Гаворка пра штаты:
- Пэнсыльванія
- Джорджыя
- Паўночная Караліна
- Мічыган
- Арызона
- Вісконсін
- Нэвада
Чакаецца, што падвядзеньне вынікаў выбараў ня будзе хуткім.
Пра гэта заявіла ў аўторак старшыня выбарчага штаба Камалы Гарыс Джэн О’Мэлі Дылан, выступаючы ў праграме MSNBC.
«Нам неабходна набрацца цярпеньня, — заявіла О’Мэлі Дылан. — Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбудзецца да пачатку вечара. Але мы ведаем, што ў некаторых буйных штатах вынікі будуць падведзеныя толькі позна ўвечары ці раніцай».
О’Мэлі Дылан выказала надзею, што датэрміновае галасаваньне ў Джорджыі і Паўночнай Караліне стала станоўчым знакам для кампаніі Гарыс.
Кандыдатка ў прэзыдэнты ад дэмакратаў плянуе назіраць за вынікамі выбараў на вечарыне ва Унівэрсытэце Говарда ў Вашынгтоне, унівэрсытэце для афраамэрыканцаў, які яна скончыла ў 1986 годзе па спэцыяльнасьці «эканоміка і паліталёгія». У нядзелю Гарыс заявіла, што толькі што запоўніла свой бюлетэнь для галасаваньня па пошце і ён ужо «па дарозе ў Каліфорнію», яе родны штат.
Кандыдат у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп прагаласаваў у Палм-Біч, штат Флорыда, і заявіў, што яго апошняя прэзыдэнцкая кампанія была самай лепшай.
Да моманту заканчэння датэрміновага галасаваньня ў Паўночнай Караліне ў суботу прагаласавала больш за 4,4 мільёна выбарнікаў, ці амаль 57% усіх зарэгістраваных выбарнікаў штату.
У Джорджыі датэрмінова прагаласавалі больш за 4 мільёны выбарнікаў, што зьяўляецца рэкордным паказчыкам для штату.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум