Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апошнія падзеі паказалі залежнасьць Лукашэнкі ад Крамля”


Як можна ацаніць галоўныя падзеі жніўня? Алімпіяда, ураджай, сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі ў Сочы, вызваленьне Казуліна – хто выйграў, а хто прайграў у гэтых працэсах, якія тэндэнцыі яны выявілі?

На гэтыя тэмы дыскутуюць нашы аглядальнікі Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: “Жнівень быў адметны для Беларусі шэрагам падзеяў і зьяваў. З турмаў былі вызваленыя апошнія палітвязьні, на Алімпіядзе ў Пэкіне беларуская каманда дасягнула найлепшых за гісторыю самастойных выступаў вынікаў. А на жніве, паводле афіцыйных зьвестак, сабраны самы высокі ў гісторыі Беларусі ўраджай хлеба – канчатковая лічба можа наблізіцца да 9 мільёнаў тон.

І пачнем з самай сьвежай тэмы – выступу беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Пэкіне. У беларускай калекцыі 19 мэдалёў, зь іх 4 залатых – гэта лепшы выступ на Алімпіядах за гісторыю незалежнай Беларусі. Валер, каму на карысьць такі пасьпяховы выступ – беларускаму патрыятызму альбо сёньняшнім уладам?”

“Незалежна ад палітычнай сыстэмы людзі ганарацца перамогамі сваіх атлетаў”

Карбалевіч
: “Гэтыя чыньнікі цяжка падзяліць, хаця можна сказаць, што спартовыя посьпехі – вынік разьвіцьця беларускай нацыі.

Асноўны цяжар падтрымкі спорту кладзецца на дзяржбюджэт і дзяржаўныя арганізацыі. У іншых краінах вялікая роля прыватнага капіталу ў сфэры спорту. У Беларусі прыватны капітал пакуль слаба прысутнічае ў гэтай сфэры. І вось калі з прычыны росту коштаў расейскіх энэргарэсурсаў пачнуцца эканамічныя цяжкасьць, то гэта моцна ударыць па дзяржаўнай падтрымцы спорту. Напрыклад, тыя ж лядовыя палацы вельмі энэргаёмістыя аб’екты. І пры росьце коштаў на энэргарэсурсы яны наўрад ці стануць самаакупнымі.

Нарэшце, як у любой недэмакратычнай краіне спорт стаў элемэнтам ідэалёгіі, прапаганды посьпехаў ня столькі нацыі, колькі дзейнага рэжыму. Дзяржаўныя мэдыі даводзяць, што чарговая алімпійская мэдаль важная не сама па сабе, а як вынік правільнасьці дзяржаўнай палітыкі”.

Цыганкоў: “Пэкінскі вынік нельга расцаніць як адназначны посьпех. У пэўным сэнсе проста пашанцавала, бо на мінулай Алімпіядзе было 10 чацьвёртых месцаў і 15 мэдалёў. Зараз 19 мэдалёў, так што розьніца ня надта вялікая. Зь іншага боку, гэта вышэй чым чакалася. Напрыклад, да Алімпіяды букмэкеры прымалі роўныя стаўкі на тое, ці атрымае Беларусь 14 мэдалёў. Што сапраўды радуе заўзятараў – тое, што ўсе чэмпіёны, – гэта маладыя людзі, выхаванцы ўжо беларускай спартовай школы, а не савецкая спадчына.

Але можна сказаць, што перамогі ў некаторых відах спорту, напрыклад, у тым самым веславаньні на байдарках, атрыманыя ня дзякуючы, а насуперак дзяржаве. Бо большасьць сродкаў ідзе на футбол і хакей, а многія віды, якія прыносяць алімпійскія мэдалі, дзяржаўнай увагай занядбаныя і трымаюцца на энтузіязьме. Бо які б ні быў палітычны рэжым, заўсёды будуць людзі, якія захочуць займацца спортам, перамагаць і ставіць рэкорды.

Алімпіяда – гэта той час, калі людзі ва ўсіх краінах пачынаюць перажываць за сваіх, і незалежна ад палітычнай сыстэмы ганарацца перамогамі сваіх атлетаў. Гэта падвышае нацыянальную самасьвядомасьць, нацыянальны гонар. Напрыклад, на чэмпіянатах сьвету ці Эўропы па футболе, дзе беларускай каманды няма, і магчыма, доўга яшчэ ня будзе – там беларусы заўзеюць за чужыя зборныя, многія зь іх за Расею. А на Алімпіядзе беларускія спартоўцы ёсьць, і часам яны перамагаюць, і таму большасьць беларускіх заўзятараў перажываюць за сваіх, і гэта, безумоўна, станоўчы момант для нацыянальнай самасьвядомасьці і ідэнтычнасьці”.

“Найбольшыя ўраджаі, найменшыя заробкі”

Цыганкоў: “Другая тэма месяца – гэта перамогі на палетках, рэкордны ўраджай зернявых...”

Карбалевіч: “Праблема ў тым, што ў Беларусі, як у любой нярынкавай эканоміцы, мала каго цікавіць цана дасягнутага ўраджаю. Аграрная вытворчасьць амаль цалкам нерэнтабельная і жыве на дзяржаўных датацыях.

Цыганкоў: “Валер, але датацыі існуюць ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Ці не ўсё роўна, якога колеру кошка, калі яна ўсё роўна ловіць мышэй? Ці ня важна, як дасягаюцца тыя посьпехі, калі сельская гаспадарка выдае рэкордныя ўраджаі?”

Карбалевіч: “Але ёсьць розьніца. Доля бюджэту, якая ідзе на падтрымку сельскай гаспадаркі, у Беларусі значна большая, чым у іншых краінах. Прычым яе дакладна цяжка вылічыць. Тут ня толькі прамые дзяржаўныя субсыдыі, але і ўскосныя. Вось, напрыклад, пастаўкі калійных угнаеньняў гаспадаркам для “Беларуськалію” нерэнтабэльныя. І вялізарная праграма будаўніцтва аграгарадкоў – гэта “чорная дзірка” беларускага бюджэту.

Акрамя таго, на Захадзе дзяржава субсыдзіруе эфэктыўнага ўласьніка, і неэфэктыўныя ўласьнікі разараюцца, прадаюць сваю зямлю больш эфэктыўным. У Беларусі ў сельскай гаспадарцы няма банкруцтваў, дзяржава дапамагае ўсім калгасам. У выніку атрымліваецца, што экспартуючы мяса-малочную прадукцыю, Беларусь субсыдзіруе замежнага спажыўца”.

Цыганкоў: “Нельга не ўзгадаць і тое, што менавіта ў сельскай гаспадарцы ў Беларусі самы нізкі заробак сярод усіх іншых галінаў. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі за чэрвень-ліпень ён склаў 491 тысячу – амаль у два разы менш, чым у сярэднім па краіне. Так што словы Аляксандра Лукашэнкі пра даярак, якія зарабляюць па 800 даляраў у месяц, застаюцца нейкімі легендамі і зьдзекам з працаўнікоў сяла”.

Што можа Лукашэнка “прадаць” Захаду?

Цыганкоў: “Вызваленьне палітвязьняў – чыёй перамогай гэта можа стаць?”

Карбалевіч: “Невядома, як вызваленьне палітвязьняў паўплывае на ўнутрыпалітычныя працэсы. Намэнклятура вельмі чуйная да любых сыгналаў зьверху. Магчыма, чыноўнікі на месцах прачытаюць гэты сыгнал у тым сэнсе, што Лукашэнка не такі моцны, таму да рэпрэсіяў супраць апанэнтаў трэба ставіцца больш асьцярожна, бо сытуацыя можа зьмяніцца.

Мы былі сьведкамі, як зімой спрабавалі рэалізаваць такі абмен: вызваленьне палітзьняволеных на паляпшэньне дачыненьняў з Захадам – не ўдалося. У выніку ў сакавіку пачаўся канфлікт з ЗША, якому спадарожнічаў новы віток рэпрэсіяў. Зьявіліся новыя палітзьняволеныя.

Калі выбары будуць прызнаныя недэмакратычнымі, Захад ня пойдзе на саступкі, а Расея нязначна павысіць кошты на газ, то ў краіне можна зноў пачацца палітычнае пахаладаньне, могуць зьявіцца новыя палітзьняволеныя”.

Цыганкоў
: “Беларуская гісторыя апошніх гадоў – гэта, на жаль, сапраўды чаргаваньне двух пэрыядаў, якое па-майстэрску кіруецца зьверху – чаргаваньне адлігаў з пахаладаньнямі. Калі сёньня адчуваецца нейкая эўфарыя з нагоды вызваленьня палітвязьняў, варта нагадаць, што ў палітычнай сыстэме пакуль нічога не зьмянілася.

Зь іншага боку, Захад зараз ня можа зусім не заўважыць гэты крок беларускага кіраўніцтва, ня можа не адрэагаваць на яго. Магчыма, Лукашэнка можа паўтарыць шлях лібійскага лідэра Муамара Кадафі, які пайшоў на пэўныя саступкі Захаду (адмовіўся ад падтрымкі тэрарызму), але захаваў палітычную сыстэму краіны некранутай. І гэты крок знайшоў паразуменьне з боку Захаду, лібійскаму лідэру было шмат даравана, але паўтаруся – ён ніякім чынам не аслабіў сваю аднаасобную ўладу”.

Карбалевіч: “Але я хацеў бы запярэчыць... Адмова ад падтрымкі міжнароднага тэрарызму – гэта для Захаду было вельмі важна, і гэты тавар Кадафі па добрай цане “прадаў” Захаду. Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ір прадаў сваю адмову ствараць атамную бомбу. Што можа Лукашэнка “прадаць” Захаду?”

Цыганкоў: “Напрыклад, цяпер ідуць размовы (пра гэта казаў расейскі амбасадар Сурыкаў), што магчымае ўсталяваньне на тэрыторыі Беларусі ракетных комплексаў “Іскандэр” альбо стратэгічных бамбавікоў. Вось што можна прадаць Захаду, гаворачы, што калі вы падставіце мне плячо, дапаможаце – я ня буду разьмяшчаць гэта на нашай тэрыторыі”.

Карбалевіч: “Але праблема ў тым, што такі самы “тавар” Лукашэнка прадае і Расеі. Адно і тое “прадаць” адначасова двум пакупнікам, якія зацікаўленыя ў процілеглым мэтах, немагчыма. Бо, прадаўшы аднаму, ты выклікаеш абвастрэньне дачыненьняў зь іншым бокам”.

“Гэта было публічным прыніжэньнем беларускага лідэра”

Цыганкоў: “Апошняя тэма нашай гутаркі – перамовы Лукашэнкі ў Сочы”.

Карбалевіч: “Лукашэнка палічыў, што Каўкаская вайна нечакана дала яму ў рукі новы інструмэнт, новы тавар для торгу з Расеяй. Маю на увазе беларускую падтрымку расейскай пазыцыі. Калі раней, падчас мінулых міжнародных крызісаў, такая падтрымка аказвалася аўтаматычна, як аўтаматычна ажыцьцяўлялася субсыдыя Беларусі за кошт танных энэргарэсурсаў, то цяпер сытуацыя зьмянілася. Лукашэнка зразумеў, што такой падтрымкай можна таргавацца і выгадна прадаць.

Таму такая дзіўная пазыцыя беларускага кіраўніцтва. Паўтары тыдні з пачатку вайны нечаканае маўчаньне, якое не зьмянілася нават пасьля вокрыку расейскага амбасадара. А вось падчас сустрэчы зь Мядзьведзевым Лукашэнка зрабіў такі кульбіт і раптам пачаў так хваліць Расею, што стала ўсім няёмка”.

Цыганкоў: “Назіраючы за палітычным стылем Лукашэнкі 15 гадоў, мы ўжо навучыліся, здаецца, адрозьніваць, калі і як ён гаворыць, што называецца, ад душы, а калі скрозь зубы. Тое, што ён гаварыў пра “мудра і прыгожа” – гэта было як мінімум скрозь зубы. Калі не казаць, што гэта было прыхаванай іроніяй.

Але расейскія электронныя СМІ, тэлевізія ніякай іроніі не заўважылі – не захацелі заўважыць. Цалкам сур’ёзна паказвалі сюжэты пра тое, як Лукашэнка шчыра і аддана падтрымлівае Расею.

Апошнія падзеі вакол каўкаскай вайны паказалі, наколькі ўсё ж залежны Аляксандар Лукашэнка ад Крамля. Гэта ня толькі ягоная падтрымка дзеяньняў Масквы, але такі непатрэбны крок, як сустрэча з лідэрамі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Сустрэча, безумоўна, не плянавалася, і відавочна, што менавіта расейскае кіраўніцтва прымусіла Лукашэнку да гэтай сустрэчы. І гэта было публічным прыніжэньнем беларускага лідэра, дэманстрацыя яму таго месца, якое ён мусіць займаць у геапалітычным раскладзе”.

Карбалевіч: “Плюс згода Беларусі стварыць з Расеяй адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны. Інакш кажучы, калі гэтае рашэньне рэалізуецца, то камандаваць супрацьпаветранай абаронай Беларусі будзе расейскі генэрал. Гэта страта часткі сувэрэнітэту краіны. А што ў замен? Публічна расейскі бок пакуль нічога не паабяцаў. Таму гэты раўнд застаўся за расейскім бокам, але торг працягваецца”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG