Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Менавіта гэтая партыя старшынюе цяпер у АДС.
“Мы хочам скласьці групу з 500—600 валянтэраў, — кажа спадар Лябедзька. — Мяркуем, што асабліва актыўна будуць працаваць нядаўнія кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іхнія каманды. Каб сабраць столькі людзей на ўстаноўчы сход, патрэбна вялікая заля. І гэта будзе выпрабаваньнем для ўладаў. Калі яны насамрэч гатовыя да дыялёгу, то павінны даць нам адпаведнае месца”.
Апазыцыя хоча ўнесьці ў Выбарчы кодэкс тры істотныя зьмены. Па-першае, забясьпечыць прадстаўнікам палітычных партыяў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, аўтаматычны доступ у выбарчыя камісіі. Па-другое, скасаваць наагул альбо прынамсі жорстка рэглямэнтаваць працэдуру датэрміновага галасаваньня. І па-трэцяе, значна пашырыць правы назіральнікаў, асабліва пры падліку галасоў.
Беларускае заканадаўства прадугледжвае, што для рэалізацыі такой ініцыятывы спачатку трэба сабраць сама менш 50 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі.