Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З-за гэтых “Іскандэраў” можам патрапіць у катавасію”


Ракетны комплекс “Іскандэр”
Ракетны комплекс “Іскандэр”
Якую пагрозу Эўропе нясуць пляны Расеі разьмясьціць у Калінінградзкай вобласьці ракеты “Іскандэр”? Як можа адрэагаваць на гэта НАТО? Якія наступствы гэта можа мець для Беларусі? Камэнтары беларускіх вайсковых экспэртаў.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 5 лістапада заявіў пра пляны разьмясьціць у Калінінградзкай вобласьці ракеты “Іскандэр” ды пакінуць на баявым дзяжурстве ў Калускай вобласьці ракетную дывізію, якую раней расейцы зьбіраліся скараціць. Што гэта азначае для бясьпекі Эўропы?

Вялікую пагрозу для Эўропы ў гэтых плянах Расеі бачыць незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін:

“Спыненьне дэмантажу ракетных частак у Калускай вобласьці — гэта найбольш сур’ёзна. Дывізія ў Казельску, паводле ранейшых плянаў, мусіла скараціцца, зьехаць, але зараз яна, пэўна, атрымае новую баявую задачу, новыя цэлі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе радар у Чэхіі. Бо нават самыя мадэрнізаваныя “Іскандэры” ў Калінінградзкай вобласьці з дальнасьцю 500 кілямэтраў патрапяць толькі ў цэлі на тэрыторыі Польшчы ды Нямеччыны. А ў Казельску ракеты стратэгічныя, іх дальнасьць — тысячы кілямэтраў, і да радару ў Чэхіі яны дасягнуць. А гэты радар Расея лічыць для сябе самым небясьпечным, бо ён дазволіць адсочваць запускі ракет ажно да Ўральскіх гор”.

Што да разьмяшчэньня ў Калінінградзкай вобласьці мадэрнізаваных ракет “Іскандэр”, то, паводле Аляксандра Алесіна, рэальна гэтага можна чакаць цягам некалькіх гадоў, бо пакуль масавы выраб ракет не наладжаны, а апошнія іх вэрсіі нават не прайшлі выпрабаваньняў.
Існаваньне сумеснай групоўкі Расеі і Беларусі патрэбна найперш дзеля таго, каб Калінінградзкі рэгіён не вісеў у паветры.
Аднак аглядальнік не выключае, што Расея можа фарсаваць гэтыя працы. Расейскія “Іскандэры” ў Калінінградзкай вобласьці будуць пагражаць ня толькі сыстэме супрацьпаветранай абароны ЗША, але найперш вайсковым, палітычным і эканамічным аб’ектам гэтай часткі Эўропы, мяркуе спадар Алесін. Як на гэта могуць адказаць краіны НАТО?

“Яны могуць выбраць асымэтрычны адказ — павялічаць сваю групоўку ўдарнай авіяцыі ў Польшчы і гэтым паставяць пад пагрозу стратэгічныя цэнтры ў Расеі”.

На думку Аляксандра Алесіна, эскаляцыя вайсковай напружанасьці ў рэгіёне наўпрост пагражае Беларусі, якая зьвязаная з Расеяй дамовай пра сумесную абарону:

“Яны ж самі кажуць, што існаваньне сумеснай групоўкі Расеі і Беларусі патрэбна найперш дзеля таго, каб Калінінградзкі рэгіён не вісеў у паветры. Такім чынам, нас сапраўды могуць уцягнуць у нейкую катавасію”, — мяркуе аглядальнік Аляксандар Алесін.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі бачыць першапрычынай канфлікту ўсё ж пазыцыю Захаду адносна разьмяшчэньня ў Польшчы і Чэхіі элемэнтаў сыстэмы СПА насуперак пазыцыі Расеі:

“Не апраўдваю Расею ніколькі. Я кажу толькі, што Эўропа і ЗША самі напрошваюцца на яе крокі ў адказ. А для Беларусі гэта велізарная небясьпека ў тым сэнсе, што Беларусь зноў апынулася паміж двума суседзямі, якія могуць распачаць між сабой халодную вайну. У такой сытуацыі Беларусі вельмі важна заняць сваю пазыцыю, думаць пра бясьпеку найперш сваю”.

Павал Казлоўскі заклікае бакі вярнуцца да перамоваў на базе дамовы 1992 году аб скарачэньні звычайных узбраеньняў у Эўропе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG