25 кастрычніка беларускі музычны гурт «Петля пристрастия» выпусьціў свой сёмы студыйны альбом «Супэрпазыцыя». Ён стаў першым цалкам беларускамоўным, дагэтуль усе кружэлкі гурту складалі творы з расейскамоўнымі тэкстамі, а сам гурт мае вялікую аўдыторыю ў Расеі. Рэліз выклікаў хвалю абурэньня акурат там. Фанаты наракалі на незразумеласьць тэкстаў і абураліся тым, што гурт перайшоў на беларускую мову. Свабода пагаварыла зь беларусамі, якія зрабілі тое ж пасьля падзей 2020-га ці 2022 году.
«Іншы погляд на сьвет»
Прадпрымальнік, сябра Каардынацыйнай рады Аляксандар Кныровіч перайшоў на беларускую мову і здаў іспыт на ўзровень В1 па польскай у 50-гадовым узросьце. Лічыць гэтыя два свае дасягненьні подзьвігам.
У сярэдзіне 2010-х бізнэсовец, кіраўнік буйнога холдынгу «Сармат», Аляксандар Кныровіч разам з Алегам Хусаенавым, Аляксандрам Паліўкам і Дзянісам Цярэшчанкам вялі праект «Мой бізнэс» на канале ОНТ. У «бізнэс-анёла» Кныровіча былі свае праекты і ў клюбе «Імагуру». Размаўляў ён выключна па-расейску. У 2017-м яго затрымалі, абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і хабары. Пасадзілі на 5 гадоў.
Пасьля адбыцьця тэрміну ў верасьні 2021 году Аляксандар Кныровіч пераехаў у Польшчу, актыўна выступае ў СМІ, вядзе тэлеграм-канал. У Польшчы таксама пачынаў па-расейску. У канцы 2022 году цалкам перайшоў на беларускую мову.
«Калі б я сказаў, што гэта было сьвядомым выбарам — перайсьці на беларускую мову ў публічных камунікацыях — гэта было б хлусьнёй. Не было гэта сьвядомым выбарам», — шчыра прызнаецца Кныровіч.
Бізнэсовец раз на тыдзень выступаў у стрымах «Эўрарадыё», а гледачы пастаянна пісалі ў камэнтарах, а чаму па-расейску? І ў верасьні 2022 году ў эфіры Эўрарадыё ён паабяцаў, што праз 4 месяцы, з новага году, цалкам пяройдзе на беларускую мову.
«Я ўсё ж такі беларус, хоць і вырас у расейскамоўным атачэньні. Карацей, я паабяцаў гэта сваім гледачам. Другі крок — мая праграма пра эканоміку „Атмасфэра“ на „Белсаце“. Мы спрабавалі рабіць двумоўнае выданьне, але праз пэўны час вырашылі перайсьці на беларускую. Была нейкая рызыка, але мы асэнсавана рабілі гэта.
Ну а трэці крок... Калі ты ўжываеш беларускую мову, у цябе іншы погляд на сьвет, такое дзіўнае ўнутранае адчуваньне, гэта праўда. Беларуская мова — гэта тое, што нас аб’ядноўвае, дазваляе сябе адчуваць беларусамі.
І на сваім асабістым канале, калі я раблю стрымы, ёсьць правіла: калі пытаньне задаецца па-беларуску, заўсёды адказваю па-беларуску праз павагу да свайго гледача».
Аляксандар Кныровіч расказаў, што некалькі ўрокаў займаўся з настаўнікамі. Ён вельмі ўдзячны супрацоўнікам «Белсату», якія падказвалі, як правільна вымаўляць, ставіць націск.
І з гонарам кажа, што нядаўна здаў іспыт па польскай мове на ўзровень В1. Займаўся 2-3 разы на тыдзень цягам 8 месяцаў з рэпэтытарам і здаў з вынікам 84%.
«Гэта мой подзьвіг у 50 гадоў! Мае родныя апошні месяц не маглі мяне пераносіць, я быў вельмі напружаны, злы! Бо ў 50 мова заходзіць ня так, як у 15 гадоў ці 8. Я глядзеў на сваю ўнучку, якая праз тры месяцы ў Польшчы ўжо размаўляла, а цяпер ведае мову ня горш за палякаў. Але і я гэта зрабіў!» — кажа Аляксандар Кныровіч.
«Добрая школа была ў мяне за кратамі»
Зьміцер Фурманаў уваходзіў у ініцыятыўную групу па вылучэньні Сьвятланы Ціханоўскай у прэзыдэнты. Арыштавалі Фурманава падчас пікету для збору подпісаў у Горадні 29 траўня 2020 году
разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Асудзілі на 2 гады калёніі, выйшаў на волю 21 кастрычніка 2021 года і адразу ж выехаў зь Беларусі. Жыве ў Вільні, ён сузаснавальнік прасторы і крамы «Кропка». Цалкам перайшоў на беларускую мову ўжо ў эміграцыі, у канцы 2022-га.
Аднак кажа, што са сваёй будучай жонкай Вольгай пачаў выкарыстоўваць беларускую мову ў сацсетках у канцы 2019 году.
«Прычым ня толькі паміж сабой, але і ў камунікацыях зь іншымі людзьмі мы кантактавалі па-беларуску. Гэта быў першы крок да паступовага пераходу на беларускую мову ў размовах.
Добрая школа беларускай мовы была ў мяне за кратамі. Мне слалі лісты, паштоўкі — я адказваў па-беларуску. Чытаў кнігі, хоць іх у турэмнай бібліятэцы было ня так шмат. Гэта апрача сапраўднай школы, бо я застаў яшчэ часы, калі ў 1990-х усе прадметы выкладаліся па-беларуску», — успамінае Зьміцер.
У канцы 2022 году яны з жонкай прыйшлі да высновы, што могуць і павінны размаўляць па-беларуску.
«Я тады скончыў праваабарончую школу ў Вільні, выкладчык Андрэй Палуда са зьдзіўленьнем запытаўся, чаму я дагэтуль размаўляю па-расейску, хоць у сацсетках пішу па-беларуску. Я адказаў, што рыхтуюся перайсьці, але крыху асьцерагаюся, што мой узровень беларускай яшчэ слабаваты, не хачу пачынаць з трасянкі. Ён сказаў, што трэба пачаць размаўляць — і паступова ўдасканальваць.
Цяпер у сям’і гаворым выключна па-беларуску, шмат чытаем СМІ, глядзім ютуб-каналы на беларускай. У сваёй краме „Кропка“ прадаём беларускія кніжкі», — кажа Фурманаў.
Зьміцер і Вольга Фурманавы вывучылі на базавым узроўні і літоўскую мову. Калі атрымалі статус уцекачоў, вучыліся на праграме інтэграцыі, потым яшчэ дадаткова хадзілі на курсы. За паўтара года атрымалі сэртыфікаты ўзроўню А2.
«Калі зьяжджаеш, больш востра адчуваеш сябе беларусам»
Канстанцін Каверын, вядоўца праграмы «Обычное утро» на YouTube, а ў мінулым голас «Барысаў Арэны» і «Радыё Юністар» у звычайным жыцьці, у эфірах, на футбольных матчах карыстаўся выключна расейскай мовай. Летам 2022 года выехаў з краіны разам з жонкай, якая працуе ў ІТ і рэлякавалася ў Варшаву. Прызнаецца, што пераход на беларускую ўжо ў Польшчы ня быў справай прынцыпу.
«Нічога прынцыповага ў гэтым няма. Пачалося і пачалося. Пачыналі эфіры ў Варшаве па-расейску, калі госьці беларускамоўныя — пераходзілі на яе.
Але за мяжой хочацца быць крыху больш беларусам, чым насамрэч ёсьць. Мы ж у эміграцыі, мы эмігранты. А дзе яшчэ захоўваць беларускасьць, як не ў эміграцыі? Ну не ў Беларусі ж яе захоўваць!» — кажа Канстанцін.
Тэлевядоўца расказаў, як днямі рыхтаваўся да размовы з кіраўніком Беларускай рады культуры Сяргеем Будкіным пра «Ноч расстраляных паэтаў».
«Прыйдзе Будкін, ну як пра гэта я буду размаўляць па-расейску? На сайце Радыё Свабода знайшоў некалькі цікавых артыкулаў, пачытаў, падрыхтаваўся.
Я лічу, што калі ты зьяжджаеш, ты больш востра адчуваеш сябе беларусам. Ты апынуўся ў іншамоўным асяродзьдзі, польскім, і пачынаеш сам сабе задаваць гэтае пытаньне: хто ты? Гэта не пытаньне прынцыпу, так яно ідзе само. І гэта нармальна. Хаця, напэўна, калі б мы заставаліся ў Беларусі, рабілі б такі прадукт па-расейску», — шчыра кажа Канстанцін.
Польскую мову тэлевядоўца збольшага вывучыў, хоць іспытаў на ўзровень не здаваў.
«Па-польску размаўляю — каб папіць піўка, пагаварыць з палякамі. Я сам хачу памяняць колы ў машыне, вырашыць побытавыя пытаньні. На бацькоўскія сходы ў школу хаджу. Вядома, карыстаюся і «тлумачом» (перакладчыкам. — РС) онлайн.
Год вучыў польскую мову з рэпэтытарам, а потым мяне вучылі ў пабе п’янтосы. Яны паслабленьняў не даюць, калі ты шпарыш, як лох, яны табе гэта і скажуць у твар.
Ну а дачка ведае польскую, зразумела, лепш за мяне, яна мяне папраўляе. Напрыклад, прыйшоў купіць увільгатняльнік паветра і ня ведаў, як сказаць па-польску, а дачка адразу падказала: «nawilżacz», — падзяліўся Канстанцін Каверын.
Штраф 2 злотыя за расейскае слова
Алеся (імя зьмененае з пытаньняў бясьпекі. — РС) прыехала ў Польшчу летам 2021 году. У Беларусі на працы, зь сябрамі, сваякамі размаўляла па-расейску, хаця беларускую мову добра ведала. У атэстаце па беларускай мове і літаратуры былі «дзявяткі», цэнтралізаваны тэст здавала па беларускай мове і атрымала 87 балаў.
Суразмоўца расказвае, што ў Польшчы падалася на «карту паляка» і зь першых дзён пачала інтэнсіўна вывучаць польскую мову (для атрыманьня дакумэнта трэба было здаць адмысловы іспыт па мове, гісторыі, культуры). Кажа, што добрае веданьне беларускай дапамагло даволі хутка засвоіць і польскую. Але сур’ёзна займалася з рэпэтытарам, нямала грошай пайшло на яго аплату.
Уладкавалася на працу спачатку на склад, з калегамі-палякамі старалася размаўляць па-польску, а зь беларусамі, якія таксама працавалі на складзе, гаварыла па-расейску.
«Калектыў на працы быў інтэрнацыянальны: палякі, беларусы, украінцы. Калегі-палякі неяк пацікавіліся, чаму паміж сабой беларусы размаўляюць па-расейску, няўжо мы ня ведаем роднай мовы. Задумаліся: нібыта ведаем... Асабіста для мяне перайсьці на беларускую наагул не праблема, я шмат чытаю па-беларуску.
Ну а калі пачалася вайна ва Ўкраіне, мы вырашылі, што размаўляць у Польшчы па-расейску — гэта ганьба! Увялі на працы сыстэму сымбалічных штрафаў — 2 злотыя за ўжываньне расейскіх слоў. Паставілі „скарбонку“ — прыгожую скрыначку з проразьзю для манэтак. Трацілі іх на слодычы да кавы. Быццам бы 2 злотыя і невялікія грошы, але праз пару месяцаў пілі каву ў перапынак ужо без ласункаў, ніхто „не праколваўся“», — з усьмешкай успамінае Алеся.
Потым Алеся выйшла замуж за беларуса, сужэнцы вырашылі пераехаць у больш вялікі горад. Абое здалі польскую мову на ўзровень В1. Паміж сабой і зь беларускімі сябрамі яны размаўляюць выключна па-беларуску. Алеся скончыла курсы «ксенговых» (бухгальтараў). Здала наступны іспыт па польскай ужо на ўзровень В2. Уладкавалася на новую працу, фінансавым аналітыкам.
Форум