Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: спробы абароны Замчышча ў 50-я гады. Міхаіл Кацар


Вуліца Нова-Мясьніцкая ў бок Нізкага рынку. Канец 1950-х гадоў.
Вуліца Нова-Мясьніцкая ў бок Нізкага рынку. Канец 1950-х гадоў.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая

Спробы абароны Замчышча ў 50-я гады. Міхаіл Кацар

Пасьля сапёрных выбухаў і працы «Трэсту разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў» тэрыторыя амаль дашчэнту разбуранага Старога гораду затоптвалася менчукамі і зарастала палыном да 1949 году, калі ў гарадзкіх уладаў дайшлі, нарэшце, рукі і да яе. Добраўпарадкаваньне гэтай тэрыторыі цягнулася аж да 1956 году, калі пачаліся падзеі, аб якіх гаворка пойдзе далей.

Летам 1951 году Менгарвыканкам зацьвердзіў «План осенне озеленительных работ на 1951 год по Фрунзенскому району г. Минска». Пад нумарам 10 у ім было запісана:

«Сквер на площади 8-го Марта. План посадок: деревья 70 и кусты 2200. Кем выполняется работа: фабрика им. Кагановича».

Вось так сіламі работнікаў абутковай фабрыкі, што месьцілася на Нямізе, быў закладзены сквэр на тэрыторыі былых Нізкага і Рыбнага рынкаў. У наступныя гады пасадкі працягваліся.

У тыя часы ўсе менскія паркі мелі прымацаваных да іх спэцыялістаў, пераважна з Акадэміі навук. Парк на тэрыторыі Старога гораду, відавочна, ня меў для ўладаў вялікага значэньня, яго не зьбіраліся рабіць творам садова-паркавага мастацтва, таму і навукоўца-садоўніка да яго не прымацоўвалі. У 1952 годзе адказным за «Сквер на пл. 8-го Марта и площади по ул. Вольная» быў прызначаны супрацоўнік Міністэрства лясной (!) гаспадаркі БССР С. Лічко.

Сквэр у Старым горадзе. Выгляд на вуліцу Вольную і Верхні горад. 1950-я гады.
Сквэр у Старым горадзе. Выгляд на вуліцу Вольную і Верхні горад. 1950-я гады.

Менскія ўлады, ня маючы яшчэ канкрэтных плянаў забудовы таго або іншага месца, настойліва зносілі часта зусім цэлую гістарычную забудову і закладалі там зялёныя зоны. Так сталася зь левым бокам Няміскай вуліцы ў раёне той самай абутковай фабрыкі. Там уздоўж Нямігі і ўверх на схіле аж да Пішчалаўскага замку заставаўся цэлы квартал цалкам захаваных мураваных дамоў з дахамі. Уздоўж вуліц Валадарскага і Рэспубліканскай заставаліся спаленымі каробкі, якія цалкам надаваліся да аднаўленьня. Але ў 1951–1952 гадах іх разбурылі, а ў 1956-м вырашылі стварыць там зялёную зону і пасадзіць дрэвы. Так і стаіць тая мясьціна да нашага часу незабудаваная.

25 красавіка 1956 году ў беларускім друку была апублікаваная пастанова Савету міністраў Беларускай ССР і ЦК КПБ «Аб жыллёвым і культурна-бытавым будаўніцтве, развіцці гарадской гаспадаркі і добраўпарадкаванні г. Мінска ў 1956 г.» Не апошняе месца ў ёй было адведзена і тэрыторыі Старога гораду:

«Правесьці работы па ачыстцы р. Сьвіслач з разборкай старога маста і перакладкай кабеляў сувязі на суму 200 тыс. руб...
Абавязаць Упраўленьне камунальнай гаспадаркі Мінгарвыканкома (тав. Талочку) і будупраўленьне № 131 (тав. Нікіценку):

а) Закончыць работы па добраўпарадкаваньню вул. Калініна на суму 300 тыс. рублёў з пакрыцьцём асфальта-бетонам праязной часткі плошчай 4,6 тыс. кв. м. і будаўніцтвам асфальтавых тратуараў 4,8 тыс. кв. м. у ліпені.

б) Выканаць работы па добраўпарадкаваньню сквера на набярэжнай р. Сьвіслач па вул. Калініна на суму 200 тыс. рублёў у верасьні».

Праца закіпела, і апошнія сьляды Нізкага рынку зьніклі незваротна.

Рог Біржавога завулку (Рыбнага рынку) і былой вуліцы Калініна (Кацярынінскай). Тут у 50-я гады, у адрозьненьне ад усходняй часткі Замчышча і Нізкага рынку, парадку было больш, бо вакол заставалася шмат жылых дамоў і віравала жыцьцё.
Рог Біржавога завулку (Рыбнага рынку) і былой вуліцы Калініна (Кацярынінскай). Тут у 50-я гады, у адрозьненьне ад усходняй часткі Замчышча і Нізкага рынку, парадку было больш, бо вакол заставалася шмат жылых дамоў і віравала жыцьцё.

Але ня гэта было галоўным у пастановах таго году адносна тэрыторыі Старога гораду. Галоўным стала рашэньне будаваць на Замчышчы Дом спорту «Трудовые резервы» і стадыён таго самага спартовага таварыства на Татарскіх агародах.

1956 год быў незвычайны. Абцугі савецкай прапаганды і яе ідэалягічная маналітнасьць троху аслаблі пасьля ХХ зьезду КПСС, які адбыўся ў лютым 1956 году і на якім М. Хрушчоў зрабіў свой гістарычны даклад «О культе личности и его последствиях». У чэрвені таго самага году ЦК КПСС прыняў пастанову «О преодолении культа личности и его последствий».

Так ненадоўга, менш чым на год, была аслаблена пільнасьць савецкай ідэалягічнай машыны, і гэтага аказалася дастаткова, каб тэма Старога гораду і Замчышча зноў загучала ў Беларусі на публічным узроўні.

Гэта быў апошні ўсплёск — зьнясілены вайной і рэпрэсіямі, запалоханы народ, купка сумленных прадстаўнікоў яго эліты і, здаецца, сама менская даўніна на містычным узроўні зрабілі апошнюю і, на жаль, няўдалую спробу захаваць менскае Замчышча і рэшткі яго забудовы. Спроба гэтая была загадзя асуджаная на паразу, бо што тады магло канкураваць з усёмагутнасьцю савецкай сыстэмы?

Аўтарам гэтай спробы стаў выдатны беларускі гісторык мастацтва і архітэктуры, прафэсар Міхаіл Кацар. Яшчэ юнаком ён зазнаў на сабе ўплыў патрыятычных поглядаў Максіма Гарэцкага — у 1925 годзе знакаміты пісьменьнік жыў у сялянскай хаце Кацараў у вёсцы Клімавічы Сеньненскага раёну.

У сакавіку 1945 году Міхаіл Кацар, працуючы ў Міністэрстве культуры БССР начальнікам Інспэкцыі па ахове помнікаў архітэктуры, склаў пратаколы аб пашкоджаньнях менскіх помнікаў даўніны. Сярод тых пратаколаў былі і акты аб пашкоджаньнях менскага палацу Сапегаў, дамініканскага кляштару і гарадзкой вежы былога кляштару езуітаў.

Наступны іх знос (пасьля атрыманьня ад Нямеч­чыны адпаведных рэпарацыяў) дапамог Кацару лепш зразумець і адчуць цынізм савецкай сыстэмы і каляніяльны статус Беларусі — у той час, напрыклад, у Пскове аднаўлялі разбураныя да падмуркаў храмы ХІІ стагодзьдзя.

І вось калі вясной 1956 году на менскім Замчышчы зьявіліся бульдозэры і экскаватары, якія пачалі скопваць Замкавую гару і рыць у яе цэнтры гіганцкі катлаван, Міхаіл Кацар пачаў самы гераічны і адчайны бой свайго жыцьця. Бой гэты вёўся ў форме лістоў пратэсту і лістоў з просьбамі аб дапамозе ва ўсе магчымыя інстанцыі тагачаснага СССР і органы друку — і аўтар іх дакладна ня ведаў, чым яго эпісталярная і публіцыстычная актыўнасьць скончыцца: перамогай і ўратаваньнем Замчышча або звальненьнем з Акадэміі навук і высылкай у Сыбір. Тым ня менш годнасьць і сумленьне не дазвалялі маўчаць.

Галоўныя падзеі ў 1950-я гады ў Старым горадзе разгортваліся на Замчычшы. Вясной 1956 году там вырылі катлаван пад дом спорту «Трудовые резервы». Уверсе справа ўражвае цёмная паласа глебы пад паверхняй — гэта магутны культурны слой старажытнага Менску таўшчынёй некалькі мэтраў. Супраць гэтага барбарства выступаў прафэсар Міхаіл Кацар. 17 сакавіка 1956 году.
Галоўныя падзеі ў 1950-я гады ў Старым горадзе разгортваліся на Замчычшы. Вясной 1956 году там вырылі катлаван пад дом спорту «Трудовые резервы». Уверсе справа ўражвае цёмная паласа глебы пад паверхняй — гэта магутны культурны слой старажытнага Менску таўшчынёй некалькі мэтраў. Супраць гэтага барбарства выступаў прафэсар Міхаіл Кацар. 17 сакавіка 1956 году.

Летам 1956 году Міхаіл Кацар даслаў дзясяткі лістоў з просьбай аб дапамозе аўтарытэтным савецкім навукоўцам пэрсанальна, у розныя навуковыя ўстановы і органы ўлады Савецкага Саюзу.

У пачатку чэрвеня 1956 году Кацар зьвярнуўся з адчайным лістом да намесьніка міністра культуры СССР М. Міхайлава:

«Уважаемый Николай Николаевич. Взываю к Вам о помощи. В БССР творится страшное варварство. На Минском замчище, в самом его центре вырыт котлован площадью около 100 на 50 метров, глубиной от 4 до 6 метров. Здесь решили строить спортздание для „Труд. резервов“. Несмотря на протесты стройку не прекращают. Одновременно с двух сторон Замковую гору разрывают экскаваторы и погружают на автомашины. Т. е. скоро гора будет совершенно уничтожена. Ведь это страшное варварство...»

Кацар прасіў М. Міхайлава зьвярнуцца да дзяржаўных установаў БССР з пратэстам.

З наступнага ліста, таксама датаванага чэрвенем 1956 году, да славутага савецкага археоляга М. К. Каргера, вынікае, што намесьнік міністра ку­ль­ту­ры СССР М. Міхайлаў у адказ на зварот пра­фэсара Кацара запатрабаваў ад Міністэрства культуры БССР і менскіх гарадзкіх уладаў спыніць будаўніцтва на Замкавай гары, але яго пратэст праігнаравалі:

«Здесь в Минске мне удалось провести совещание четырех секторов (искусства, истории, литературы, отдела строительства БССР и сектора археологии и этнографии Института истории). Протокол и резолюции шлю Вам.

Написал статью в белорусскую газету „Літаратура і мастацтва“ и другие. Весь этот материал я передал Н. Михайлову в Министерство культуры СССР. Н. Михайлов направил письмо в Минкультуры БССР и в горсовет с требованием прекратить уничтожение памятников культуры.

Но все же дом на Замковой горе в Минске строят и ее разрушают.

Дело также еще, очевидно, и в том, что председатель Совета министров БССР Мазуров подписал постановление о строительстве здесь дома. Поэтому никто не желает выступить против „авторитета“. Даже спасовали и наши археологи, что крайне неприлично.

К Вам такая просьба. Написать протест против этого варварства и послать его в газету или прислать в Совет министров БССР или в ЦК КПБ. Думаю, что это Вы можете сделать с другими учеными-археологами. Ведь Вы тоже заинтересованы в спасении этих ценнейших памятников культуры. Не забудьте и Витебск.

С глубоким уважением М. С. Кацар».

У Менску супраць аўтарытэту Кірылы Мазурава сапраўды ніхто ісьці не хацеў, тым больш, што празь некалькі месяцаў яго прызначылі першым сакратаром ЦК КПБ. Гэты чыноўнік вылучаўся поўнай абыякавасьцю да праблемаў захаваньня гістарычнай спадчыны. Менавіта ў часы яго кіраваньня ў Беларусі канчаткова зьнесьлі менскую Замкавую гару і рэшткі забудовы на ёй, у Віцебску выбухамі падарвалі Дабравешчанскую царкву ХІІ стагодзьдзя, а ў Полацку зьнішчылі частку былога езуіцкага калегіюму разам з саборам.

Вясной 1956 году пачалося скопваньне Замчышча і паступовая пракладка трасы будучай Паркавай магістралі. Замчышча разраўноўвалі бульдозэрамі аж да рэчышча Нямігі. Неўзабаве засыплюць і яго. Выгляд зь мінарэта татарскай мячэці.
Вясной 1956 году пачалося скопваньне Замчышча і паступовая пракладка трасы будучай Паркавай магістралі. Замчышча разраўноўвалі бульдозэрамі аж да рэчышча Нямігі. Неўзабаве засыплюць і яго. Выгляд зь мінарэта татарскай мячэці.

14 чэрвеня 1956 году Міхаіл Кацар зьвярнуўся з заявай да Навуковай рады Інстытуту матэрыяльнай культуры АН СССР, у якой пісаў ужо ня толькі пра менскую трагедыю, але і пра іншыя факты барбарскага абыходжаньня з помнікамі культуры ў Беларусі:

«В БССР варварски уничтожаются памятники археологии и вообще культуры. На минском Замчище для постройки спортивного здания под „Трудовые резервы“ вырыт котлован размером 100 на 50 метров при глубине 4–6 метров. Кроме того Замковая гора разрушается и с другой стороны, культурный слой экскаваторами погружается на автомашины.

В Витебске на Замковой горе строят новый театр, прокладывают через нее улицу. Уничтожаются Банцеровское, Туровское и другие городища.

Взываю к вам о помощи — если не прекратить этот вандализм, то все эти памятники будут уничтожены. Просьба поставить этот вопрос на Ученом совете, высказать свое мнение по этому вопросу.

Материалы по уничтожению памятников культуры мною посланы в Министерство культуры СССР тов. Михайлову. Просьба оказать нам помощь в этом деле. Дело в том, что те, кто по долгу службы должны защищать от уничтожения памятники культуры, этого не делают. Следовательно только ученые могут стать на защиту памятников культуры. Задача ученых — защитить памятники культуры от уничтожения.

С глубоким уважением М. Кацар».

Знайшоў М. Кацар падтрымку і ў рэдакцыі газэты «Літаратура і мастацтва», якая тады выходзіла як поўнафарматнае выданьне на чатырох старонках. 2 чэрвеня 1956 году «ЛіМ» пад рубрыкай «Пісьмо ў рэдакцыю» надрукаваў артыкул Кацара «Патрэбны тэрміновыя меры». Навуковец пісаў:

«... У свой час мінскае Замчышча было аб’яўлена дзяржаўным запаведнікам, паколькі яно мела вялікае гістарычна-навуковае значэньне. Замчышча было ўключана ў сьпіс помнікаў, якія павінны асабліва ахоўвацца. На выканком Мінскага гарадзкога Савета быў ускладзены абавязак паставіць агароджу вакол Замчышча. Аднак мінскае Замчышча, г. зн. месца, дзе ўзьнік і разьвіваўся у ХІ—ХІІІ стагодзьдзях Мінск, зьнішчаецца.

Для пабудовы спартыўнага будынка на Замчышчы выкапаны катлаван плошчай каля 500 квадратных метраў, глыбінёй ад чатырох да васьмі метраў. Калі не спыніць работу экскаватараў, будзе зьнішчаны каштоўны помнік культуры СССР. Са зьнішчэньнем Замчышча мы не будзем мець магчымасьці вывучаць і што-небудзь ведаць аб старажытным Мінску...»

Унікальны кадар. Уся забудова ўнутранай заходняй часткі Замчышча, якая засталася некранутаю пасьля вайны. Дамы яшчэ ёсьць на Падзамкавай, Замкавай, Завальнай і Нова-Мясьніцкай. Самы крайні дом на Замкавай зьлева, які стаіць на трасе будучай Паркавай магістралі — сынагога цэху мясьнікоў па адрасе Замкавая, 5. Яшчэ ў канцы XVIII стагодзьдзі на яе месцы стаяла мітрапалітальная ўніяцкая царква нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы. Здымак зроблены зь мінарэта татарскай мячэці. 1956 год.
Унікальны кадар. Уся забудова ўнутранай заходняй часткі Замчышча, якая засталася некранутаю пасьля вайны. Дамы яшчэ ёсьць на Падзамкавай, Замкавай, Завальнай і Нова-Мясьніцкай. Самы крайні дом на Замкавай зьлева, які стаіць на трасе будучай Паркавай магістралі — сынагога цэху мясьнікоў па адрасе Замкавая, 5. Яшчэ ў канцы XVIII стагодзьдзі на яе месцы стаяла мітрапалітальная ўніяцкая царква нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы. Здымак зроблены зь мінарэта татарскай мячэці. 1956 год.

Паколькі ў той час барбарскае абыходжаньне зь беларускімі помнікамі мела месца ня толькі на менскім Замчышчы, Кацар, карыстаючыся нагодай, вырашае ў сваім артыкуле прыцягнуць увагу грамадзтва і да лёсу астатніх помнікаў. Ён малюе бязрадасную карціну татальнага пагрому помнікаў гісторыі і культуры па ўсёй рэспубліцы:

«На вялікі жаль, у нашай рэспубліцы многія каштоўныя творы мастацтва і культуры не ахоўваюцца, а ў радзе выпадкаў зьнішчаюцца.

Нават ня ўсе помнікі ўлічаны, хаця было адпаведнае ўказаньне Савецкага ўрада закончыць складаньне іх сьпісаў на працягу 1948–1949 гг. Да гэтага часу зацьверджаны сьпісы толькі на 300 з лішнім помнікаў культуры, што ахапляе толькі невялікую частку іх. Не ўключаны ў сьпісы многія каштоўныя архітэктурныя і культурна-гістарычныя помнікі.

У Магілёве не ўключаны ў сьпісы па ахове будынак ратушы, пабудаваны ў XVII стагодзьдзі народнымі беларускімі майстрамі, і Ўсьпенская царква. Адсутнічаюць у сьпісах слонімская капліца і касьцёл XVII стагодзьдзя, палац і парк у Альберціне (паблізу Слоніма), рэдкі па архітэктуры жылы будынак XVII стагодзьдзя ў Жыровічах Слонімскага раёна, драўляная царква ў Смальянах на Віцебшчыне і многія іншыя.

Пераважная большасьць помнікаў не ахоўваецца, а некаторыя і разбураюцца.

У Мінску на плошчы Свабоды зьнішчаны выдатны будынак архітэктуры барока XVIIІ стагодзь­дзя — вежа ратушы... Зьнішчаецца старажытнае гарадзішча Віцебска. На ім таксама выкапан катлаван для будаўніцтва тэатра. Зьнікае вядомае Банцараўскае гарадзішча. На ім пабудавана дача. Разбураюцца гарадзішчы ў Оршы, Тураве, Полацку і інш. ... Разбураюцца такія каштоўныя помнікі, як замкі ў Лідзе, Крэве, у Навагрудку, Смальянах...»

Урэшце Міхаіл Кацар, спаслаўшыся на пастановы савецкага ўраду, якія сьцьвярджалі, што

«усе помнікі культуры, якія знаходзяцца на тэрыторыі СССР і маюць навуковае, гістарычнае ці мастацкае значэньне, зьяўляюцца недатыкальным усенародным здабыткам і знаходзяцца пад аховай дзяржавы»,

пераходзіць да бескампраміснай крытыкі беларускіх уладаў і заклікае ўратаваць менскае Замчышча і іншыя помнікі культуры:

«Безадказныя адносіны да старажытнай культуры Беларусі выклікаюць законнае абурэньне. Неабходна тэрмінова палепшыць работу аддзелаў Міністэрства культуры БССР, якія закліканы зай­мацца аховай помнікаў, ажывіць работу навукова-метадычнага савета Акадэміі навук БССР. Павіны быць прыняты тэрміновыя меры для аховы і аднаўленьня помнікаў культуры».

Артыкул Міхаіла Кацара «Патрэбны тэрміновыя меры» ў газэце «Літаратура і мастацтва» за 2 чэрвеня 1956 году.
Артыкул Міхаіла Кацара «Патрэбны тэрміновыя меры» ў газэце «Літаратура і мастацтва» за 2 чэрвеня 1956 году.

У гэтым апошнім закліку Міхаіла Кацара зьвяртае на сябе ўвагу фраза «аднаўленьне помнікаў». Гэта сьведчыць пра яго бескампраміснае стаўленьне да страчаных помнікаў культуры — Кацар марыў аб іх аднаўленьні, рэгенэрацыі. А найпершы клопат гэтага выдатнага беларускага навукоўца менавіта аб менскім Замчышчы тлумачыцца яго глыбокім разуменьнем вялікага значэньня Старога гораду для беларускай культуры і беларускай нацыянальнай сьвядомасьці.

Вуліца Нова-Мясьніцкая ў бок Замкавай. Канец 1950-х гадоў.
Вуліца Нова-Мясьніцкая ў бок Замкавай. Канец 1950-х гадоў.

У 1956 годзе, калі Кацар пачаў свой няроўны бой за Замкавую гару, у заходняй частцы Замчышча яш­чэ захоўвалася гістарычная забудова — пяць мураваных камяніц на абодвух баках вуліцы Замкавай у межах унутранай тэрыторыі старога Замку, а таксама значная частка дамоў на вуліцах Завальнай і Нова-Мясьніцкай. Захаваньне Замкавай гары ў некранутым стане пакідала магчымасьць пазьнейшага аднаўленьня і гістарычнай забудовы на ёй — гэта значыць вяртаньня менчукам Старога гораду і яго ваколіцаў.

Роўна праз тыдзень пасьля публікацыі артыкулу Кацара, 9 чэрвеня 1956 году «ЛіМ» зьмяшчае чарговы ліст на тую самую тэму — на гэты раз з Магілёва. У лісьце пад назвай «Шанаваць помнікі» навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музэю В. Коган і мастакі А. Балдзянкоў, Э. Карповіч і Д. Старалаўнікаў пісалі:

«У сваім пісьме „Патрэбны тэрміновыя меры“ доктар мастацтвазнаўчых навук М. Кацар узьняў выключна важнае пытаньне, якое мае вялікае значэньне для вывучэньня гісторыі Беларусі, — аб архітэктурных помніках — каштоўнай культурнай спадчыне беларускага народа.

У пісьме прыводзіўся факт і з Магілёўскай ратушай. На вялікі жаль, будынак Магілёўскай ратушы разбураны вясной 1956 года. На яго месцы засталася толькі вежа, якую зьбіраюцца зьнішчыць у бліжэйшыя дні. Такое ж становішча і з іншымі помнікамі старажытнасьці.

Абласное ўпраўленьне культуры не прымае ніякіх мер да захаваньня помнікаў мінулага. Інспектар упраўленьня культуры па музеях і помніках апраўдваецца тым, што ў яго сьпісах гэтых пом­нікаў няма...

Час пакончыць з безадказнымі адносінамі да аховы гістарычных і культурных помнікаў рэспублікі».

Артыкул магілёўскіх дзеячаў культуры ў падтрымку ліста Міхаіла Кацара. Газэта «Літаратура і мастацтва» за 9 чэрвеня 1956 году.
Артыкул магілёўскіх дзеячаў культуры ў падтрымку ліста Міхаіла Кацара. Газэта «Літаратура і мастацтва» за 9 чэрвеня 1956 году.

Аднак ні пратэст Міністэрства культуры СССР, ні аналягічныя пратэсты з інстытутаў Акадэміі навук у Маскве, ініцыяваныя Міхаілам Кацарам, плёну ня мелі — за лета 1956 году Замкавую гару скапалі цалкам і пасьпяхова працягвалі будаўніцтва на яе месцы дому спорту «Трудовые резервы», а таксама вялі падрыхтоўку для закладкі на Татарскіх агародах стадыёну таго самага спартовага таварыства.

Але і Міхаіл Кацар не супакойваўся. Ён працягваў рассылаць лісты з заклікам аб дапамозе, грукаўся ва ўсе магчымыя ўладныя кабінэты — трэба было ратаваць тое, што яшчэ можна было ўратаваць. Увосень 1956 году ён арганізаваў збор подпісаў пад новым лістом пратэсту сярод найбольш знакамітых дзеячоў беларускай культуры і навукі таго часу.

Вуліца Завальная ў бок Замкавай. Канец 1950-х гадоў.
Вуліца Завальная ў бок Замкавай. Канец 1950-х гадоў.

Далёка ня ўсе, да каго Кацар зьвяртаўся, той ліст падпісалі, але тыя, хто падпісаў, пакінулі прыгожае гістарычнае сьведчаньне сваёй глыбокай чалавечай прыстойнасьці і адданасьці сваёй зямлі. Новы пра­тэст прафэсара Кацара разам зь ім падпісалі (парадак паводле апублікаванага тэксту) член-ка­рэспандэнт АН СССР і акадэмік АН БССР гісторык Мікалай Нікольскі, член-карэспандэнт АН БССР паэт Пятро Глебка, пісьменьнік Піліп Пестрак, на­род­ны артыст СССР кампазытар Яўген Цікоцкі, на­род­ны артыст СССР Уладзімер Уладамірскі і доктар філялёгіі, дэкан філфаку БДУ Міхась Ларчанка.
Іх зварот «У абарону помнікаў культуры» быў апублікаваны ў «ЛіМе» 20 кастрычніка 1956 году. Вось вытрымкі зь яго:

«Беларускі народ за сваю шматгадовую гісторыю стварыў багатыя скарбы ў галіне архітэктуры, жывапісу, скульптуры і ў іншых відах мастацтва...

На вялікі жаль, пераважная большасьць помнікаў беларускай культуры загінула ў час многіх войнаў, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі...

Не захавалася ў Беларусі ніводнага жылога будынка, а таксама ніводнага драўлянага збудаваньня, узьведзенага раней XVI стагодзьдзя. Зьнішчана пераважная большасьць твораў народнай разьбы па дрэву, багата аформленых кніг, выдадзеных у беларускіх друкарнях у XVI—XVIIІ стагодзьдзях, твораў жывапісу, скульптуры і народнай творчасьці.

Нашы музеі бедныя экспанатамі беларускай культуры дасавецкага перыяду. Мы вельмі слаба ведаем сваё мінулае, сваю старажытную і сярэдневяковую культуру. Усё гэта абавязвае нас старанна зьбіраць, беражліва захоўваць і ўважліва вывучаць помнікі беларускай культуры.

Між тым, работа па ахове помнікаў старажытнасьці пастаўлена ў нас вельмі дрэнна. Асобы, якія адказваюць за гэтую работу ў Міністэрстве ку­льтуры БССР і Дзяржаўным Камітэце Савета Мі­ністраў БССР па справах будаўніцтва і архітэктуры, па сутнасьці бязьдзейнічаюць. Да гэтага часу не складзена поўнага сьпіса помнікаў, якія падлягаюць ахове дзяржавы, не наладжаны кантроль за тымі помнікамі, якія знаходзяцца пад аховай, не право­дзіцца работа па іх аднаўленьню і рэстаўрацыі».

У якасьці доказу сваёй рацыі аўтары звароту прывялі ўнушальны сьпіс архітэктурных і археалягічных помнікаў, якія на той час у Беларусі разбураліся або нядаўна былі разбураныя. Увайшлі ў гэты сьпіс помнікі Віцебску, Горадні, Ліды, Магілёва, Міра, Наваградку, Пінску. Пісалі яны, напрыклад, пра зьнішчаны выбухамі езуіцкі касьцёл XVIІІ стагодзьдзя ў Пінску, пра магілёўскую ратушу, пабудаваную «беларускімі народнымі майстрамі Фескай і Ігнатам у XVIІ стагодзьдзі», пра магілёўскія Ўсьпенскую і Пакроўскую цэрквы, якія якраз у той час разбураліся, і яшчэ пра шмат якія помнікі культуры. Але пачалі свой пералік яны, натуральна, зь Менску:

«У выніку такога безадказнага стаўленьня на нашых вачах гінуць многія каштоўныя помнікі культуры... У Мінску на плошчы Свабоды зьнесена нядаўна ратушная вежа — выдатнае архітэктурнае збудаваньне XVIІІ стагодзьдзя. Па-варварску зьнішчаюцца гарадзішчы (замчышчы) у Мінску і Віцебску...»

У канцы свайго звароту Кацар з паплечнікамі прапанавалі канкрэтныя захады, якія, на іх думку, павінны былі палепшыць становішча з аховай помнікаў у БССР:

«... Калі так злачынна нядбайна, як цяпер, будзе працягвацца ахова помнікаў старажытнасьці, дык большасьць і тых нямногіх, захаваных да нашых дзён помнікаў культуры, загіне ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Усё гэта прымушае нас сур’ёзна падумаць аб гэтым і прыняць радыкальныя меры, каб спыніць зьнішчэньне помнікаў культуры і арганізаваць іх ахову і вывучэньне...

Мы лічым, што для гэтага ў першую чаргу неабходна правесьці наступныя мерапрыемствы:

Стварыць пры Саветах міністраў нацыянальных рэспублік камітэты, якія б займаліся аховай помнікаў культуры, гісторыі і прыроды, і арганізаваць пры гэтых камітэтах вучоныя саветы з вучоных адпаведных спецыяльнасьцей.

Для аховы і адшуканьня помнікаў культуры прыцягнуць таксама мясцовае насельніцтва і ў першую чаргу настаўнікаў, арганізаваць камітэты з мясцовага насельніцтва для аховы кожнага канкрэтнага помніка старажытнасьці.

Унесьці ў кодэкс законаў СССР пункт аб прыцягненьні да суровай адказнасьці і адданьні пад суд асоб, якія зьнішчаюць або садзейнічаюць зьнішчэньню помнікаў культуры.

На працягу 1957 года закончыць складаньне сьпі­саў помнікаў культуры, узятых пад дзяржаўную ахову. Пры складаньні гадавых бюджэтаў па будаўніцтву прадугледжваць неабходныя сумы на рамонт і рэстаўрацыю гэтых помнікаў.

Наладзіць работу па папулярызацыі помнікаў культуры праз газеты, часопісы, лекцыі і брашуры.

Арганізаваць у Мінску гісторыка-этнаграфічны музей і музей народнай творчасьці».

Ініцыяваны Міхаілам Кацарам зварот «У абарону помнікаў культуры», апублікаваны на першай старонцы ў газэце «Літаратура і мастацтва» за 20 кастрычніка 1956 году.
Ініцыяваны Міхаілам Кацарам зварот «У абарону помнікаў культуры», апублікаваны на першай старонцы ў газэце «Літаратура і мастацтва» за 20 кастрычніка 1956 году.

Як бачым, асноўны зьмест гэтага ліста і асноўныя пункты накрэсьленай у ім праграмы аховы помнікаў цалкам супадаюць са створанай за 30 гадоў да таго аналягічнай праграмай Інбелкульту. Відавочна, што перад намі ня толькі сьведчаньне існаваньня ў Беларусі тых самых праблемаў у справе аховы помнікаў у 20-я і ў 50-я гады, але і доказ абазнанасьці Міхаіла Кацара ў справах Інбелкульту і яго ідэйнай пераемнасьці зь дзеячамі 20-х гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG