Іна Студзінская, Менск Час ад часу ў музычным сьвеце выбухаюць скандалы. Гавораць, што адзін кампазытар скраў у другога мэлёдыю, тэму ці цалкам твор. Або гавораць, што пэўны вядомы твор напісаў не прызнаны аўтар, а нехта іншы. Нядаўна ў беларускай прэсе каторы ўжо раз зьявіліся публікацыі, згодна зь якімі знакаміты палянэз ля мінор “Разьвітаньне з Радзімай” напісаў зусім не Міхал Клеафас Агінскі ў 1794 годзе, а Дзьмітры Рагаль-Лявіцкі, і значна пазьней – у сярэдзіне 50-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Ці часта здараецца плягіят у музыцы і ці пазычаюць мэлёдыі і тэмы беларускія кампазытары, высьвятляла наша карэспандэнтка.