаў у 1979, якія хацелі ісламскай рэвалюцыі, ня быў тады такі моцны, — сказаў нашаму радыё эміграцыйны іранскі журналіст Нушабэ Аміры. — У той час мы казалі, што армія шаха зрабіла тое або тое. А сёньня, калі я гляджу на гэтыя арышты, катаваньні, жорсткія рэпрэсіі — я мушу сказаць, што яны непараўнальныя з 1979 годам.
Моцныя пратэсты апазыцыі і жорсткія рэпрэсіі ўладаў наступілі пасьля 12 чэрвеня 2009 году, калі Ахмадзінэжад быў аб’яўлены пераможцам першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, а ягоны апанэнт, Хусэйн Мусаві, абвінаваціў улады ў фальсыфікацыі гэтых выбараў.
Леташнія выбары, паводле аналітыка нашага радыё Гульназ Эсфандыяры, шмат каго з ранейшых прыхільнікаў ісламскай рэвалюцыі схілілі перайсьці ў лягер апазыцыі; некаторыя зь іх сёньня апынуліся за кратамі, дзе, абвінавачаныя ў спробе дзяржаўнага перавароту, чакаюць судоў.
Чаму леташнія прэзыдэнцкія выбары сталі такой пераломнай падзеяй у Іране? Вось што мяркуе экспэрт у пытаньнях Блізкага Ўсходу з Вашынгтону, Расул Нафісі:
"Людзі сутыкнуліся з рэальнасьцю, якую да таго часу да пэўнай ступені ад іх хавалі. Яны ўбачылі, што ўлада вярхоўнага лідэра Ірану большая нават чым у караля, і што гэтая ўлада — неабмежаваная. Гэты выявілася на практыцы падчас прэзыдэнцкіх выбараў".
Першым вярхоўным лідэрам Ірану быў аятала Хамэйні, а пасьля ягонай сьмерці ў 1989 годзе гэтую пасаду да сёньняшняга дня займае аятала Хамэнэі.
На думку Гульназ Эсфандыяры іранская апазыцыя, згуртаваная ў Зялёным руху пад кіраўніцтвам Хусэйна Мусаві, на сёньняшні дзень ня ў змозе зрабіць новую рэвалюцыю і зрынуць клерыкальны рэжым у краіне. Дамаганьні апазыцыі нашмат сьціплейшыя: сумленныя выбары, адказны перад народам урад, свабода выказваньня і вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў. Пакуль што, робіць выснову Эсфандыяры, рэжым ня хоча ісьці на ніякія ўступкі, зрабіўшы стаўку на сілавую расправу з апазыцыяй.
Архіўныя здымкі з Тэгерану падчас ісламскай рэвалюцыі 1979 году: