«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая
Беларусы ўздымаюць галаву
Тым часам імпэт беларусаў набіраў абароты, тэма аховы помнікаў і рэстаўрацыі рабілася ўсё больш папулярнай. Таму «ЛіМ» у тым самым нумары ад 20 кастрычніка 1956 году прысьвячае ўсю трэцюю паласу помнікам Полацку. Спэцкор «ЛіМу» С. Александровіч друкуе вялікі артыкул «Горад гістарычных помнікаў», а археоляг В. Тарасенка тэкст «Зямля старажытнага Полацка чакае дасьледчыка». Зьмешчаны былі на паласе і чатыры прыгожыя малюнкі полацкіх краявідаў з помнікамі архітэктуры.
Адчайная барацьба Міхаіла Кацара і публікацыі ў друку выклікалі грамадзкі розгалас. Аб разбурэньні менскага Замчышча і іншых помнікаў архітэктуры загаварылі ў акадэмічных і творчых колах, у асяродзьдзі тэхнічнай і гуманітарнай інтэлігенцыі, прычым, як у сталіцы, так і ў правінцыі. У газэты ў падтрымку «звароту сямі» патокам пайшлі лісты заклапочаных беларускіх грамадзянаў.
Неўзабаве «ЛіМ» зьмясьціў агляд чытацкай пошты «Ахоўваць помнікі культуры»:
«Шырокую грамадзкасьць нашай рэспублікі, — пісала газэта, — па-сапраўднаму ўсхвалявала пісьмо вучоных, дзеячоў літаратуры і мастацтва, надрукаванае ў нашай газеце 20 кастрычніка 1956 года. У рэдакцыю пачалі паступаць пісьмы працоўных, у якіх яны расказваюць аб тым, як у іх раёнах ахоўваюцца помнікі культуры, што трэба зрабіць, каб належным чынам арганізаваць іх ахову.
У кожным такім допісу выказваюцца слушныя прапановы аб тым, каб аб’яднаць у адзіным цэнтры шматлікую армію энтузіястаў-краязнаўцаў, каб у вывучэньні роднага краю — яго гістарычнага мінулага... актыўны ўдзел прымалі ўсе ўстановы культуры рэспублікі, школы, студэнты навучальных устаноў, музеі, уся наша інтэлігенцыя.
Аматар-краязнавец М. Мельнікаў з Крычаўскага раёна лічыць, што ўся наша грамадзкасьць павінна пільна ахоўваць гістарычныя помнікі... Для актывізацыі работы па вывучэньню роднага краю тав. Мельнікаў прапануе стварыць у кожным раёне, горадзе, вобласьці Беларусі таварыствы краязнаўцаў-аматараў...
Рэдакцыя атрымала пісьмо выкладчыка гісторыі Беліцкай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Ф. Быкава. Ён расказвае, што ўсе настаўнікі школы горача абмяркоўвалі зьмешчаныя ў нашай газеце матэрыялы аб ахове помнікаў культуры. Тав. Быкаў піша, што і ў Рагачове загінуў старажытны архітэктурны помнік — замак каралевы Бонны, пабудаваны яшчэ ў пачатку XVI стагодзьдзя...
Супрацоўнік Крычаўскай раённай газеты „Шлях сацыялізма“ Э. Ялугін паведамляе рэдакцыі, якую разнастайную работу праводзяць мясцовыя краязнаўцы...
Але больш за ўсё рэдакцыя атрымлівае пісем аб тым, што ў многіх раёнах нашай рэспублікі ўсё яшчэ дрэнна ахоўваюцца помнікі культуры беларускага народа. Тав. Мальдзіс з Радашковіцкага раёна паведамляе, што ля вёскі Краснае захавалася арыгінальная драўляная будоўля XVIІІ стагодзьдзя, якая цяпер разбураецца...»
І вось пасьля доўгага пераліку атрыманых лістоў і пераказу іх
зьместу рэдакцыя «ЛіМу» зрабіла гэткае падсумаваньне:
«Нельга мірыцца з такім абыякавым стаўленьнем да аховы помнікаў. Мясцовыя партыйныя, савецкія і камсамольскія арганізацыі, уся наша грамадзкасьць павінны старанна ахоўваць усе помнікі культуры беларускага народа».
Шырокі грамадзкі рэзананс і занепакоенасьць справай аховы помнікаў, заклікі судзіць вінаватых у разбурэньнях архітэктараў і чыноўнікаў, патрабаваньні адрадзіць у БССР шырокі краязнаўчы рух і выдаткоўваць грошы на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры аднаўлялі ў палахлівых галовах савецкіх ідэолягаў прывід Інбелкульту 20-х гадоў. Гэтыя заклікі несьлі пагрозу нацыянальнай дэстабілізацыі — змрочная стабільнасьць у гэтай сфэры была дасягнута яшчэ перад вайной у выніку разгрому нацыянальнага руху, а таксама ў выніку пасьляваеннага задушэньня акрыялых у вайну нацыянальных рухаў на ўскраінах савецкай імпэрыі.
Барацьба за захаваньне помнікаў архітэктуры спусьціла пэўнае разьняволеньне ў іншых гуманітарных сфэрах Беларусі. Пачалі гучаць галасы супраць пераводу школаў на расейскую мову навучаньня. Актыўна загаварылі літаратуразнаўцы. 8 ліпеня 1956 году Юльян Пшыркоў друкуе ў «ЛіМе» артыкул «Глыбей вывучаць гісторыю літаратуры». Празь месяц, 11 жніўня, Рыгор Шкраба публікуе ў «ЛіМе» артыкул «За творчае разьвіцьцё крытыкі і літаратуразнаўства». А яшчэ неўзабаве, адзін з аўтараў «ліста сямі» прафэсар Міхась Ларчанка выступае з артыкулам «Некаторыя пытаньні гісторыі літаратуры» (17 лістапада).
У артыкулах рабілася спроба рэабілітацыі рэпрэсаваных беларускіх літаратараў і ў пэўнай ступені апазыцыйных да савецкага рэжыму літаратурных аб’яднаньняў «Полымя» і «Ўзвышша». Міхась Ларчанка, напрыклад, адкідаў тэзу пра вялікі ўплыў расейскай культуры на культуру беларускую. Ён пісаў, што Скарына амаль на паўстагодзьдзя раней за Фёдарава выдаў беларускую Біблію. Ларчанка таксама прапанаваў аб’ектыўна ацэньваць нацыянальна-адраджэнскі рух дарэвалюцыйнага пэрыяду і настойваў на вялікім значэньні газэты «Наша Ніва» для беларускай гісторыі і культуры.
У паветры запахла «адраджэньнем». Натуральна, што заснаванае «жалезным Фэліксам» ведамства, якое на той час ужо называлася Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі пры Савеце міністраў СССР і было паклікана дапільноўваць непахіснасьць ідэалягічных устояў савецкай сыстэмы, не магло спакойна назіраць за гэтымі варожымі праявамі.
Разгром абаронцаў і канец Замчышча
І вось тут у 1956 годзе ўпершыню на грамадзкай сцэне Беларусі зьяўляецца тады яшчэ кандыдат гістарычных навук, дацэнт Адам Залескі — своеасаблівы Бэндэ ад гісторыі, якому будзе суджана адыграць ролю аднаго з пагромшчыкаў незалежнай беларускай гістарычнай навукі ў 80-я і 90-я гады ХХ стагодзьдзя.
У 1953 годзе Адама Залескага зь вельмі адказнай і падкантрольнай КГБ пляцоўкі — факультэту замежных моваў Курскага пэдагагічнага інстытуту, дзе ён працаваў дэканам (!), перакінулі ў Беларусь на пасаду загадчыка сэктару этнаграфіі і народнай творчасьці Інстытуту гісторыі АН БССР. Заняўся новасьпечаны «этнограф» вывучэньнем побыту насельніцтва ў партызанскіх зонах Беларусі.
Увосень 1956 году прыйшоў час першы раз націснуць на кнопку «Залескі». Пасьля яе націснуць яшчэ шмат разоў, і А. Залескі (ужо прафэсар) са сваімі паплечнікамі, былымі кадравымі афіцэрамі НКВД прафэсарам А. Хахловым і дацэнтам К. Дамарадам будуць змагацца зь нефармаламі ў 80-я гады і граміць «буржуазна-нацыяналістычную» плынь у беларускай гістарычнай навуцы ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя.
А тады, у 1956 годзе, пасьля першых публікацыяў Кацара і пачатку размоваў у колах інтэлігенцыі аб згубе Замчышча і іншых помнікаў гісторыі і культуры, было вырашана зрабіць тое, што на прафэсійным слэнгу тагачасных прапагандыстаў называлася «перахапіць ініцыятыву», «узяць сытуацыю пад кантроль», «загаварыць тэму».
Размовы аб замках і «барокко» выклікалі ў КГБ і КПСС абгрунтаваную трывогу — яшчэ троху, і аб «залатым веку» загавораць. Таму было вырашана вярнуць ап’янелых ад ХХ зьезду беларускіх інтэлектуалаў на грэшную зямлю.
І вось калі прафэсар Кацар толькі плянаваў зьбіраць подпісы пад «лістом сямі», 15 верасьня 1956 году загадчык сэктару этнаграфіі Інстытуту гісторыі Адам Залескі публікуе ў «ЛіМе» артыкул «Шанаваць культурныя скарбы народа». А ў тым артыкуле ледзь не на палову старонкі — палымяныя заклікі зьбіраць і захоўваць сапраўдныя народныя помнікі: лапці, вышываныя кашулі, ручнікі і цабэркі.
А калі 20 кастрычніка «ЛіМ» нарэшце зьмясьціў на першай старонцы зварот сямі славутых дзеячоў «У абарону помнікаў культуры», то на другой старонцы таго самага нумару быў апублікаваны «сьціплы» ліст навуковых супрацоўніц Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай айчыннай вайны С. Левінай і В. Раманоўскай пад назвай «Захаваць помнікі партызанскай славы». Музэйшчыцы наракалі, што ў БССР не даглядаюцца і разбураюцца лясныя стаянкі партызанскіх брыгад і злучэньняў, згніваюць зямлянкі, зарастаюць травой магілы партызанскіх камандзіраў, і трэба іх адчайна ратаваць і аднаўляць.
У выніку, як і трэба было чакаць, лісты «кнопак» былі ўбачаныя і пачутыя тымі, каму прызначаліся, а лісты абаронцаў «барокко» — тымі, каму не прызначаліся.
Адказ Залескаму варта працытаваць падрабязна. 10 лістапада 1956 году «ЛіМ» друкуе афіцыйнае паведамленьне:
«„Шанаваць культурныя скарбы народа“. Пад такім загалоўкам у газеце ад 15 верасьня г. г. быў надрукаваны артыкул загадчыка сектара этнаграфіі і народнай творчасьці Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР А. Залескага, у якім аўтар узьняў пытаньне аб зборы і захаваньні этнаграфічных і мастацкіх каштоўнасьцей беларускага народа.
Намесьнік міністра культуры БССР М. Мінковіч паведамляе, што міністэрства дало ўказаньне аб стварэньні ў Дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі, які знаходзіцца ў горадзе Гродна, аддзела этнаграфіі. Прымаюцца меры да паляпшэньня работы па зьбіраньню матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і мастацкай творчасьці ўсімі музеямі і новаарганізуемым Дзяржаўным музеем, будаўніцтва якога будзе распачата ў наступным годзе.
Пастановай Савета міністраў БССР ад 22 верасьня г. г. у Мінскім мастацкім вучылішчы адкрываецца група прыкладнога мастацтва па ткацтву і вышыўцы.
Пытаньні, узьнятыя ў артыкуле А. Залескага, будуць абмеркаваны ў бліжэйшы час на пасяджэньні калегіі Міністэрства культуры БССР».
Гэты тэкст — бліскучы гістарычны дакумэнт-сьведчаньне аб ідэалягічных распрацоўках і «контрмерах» савецкага агітпропу і КГБ. Усяго праз сем (7) дзён пасьля публікацыі Залескага, ужо падчас распачатага навучальнага году, у Менскай мастацкай вучэльні пастановай ураду (!) адкрываецца новая спэцыяльнасьць «па ткацтву і вышыўцы». Арганізоўваецца новы этнаграфічны аддзел у гарадзенскім музэі, а па выніках публікацыі «сьціплага этнографа» і ўсяго толькі кандыдата навук Залескага зьбіраецца засядаць цэлая калегія Міністэрства культуры.
Натуральна, як чытач ужо здагадваецца, акадэмік М. Нікольскі, член-карэспандэнт АН П. Глебка, народныя артысты СССР У. Уладамірскі і Я. Цікоцкі, а таксама пісьменьнік П. Пестрак і прафэсары М. Кацар і М. Ларчанка такога гонару не дачакаліся. Яны наогул не дачакаліся ніякага афіцыйнага адказу на свой зварот.
Акадэмікі і народныя артысты дбалі аб уратаваньні помнікаў высокай культуры — архітэктурных шэдэўраў, гарадзкой забудовы і замкаў. А тым часам, у поўнай адпаведнасьці з ідэалягічнымі пастулятамі адміністратараў колішняга Паўночна-Заходняга краю Расеі, беларусам і ў другой палове ХХ стагодзьдзя прапаноўвалі замілоўвацца толькі сваёй сярмяжнай этнаграфічнай культурай — лапцямі, вышыванымі кашулямі і «калтуном».
Але гэта было б занадта просталінейна і непрыхавана — ратаваць толькі лапці і партызанскія зямлянкі замест помнікаў «барокко». Таму адказ быў дадзены і на публікацыю пра полацкія помнікі, праўда са значна ніжэйшага ўзроўню — ад полацкіх гарадзкіх уладаў. І гэты адказ — таксама ўзор бюракратычнай адпіскі і «загавораваньня тэмы».
Сьцяпан Александровіч у сваім артыкуле абураўся, што гарадзкія чыноўнікі нават ня ведаюць, якія будынкі ў Полацку ўзятыя пад ахову, старшыня Полацкага гарсавету Несьцярэнка на пытаньне журналіста зь цяжкасьцю прыгадаў два помнікі — Сафійскі сабор і Спаса-Эўфрасінеўскую царкву. Александровіч патрабаваў узяць пад дзяржаўную ахову і адрэстаўраваць тады яшчэ цалкам захаваныя будынкі езуіцкай Акадэміі разам з саборам і іншыя помнікі старой полацкай, у тым ліку грамадзянскай, архітэктуры, а таксама крытыкаваў гарадзкі фінаддзел за недастатковае фінансаваньне краязнаўчага музэю.
У адказе полацкія гарадзкія чыноўнікі абяцалі папрасіць Віцебскі аблвыканкам перадаць будынак езуіцкай Акадэміі дзіцячай бальніцы, выдаткаваць грошы на раскопкі, зьмяніць профіль гарадзкога краязнаўчага музэю на гісторыка-краязнаўчы, закончыць капітальны рамонт музэйнага будынку да 25 сьнежня 1956 году і добраўпарадкаваць «вал Івана Грознага» да 1 чэрвеня 1957 году. І ні слова пра залічэньне ў сьпіс помнікаў, якія ахоўваюцца дзяржавай, згаданых Александровічам будынкаў культавай і грамадзянскай архітэктуры Полацку.
Так тэму загаварылі, а пасьля і закрылі. 12 студзеня 1957 году орган ЦК КПБ «Звезда» надрукавала артыкул Л. Абэцэдарскага і А. Сідарэнкі «За ідэйную чыстату нашых літаратурных пазіцый», у якім даваўся адлуп усім, хто ў 1956 годзе насьмеліўся ідэалізаваць буржуазнае мінулае Беларусі.
А праз 11 дзён, 23 студзеня, адбыўся разгром «ЛіМу» — галоўны рэдактар Васіль Вітка і большасьць членаў рэдкалегіі былі звольненыя. Газэту ўзначаліў М. Ткачоў, і калі пачытаць яе падшыўку за 1957 год — дык ніякай згадкі пра праблемы захаваньня помнікаў высокай культуры ў Беларусі вы ня знойдзеце.
Далей ужо праводзіліся толькі ідэйная падчыстка і прэвэнтыўныя захады. Адным зь іх стаўся перавод Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай айчыннай вайны з былой цэнтральнай плошчы гораду (Плошчы Свабоды) на новую Цэнтральную.
Чытач, верагодна, заўважыў у адказе Міністэрства культуры Адаму Залескаму згадку пра «новаарганізуемы Дзяржаўны музей, будаўніцтва якога будзе распачата ў наступным годзе». 1 сьнежня 1956 году «ЛіМ», якім яшчэ кіраваў Васіль Вітка, зьмясьціў нататку «Гісторыка-краязнаўчы музей БССР»:
«На Цэнтральнай плошчы Мінска, побач з Палацам культуры прафсаюзаў будаўнікі паставілі агароджу. Нямногія мінчане ведаюць, што тут праз два гады будзе ўзвышацца прыгожы будынак гісторыка-краязнаўчага музея, праект якога склалі беларускія архітэктары Г. Бенядзіктаў і Г. Заборскі.
Будынак музея будзе адным з прыгажэйшых у Саюзе. У сярэдзіне яго ўпрыгожаць мармуровыя калоны. Паверхі злучаць мазаічныя лесьвіцы, а вестыбюлі, экспазіцыйныя залы і пакоі будуць прыгожа аддзеланы. На першым паверсе музея разьмесьціцца аддзел прыроды. На другім і трэцім — аддзел гісторыі Беларусі».
Нататку суправаджаў малюнак будынку, які 50 гадоў быў вядомы менчукам як Музэй гісторыі Вялікай айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы сталіцы (зьнесены ў 2014 годзе).
Як бачым, будынак той прызначаўся для Дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музэю, які цяпер месьціцца на вуліцы Карла Маркса ў Менску. І адмова разьмясьціць яго на Цэнтральнай плошчы таксама стала адным з адказаў на нацыянальнае ажыўленьне 1956 году.
Пабудаваць новы музэйны будынак змаглі не праз два гады, а праз цэлых сем. І ў 1966 годзе туды перасялілася ўстанова, для якой будынак не прызначаўся — Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай айчыннай вайны, які да 1964 году знаходзіўся ў памяшканьні былога мужчынскага кляштару базыльянаў на Плошчы Свабоды. Тады ж з Плошчы Свабоды на Вайсковыя могілкі былі вынесеныя і пахаваньні савецкіх салдатаў. Стары цэнтар — Плошча Свабоды — страціў сваё значэньне, таму і галоўныя ідэалягічныя сымбалі пасьляваеннага савецкага рэжыму ў Беларусі зь яго прыбралі.
Засяленьню Музэю Вялікай айчыннай вайны ў новы будынак на Цэнтральным пляцы папярэднічала цэлая эпапэя, бо спачатку туды заехаў, як і плянавалася, Беларускі Дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музэй. Гэты музэй быў утвораны пастановай ЦК КПБ ад 7 лістапада 1964 году на базе Арганізацыйнай групы і праз пяць дзён, 12 лістапада, заехаў у новы будынак, дзе адразу ж была разгорнута юбілейная выстава «900 год Менску».
Але ў лістападзе 1965 году памылка менскіх таварышаў была папраўленая, і ЦК КПБ прыняў пастанову аб абмене будынкамі паміж двума музэямі. Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які месьціўся тады ў цяперашнім будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю на вуліцы Карла Маркса, 12, перабраўся на Цэнтральную плошчу, адкуль, адпаведна, на вуліцу Карла Маркса быў выселены гісторыка-краязнаўчы музэй.
Што датычыць патрабаваньняў 1956 году ратаваць помнікі архітэктуры, у тым ліку і менскае Замчышча — дык лёс іх вядомы. Замчышча, як і сотні іншых каштоўных помнікаў па ўсёй рэспубліцы, уратаваць не ўдалося.
Адзін з падпісантаў ліста Міхаіла Кацара Пятро Глебка ў 1957 годзе быў абраны акадэмікам і прызначаны дырэктарам Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР. Там ён дапамог прафэсару Кацару рапачаць цяжкую і доўгую працу па падрыхтоўцы да складаньня будучага Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — падставы для стварэньня дзяржаўнага рэестру гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
У 1957 годзе быў складзены новы Дзяржаўны сьпіс помнікаў, якія падлягаюць ахове дзяржавы. Увайшла туды і тэрыторыя цалкам зьнішчанага Менскага замчышча. І знаходжаньне яе ў тым сьпісе не ўратавала былы Менскі замак ад забудовы яго ў 60-я гады.
Таксама ў гады кіраваньня К. Мазурава, а пасьля П. Машэрава ў Беларусі была зьнішчана і большасьць тых помнікаў, пра якія ў 1956 годзе пісалі ў сваіх пратэстах беларускія інтэлектуалы. Сярод зьнішчанага аказаліся і згаданыя ўжо царква Дабравешчаньня ХІІ стагодзьдзя ў Віцебску, і будынкі полацкай езуіцкай Акадэміі, і захаваная забудова заходняй часткі менскага Замчышча — яе разбурылі падчас забудовы новай Паркавай магістралі ў 60-я гады. А ў 80-я гады падчас пашырэньня рэчышча Сьвіслачы зьнікла паўночна-ўсходняя частка Замчышча разам са старым вусьцем Нямігі.
Справу давяршыла крывадушная пастанова Савету міністраў Беларускай ССР ад 13 сьнежня 1982 году «Аб мінскім Замчышчы». Вось вытрымкі з гэтага трагічнага дакумэнту:
«Учитывая особую историческую и археологическую ценность территории минского Замчища и в целях обеспечения ее охраны и изучения Совет министров Белорусской ССР постановляет:
1. Объявить минское Замчище историко-культурной заповедной территорией общей площадью 3 га. в границах: с востока набережная реки Свислочь, с запада — средняя школа № 44, с севера — край стадиона „Трудовые резервы“ и жилой дом № 5 по проспекту Машерова, с юга — площадь 8 Марта от реки Свислочь до Белорусского Республиканского Дома моделей.
2. Минскому горисполкому с участием Министерства культуры БССР и Академии наук БССР установить и обозначить на местности в соответствии с настоящим постановлением границы территории минского Замчища, а также совместно с Академией наук БССР разработать по согласованию с Министерством культуры БССР и утвердить Положение об указанной историко-культурной заповедной территории...»
А вось чым тая пастанова заканчвалася — гэта і ёсьць сапраўдная мэта яе прыняцьця. Савет міністраў Беларускай ССР вырашыў:
«Разрешить частичное размещение на территории минского Замчища станции метрополитена „Немига“, перегонных тоннелей, инженерных сетей в соответствии с утвержденными проектами...»
Так закончылася гісторыя менскага Замчышча.
У 80-я гады спробу перашкодзіць будаўніцтву на Замчышчы станцыі мэтро «Няміга» рабіў Зянон Пазьняк, і гэта яму, з дапамогай Дзяржбуду СССР, на нейкі час удалося. Але менскія чыноўнікі, як аказалася, зрабілі ў другой палове 80-х гадоў толькі часовае адступленьне. Станцыя была пабудаваная і ўрачыста адкрытая 31 сьнежня 1990 году. Падчас яе будаўніцтва былі зьнішчаныя падмуркі старасьвецкіх дамоў Нізкага рынку і прылеглых вуліц, а пад імі — археалягічныя пласты старажытнага Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: спробы абароны Замчышча ў 50-я гады. Міхаіл Кацар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: генплян 1951 году і яго ахвяра — Стары горад ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: ці бараніў нехта Стары Менск пасьля вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: хто і як аднаўляў сталіцу савецкай Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як стары цэнтар лёг пад шырокую трасу на Маскву ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: сапёрныя выбухі і «аднаўленьне» «нашего родного Минска» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: чэрвень 1944 году — савецкія бомбы над Менскам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як і хто зносіў Стары горад у акупацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: адкуль руіны на Замчышчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як немцы гаспадарылі ў сталіцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: маштабы разбурэньняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: пажары і падпалы першых дзён вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: трагедыя 24 чэрвеня 1941 году і працэнты прапаганды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: мост над Нямігай