Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў, вуліца Першамайская, 71



Шыльда свабоды

Магілёў, вуліца Першамайская, 71, Дом саветаў

У гэтым будынку ў пакоі 652 у 1990-я гады знаходзіўся штаб асноўных дэмакратычных партыяў і сілаў Магілёўшчыны, таксама рэдакцыя першай масавай апазыцыйнай газэты “Ратуша”.

У 1990 годзе ў Магілёве на мітынгі, якія ладзіла апазыцыя, выходзілі да 10 тысяч чалавек.Уся Савецкая плошча і падыходы да яе былі запруджаныя людзьмі, якія жадалі пераменаў і ў эканамічным жыцьці, і ў палітычным. Арганізатарамі масавых выступаў людзей былі актывісты мясцовай суполкі Беларускага народнага фронту. Масавыя пратэсты былі такімі моцнымі, што вымушаныя былі трымаць слова на плошчы перад народам абласныя начальнікі, улучна з тагачасным першым сакратаром абкама партыі, будучым міністрам і палітвязьнем Васілём Лявонавым.

Гэта не былі стыхійныя пратэсты. Акцыі старанна плянаваліся і арганізоўваліся апазыцыяй у… Доме саветаў. Пасьля мясцовых выбараў 1990 году мэрам гораду стаў дэмакрат, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, Сяргей Габрусеў. Ён і даў мясцовай арганізацыі БНФ на чале з Анатолем Фёдаравым памяшканьне ў Доме саветаў. А БНФ пацясьніўся і прытуліў аднадумцаў зь іншых партыяў, рухаў, суполак. Штабам, клюбам рэвалюцыі называлі пакой № 652 апазыцыйныя сілы Магілёву, — успамінае актывіст БНФ Сымон Глазштэйн:

“Пакой невялічкі быў. Але там магло сабрацца і трыццаць, і сорак чалавек. Яны стаялі, туліліся, сядзелі і слухалі, як тады казалі, палітінфармацыі Анатоля Фёдаравіча (Фёдарава — В.Р.). Для кагосьці гэта было не зусім патрэбнае відовішча, бо газэты чыталі, “галасы” слухалі. А для кагосьці гэта было вельмі патрэбным, бо тут, у гэтым пакоі, яны атрымлівалі тыя веды, якія закладвалі іхняе разуменьне таго, што адбываецца ў краіне. Розныя людзі прыходзілі — ад пракурора да міліцыянта, адвакаты, дырэктары. Яны прыходзілі, каб набыць дэмакратычную газэту, пагаварыць, знайсьці нейкую пэрспэктыву для краіны, дапамагчы”.

А дэмакратычная, першая незалежная на Магілёўшчыне газэта “Ратуша” таксама рабілася тут. Паводле яе галоўнага рэдактара Алеся Сердзюкова, “Ратуша” была “рупарам апазыцыі. Гэта было вакно, праз якое можна было давесьці ўсе погляды людзей, якія змагаліся за дэмакратыю. Выступалі дэпутаты дэмклюба, выступалі гісторыкі, якія даказвалі, што Беларусь была незалежнай краінай і што яна мае права на вяртаньне незалежнасьці”. Распаўсюджвалася “Ратуша” па ўсёй вобласьці, і неўзабаве наклад яе дасягнуў 15 тысяч.


Пасьля славутай Паўлаўскай рэформы ў 1991 годзе 652 пакой стаў і цэнтрам рабочага руху. У ім арганізоўваліся свабодныя прафсаюзы, тут каардынавалі свае дзеяньні страйкамы. Калі адбыўся путч у жніўні таго ж году, тут былі аддрукаваныя дзесяткі тысяч ўлётак пратэсту.

Аднак дэмакратыя ў вялізным абласным урадавым доме пашыралася толькі на адзін пакой і толькі на некалькі гадоў.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG