Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША заявілі, што Расея перакінула 8 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Курскую вобласьць


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Паўночнакарэйскія вайскоўцы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Паўночнакарэйскія вайскоўцы

ЗША заявілі, што маюць інфармацыю аб тым, што каля 8 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Курскай вобласьці Расеі непадалёк ад мяжы з Украінай, і Расея «цалкам мае намер» задзейнічаць іх у баявых дзеяньнях супраць украінскіх войскаў.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на брыфінгу ў Дзярждэпартаменце 31 кастрычніка заявіў, што Злучаныя Штаты чакаюць адпраўкі вайскоўцаў КНДР на фронт у бліжэйшыя дні. Блінкен паўтарыў, што яны стануць «законнымі ваеннымі мішэнямі», калі іх задзейнічаюць у вайне ва Ўкраіне.

Гэта пытаньне было адным з галоўных пытаньняў парадку дня, калі Блінкен і міністар абароны ЗША Лойд Остын арганізавалі перамовы зь міністрам замежных спраў Паўднёвай Карэі Чо Тхэ Юлам і міністрам абароны Кім Ён Хёнам.

Расея навучае паўночнакарэйскіх вайскоўцаў выкарыстаньню артылерыі, бесьпілётнікаў і «базавым дзеяньням пяхоты», уключаючы расчыстку траншэяў, «што сьведчыць пра поўны намер выкарыстоўваць гэтыя сілы ў франтавых апэрацыях», адзначыў Блінкен на брыфінгу.

«Адна з прычынаў таго, што Расея зьвяртаецца да гэтых паўночнакарэйскіх войскаў, заключаецца ў тым, што яна ў адчаі. Пуцін кідае ўсё больш і больш расейцаў у мясарубку, якую ён зрабіў ва Ўкраіне», — сказаў Блінкен.

Тое, што Пуцін зтвяртаецца да задзейнічаньня паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на вайне ва Ўкраіне, на думку Блінкена, ёсьць «відавочнай прыкметай слабасьці».

Ён дадаў, што Расея церпіць каля 1200 стратаў у дзень ва ўсходняй Украіне — «больш, чым у любы іншы час вайны».

  • Раней выданьне Financial Times са спасылкай крыніцы ва ўкраінскай выведцы пісала, што ў Курскай вобласьці ў 50 кілямэтрах ад мяжы з Украінай разьмясьціліся каля трох тысяч вайскоўцаў з КНДР, і Кіеў чакае ўварваньня паўночнакарэйскіх салдат у бліжэйшы час. Пра гэта ж казаў начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў.
  • Да гэтага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і Нацыянальная выведвальная служба Паўднёвай Карэі прадставілі доказы, уключаючы відэа, на якіх было паказана, як паўночнакарэйскія войскі адпраўляюцца ў Расею. Паводле зьвестак Сэула, 12 тысяч паўночнакарэйскіх спэцназаўцаў цяпер праходзяць навучаньне ў трэнавальным лягеры «Сергіеўскі», апранутыя ў расейскую вайсковую форму і маючы расейскія пасьведчаньні асобы.
  • Газэта The Washington Post са спасылкай на неназванага супрацоўніка ўкраінскай выведкі пісала, што некалькі тысяч паўночнакарэйскіх пяхотнікаў праходзяць падрыхтоўку ў Расеі і могуць быць накіраваныя на лінію фронту ва Ўкраіне да канца 2024 году.
  • У Крамлі адпрэчылі гэтыя абвінавачаньні як «фэйкавыя навіны». Амбасадар КНДР у ААН Кім Сон таксам абверг паведамленьні аб накіраваньні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў для дапамогі Расеі ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG