Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша, Прывакзальная плошча, чыгуначны вакзал



Шыльда свабоды

Ворша, Прывакзальная плошча, чыгуначны вакзал

Ад 2 да 4 красавіка 1991 году жыхары Воршы блякавалі чыгуначны вузел на знак пратэсту супраць пагаршэньня свайго эканамічнага стану.

Вясна 1991 году. Яшчэ існуе Савецкі Саюз, але ўрад яго ўжо ня ў стане справіцца з эканамічнымі праблемамі. Растуць цэны, з крамаў зьнікае самае неабходнае.

Напальваецца атмасфэра ў Воршы. Моцная гарадзкая арганізацыя БНФ становіцца ініцыятарам утварэньня гарадзкога страйкаму, усьлед за якім паўстаюць страйкамы амаль на ўсіх буйных прадпрыемствах гораду. Гарадзкія ўлады, якія ня могуць стрымаць абурэньне людзей, нават выдзяляюць страйкаму памяшканьне. Людзі ахвотна здаюць грошы на выданьне газэты “Рабочая воля”.

Мітынгі адбываюцца штодня. Але ад размоваў і крыкаў нічога не мяняецца. І аршанцы ідуць на радыкальны крок. 2 красавіка з прывакзальнай плошчы, дзе адбываўся чарговы мітынг, шматтысячны натоўп выходзіць на рэйкі. Адзін з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў СССР, дзе перасякаюцца шляхі з поўдня на поўнач і з захаду на ўсход, цалкам блякуецца. У пастцы апынуліся дзясяткі таварных і пасажырскіх цягнікоў.

Страйкам рашэньня аб блякадзе не прымаў, бо разумеў маштабы наступстваў і адказнасьці. Блякада пачалася стыхійна, але далей ёю трэба было кіраваць. Вузел быў заблякаваны ў трох месцах — на станцыях “Ворша-Цэнтральная”, “Ворша-Ўсходняя” і “Ворша-Заходняя”. Доўжылася яна бесьперапынна тры дні, людзі сядзелі на рэйках зьменамі, — расказвае сябра страйкаму Віктар Андрэеў:

“Сабралі вельмі многа міліцыі, але сіла ніякая не ўжывалася.

Яны проста шчыльнымі шэрагамі стаялі. А людзей было вельмі шмат. У самім вакзале было выдзелена памяшканьне для пасяджэньняў страйкаму. З аднаго боку вакзалу — пакой страйкаму, а з другога боку — пакой, у якім сядзелі КДБ і міліцыя. Вось так праз дарогу і кантактавалі, хто якое рашэньне прыняў”.

Чыгуначны вакзал. Ворша. Фота з архіву Віктара Андрэева

На трэці дзень кіраўнікоў страйкаму запрасілі ў Менск у Вярхоўны Савет, але перамовы ня мелі выніку. І ў Воршы падзеі зайшлі ў кут. Ні страйкоўцы, ні ўлады ня ведалі, што рабіць далей. Сябры страйкаму таксама ня мелі адзінства. Старшыня Мікалай Разумаў прапаноўваў стаяць да перамогі. Але ня мог патлумачыць, да якой. Іншыя лічылі, што трэба прыгожа разысьціся, бо відавочным было, што беларускія ўлады ня могуць самі без Масквы задаволіць іхныя эканамічныя патрабаваньні. А палітычных патрабаваньняў аршанцы ня мелі і праз тры дні разышліся.

На прадпрыемствах пачаліся ганеньні на актыўных удзельнікаў блякады. Пракуратура распачала крымінальную справу. Але неўзабаве сканаў СССР, і справа была закрытая.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG