Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сябры” абвесьцілі пра свой апошні канцэрт


Ігар Карней, Менск Мастацкі кіраўнік і саліст вакальна-інструмэнтальнага ансамблю “Сябры” Анатоль Ярмоленка не выключае, што калектыў больш ня будзе выступаць перад публікай. Паводле спадара Ярмоленкі, трыццаць гадоў на сцэне — дастатковы тэрмін, каб прыгожа пайсьці. Апошні канцэрт “Сяброў” заплянаваны на 11 сьнежня ў Палацы рэспублікі. З Анатолем Ярмоленкам пагутарыў наш карэспандэнт.

На канцэртных афішах напісана, што ансамбль “Сябры”, які сёлета адзначыў 30-годзьдзе творчай дзейнасьці, дасьць свой апошні канцэрт 11 сьнежня. Гэта ж сьцьвярджаецца і ў тэлевізійнай рэкляме плянаванага выступу. Спраўдзіць досыць нечаканую для прыхільнікаў творчасьці “Сяброў” інфармацыю я паспрабаваў у нязьменнага лідэра калектыву Анатоля Ярмоленкі.

(Ярмоленка: ) “Няхай адзінаццатага прыходзяць на канцэрт, там усё пабачаць…”

(Карэспандэнт: ) “Магчыма, будуць зробленыя нейкія заявы?”

(Ярмоленка: ) “У пэўным сэнсе. А як інакш? Зараз я не магу рабіць ніякіх камэнтароў”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж не магло быць так, што тэлебачаньне бяз вашага ведама само распаўсюдзіла інфармацыю пра апошні канцэрт “Сяброў”?”

(Ярмоленка: ) “Я ўвогуле не хацеў нічога абвяшчаць; усё пайшло як пясок праз пальцы. Гэта ўвогуле мая справа. Трыццаць гадоў мы адпрацавалі, дай Бог кожнаму пратрымацца так, як мы пратрымаліся”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж у калектыве шмат і маладых удзельнікаў…”

(Ярмоленка: ) “Маладыя дзякуючы таму, што працавалі побач са мной, змогуць працаваць самі. І потым — жыцьцё ж не заканчваецца, мы ж не зьнікаем. Мы ўсё роўна музыкі… Ты цяпер выцягваеш мяне на шчырасьць, а я не хацеў бы на гэтую тэму разважаць. Прыходзьце на канцэрт і ўбачыце. А ўвогуле, дзякуй, што хвалюецеся. Калі б ніхто не зьвярнуў увагі, было б прыкра. А так… Ну, што рабіць? Мне патрэбна самому ўсё яшчэ зразумець. Калі я скажу, дык гэтыя рэчы павінны быць канкрэтныя, дакладныя... Але, натуральна, стомленасьць ёсьць. Складана ў такім рытме працаваць трыццаць год… Нават калі мы спынімся на цяперашняй кропцы, гэта можна будзе расцаніць як падзеньне, а далей разьвівацца яшчэ больш складана”.

(Карэспандэнт: ) “Рашэньне з катэгорыі “сысьці прыгожа”?”

(Ярмоленка: ) “Хацелася б, каб так. Але тут столькі праблемаў, наваротаў адразу, што я… Я не магу зараз сказаць. Я буду думаць”.

Ансамбль “Сябры” быў створаны ў 1974 годзе пры Гомельскай абласной філярмоніі. Ад таго часу нязьменным мастацкім кіраўніком і вядучым салістам калектыву быў Анатоль Ярмоленка. У выкананьні “Сяброў” гучалі такія папулярныя песьні як “Дзяўчына з Палесься”, “Майскі вальс”, “Кася”, “Шуміце, бярозы”. Сёлета “Сябры” адзначылі сваё 30-годзьдзе, а Анатоль Ярмоленка — 57-ы свой дзень нараджэньня. Цяпер прыхільнікаў творчасьці ансамблю “Сябры” цікавіць толькі адно: ці сапраўды рашэньне пакінуць сцэну канчатковае?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG