Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі сустрэліся з эўрадэпутатамі


Сёньня ў Вільні прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, якія ўваходзяць у групу па працы зь Беларусьсю.

Normal 0 У распарадку эўрапейскіх парлямэнтароў гэтая падзея значыцца як выязное паседжаньне групы. Ягоная адметнасьць у тым, што два тыдні таму сябры групы зьбіраліся прыехаць у Менск. Аднак не змаглі атрымаць уязныя беларускія візы.

Эўрапейскую дэлегацыю ў Вільні ачольвае кіраўнік групы — дэпутат з Польшчы Яцэк Пратасевіч (на здымку) . Пра высокі статус эўрапарлямэнтароў сьведчыць тое, што іх прымае прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус. А сустрэчы зь беларускай апазыцыяй папярэднічалі кансультацыі з дэпутатамі літоўскага Сойму і наведваньне Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Беларусь на перамовах прадстаўлялі Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Жана Літвіна, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Навасяд, Аляксей Янукевіч. У дыскусіі ўдзельнічаў і Юры Бандажэўскі.

Анатоль Лябедзька сказаў “Свабодзе”, што беларускія палітыкі патлумачылі эўрапейцам сваё бачаньне дыялёгу. Нельга, каб ён зьвёўся толькі да перамоваў паміж эўрапейцамі і беларускімі ўладамі. У працэс абавязкова трэба ўключыць і беларускую апазыцыю:

“Мы агучылі свой падыход. Мы крытычна аднесьліся да таго, што некаторыя амбасадары эўрапейскіх краінаў, якія акрэдытаваныя ў Менску, кажуць, што можна весьці перамовы і на двухбаковым узроўні, выключаючы аб’яднаныя дэмакратычныя сілы.

Наша пазыцыя такая: мы ня кажам, што ўжо заўтра мы будзем сядзець разам за адным сталом — круглым ці квадратным. Але тое, што АДС павінны стаць суб’ектам перамоваў, гэта наш жорсткі падыход. І эўрадэпутаты гэта падзяляюць”.

Яцэк Пратасевіч — мадэратар дыскусіі, — падводзячы яе вынікі, сказаў, што беларуская апазыцыя слушна ставіць цяпер галоўнай праблемай зьмену выбарчага заканадаўства. Яму асабліва падабаецца ідэя збору подпісаў сярод грамадзянаў Беларусі аб зьменах у Выбарчым кодэксе. Як адзначыў спадар Пратасевіч, “надзвычай важна, каб улады пачулі голас ня толькі палітыкаў, але і шараговых грамадзянаў Беларусі”.

Яцэк Пратасевіч паведаміў, што пра вынікі сёньняшняй сустрэчы ён апэратыўна праінфармуе кіраўніцтва Эўрапарлямэнту і Эўразьвязу. Асобная размова адбудзецца са спадарыняй Хельгай Шміт, галоўнай прадстаўніцай Эўразьвязу на перамовах зь Беларусьсю. Паводле Яцэка Пратасевіча, спадарыня Шміт зьбіраецца бліжэйшым часам наведаць Менск.

9 кастрычніка Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Пасьля гэтага рада Эўразьвязу прыпыніла на паўгода візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. У сярэдзіне кастрычніка старшыня Эўрапарлямэнту і кіраўнікі фракцый заклікалі беларускія ўлады “зьняць забарону на ўезд у Беларусь палітыкаў з краін Эўразьвязу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG