Жыцьцё ў зрушаным часе. Чаму важна прызнаць «беларускія ўлады» расейскімі акупацыйнымі

Акцыя жанчын да Дня Волі ў Менску 25 сакавіка 2022 г.

10 гадоў таму ў лекцыі «Жыцьцё ў спыненым часе» мне давялося казаць пра адчуваньне грамадзтва, падобнае да адчуваньня «дому без гаспадара, да стаячай вады. Што выклікае ў душы паныласьць, гасіць творчыя інтэнцыі. Тут сапраўды ніхто не жыве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё ў спыненым часе*

Тады мне падавалася, што час спыніўся ў 2006-м, пасьля разгону пасіянарнай Плошчы. А адказ на пытаньне «Як запусьціць час?» я шукаў у гісторыі, у прыватнасьці, у гісторыі Беларускай Майстроўні (PDF), якая пераадолела застой свайго часу ў пачатку 1980-х. Шукаў і ў ранейшай гісторыі паўставаньня нацыі, калі час то спыняўся, то рушыў зь месца.

Згадваю гэта, каб працягнуць нітку гісторыі, бо чарговы зрух адбыўся зь мірных маршаў 2020-га, з абрынутага на гэтыя маршы тэрору, а з пачаткам уварваньня Расеі ва Ўкраіну час увогуле паляцеў, апярэджваючы грамадзкае разуменьне таго, што адбываецца, куды гэта ўсё нясецца і чаму абсалютнай каштоўнасьцю стала выглядаць беларуская мова.

«Беларускія ўлады» ці расейская акупацыя

Сяргей Навумчык у фэйсбуку папракнуў мяне, маўляў, гаворачы пра акупацыю, я не згадаў аўтара гэтага азначэньня. Сяргей прымацаваў некалькі артыкулаў Зянона Пазьняка, дзе той раскладае гэтую акупацыю «па палічках». Напэўна, гэта і важна, але час сарваўся зь месца ня дзякуючы артыкулам нацыянальна ангажаваных людзей, у тым ліку маім. Публіка была не гатовая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па-за межамі разуменьня. Чаму і навошта «ўкраінцы бамбяць свае гарады»?

Час сарваўся зь месца, калі сотні тысяч беларусаў у рэчаіснасьці пабачылі сутнасьць таго, што адбываецца, і самі прамовілі гэтае слова.

Для многіх, нават «прадзьвінутых», яно і сёньня за рысай, яны і сёньня кажуць пра «беларускія ўлады» ці нават пра які-небудзь «ваенны камунізм», ці ГУЛАГ, ці хунту, ці фашыстаў-рашыстаў. Але самі паступова прыходзяць да думкі, што гэта — ня тое і ня гэтае. Яно зусім не да нейкага пэрыяду гісторыі і зусім не ўнікальнае паводле формы. Як тая ж хунта — сукін сын, але свая.

Акупацыя пачалася з падзелаў Рэчы Паспалітай і з захопу нашай зямлі Расейскай імпэрыяй больш за 200 гадоў таму. І нашы продкі выдатна ўсьведамлялі, што прыйшлі сюды не «беларускія ўлады» (паводле ўсіх прыкметаў тыя нічым не адрозьніваліся ад гэтых), прыйшло расейскае войска, расейскае чынавенства і расейская царква. А разам зь імі — расейская мова, школа і не аплодненая эпохай гуманізму расейская ідэя — той самы «русский мир», які сёньня ва Ўкраіне адназначна праявіў сябе як «русская война».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі «змагары» і «ябацькі». Як вайна памяняла беларускае грамадзтва

Пад гэтай акупацыяй, у змаганьні зь ёй паўставала сучасная беларуская нацыя, і лідэр гэтага паўставаньня Кастусь Каліноўскі сказаў свае вызначальныя словы: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе». Між іншым, фіны, якія гэтае прароцтва зьдзейсьнілі на практыцы, у сучасным (2022) рэйтынгу шчасьлівых народаў сьвету ААН займаюць першае месца (PDF). Фіны, якія адбіліся ад расейскай акупацыі ў 1940-м, самыя шчасьлівыя ў сьвеце...

Мы занадта доўга жылі пад ёю, асабліва не вылучаючы сябе сярод іншых, такіх самых акупаваных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кастусь Каліноўскі: Паўстаньне працягваецца. Новая кніга ў «Бібліятэцы Свабоды»

Пасьля Каліноўскага яснае бачаньне нашай рэальнасьці размывалася на працягу стагодзьдзя ўсялякімі несыстэмнымі ілюзіямі: нацыянал-камунізмамі, вялікадзяржаўнымі шавінізмамі (з чым змагаўся сам Ленін), падзелам Беларусі на ўсходнюю і заходнюю, «головокружениями от успехов» (зь якімі ваяваў Сталін), росквітам беларускай культуры пры савецкай уладзе і многімі большымі ці меншымі відзежамі, пакуль усё не прыйшло да свайго пачатковага стану — мураўёўска-вешальніцкага «западно-руссизма», калі беларусы (асабліва інтэлігенцыя, людзі гуманістычнай і нацыянальнай арыентацыі) масава апынуліся ў турмах і канцлягерах, былі выціснутыя з краіны, калі адкрыта зьневажаецца беларуская мова і культура, а гісторыя пішацца расейскімі «мозгозасирателями» (гэта цяпер у афіцыйнай расейскай мове сынонім слову «пропагандист») з прэзыдэнцкіх тэлеканалаў, калі адукацыя ператвораная ў абалваньваньне, цалкам зьнішчаная журналістыка, а беларускай арміі, як такой, проста не існуе. Калі праваслаўная царква вычышчаная ад Бога і служыць амону з губазікам. І калі над гэтым усім — «беларускія ўлады» — тыя самыя мураўёўскія, вешальніцкія.

Улётка на адным з пад'ездаў у Беларусі. Архіўнае фота

Зрушаны час — гэта спаўзаньне з носа ружовых акуляраў ва ўсіх, хто здольны мысьліць самастойна і крытычна. Хто яшчэ ўчора мог дапусьціць сваё зрастаньне з акупацыяй і падманваўся магчымасьцю мяняць яе ў лепшы бок. Цяпер раптам стала відавочна, што гэта немагчыма. Наадварот, гэта слабіна, якая дазваляе акупацыі прасоўвацца ўсё глыбей у тваю краіну. Добра, калі не ў цябе самога.

Ілюзіі, на якіх усё гэта магло трымацца яшчэ два гады таму, зьніклі. «Братнія народы», «абы не было вайны», «соотечественники»... Шмат хто верыў у словы, пакуль не пачалася адкрытая вайна.

Zooтечественники

Дзеля чаго расейская Дума вырашыла запісаць у свае суайчыньнікі ўсіх, хто ўмее гаварыць па-расейску? Нехта ў сеціве ўдакладніў — zooтечественники — і пацэліў у дзясятку. Усё, што адчуваецца, думаецца і робіцца чалавекам карыснага і добрага — гэта ўзвышэньне над уласнай жывёльнай прыродай. Тут жа ўсё наадварот. Магчыма, камусьці думскае рашэньне яшчэ спадабаецца — як пэўнае далучэньне да вялікай краіны, культуры, мовы. Але практычнае значэньне тут зусім іншае, і зь ім не аднойчы сутыкаліся нашы продкі на працягу гэтых двух стагодзьдзяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці хочуць беларусы быць «суайчыньнікамі» для Расеі: 84,9% лічаць сябе беларусамі, 20% называлі адносіны з Расеяй «варожымі»

Напрыклад, падчас вайны 1812 году, дзе шляхта зь цяперашніх беларускіх і літоўскіх земляў, а таксама адукаваная публіка, студэнты, месьцічы выступалі на баку францускай арміі ў спадзеве вярнуць незалежнасьць свайму захопленаму Расеяй Вялікаму Княству Літоўскаму. Дык вось, іх расейскія акупанты трактавалі як суайчыньнікаў, падданых, сваіх, гэта значыць, здраднікаў.

«Соотечественник», які выступіў супраць «Отечества», — здраднік. І калі француз ці хто іншы трапляў у расейскі палон і яго трактавалі як ваеннапалоннага, дык літвіны-палонныя ўсяляк хавалі сваё літвінскае паходжаньне, бо іх трактавалі як злачынцаў і адпраўлялі на катаргу ці пад расстрэл.

Трэба думаць, што і рускамоўныя ўкраінцы, якія масава гінуць сёньня пад расейскімі бомбамі, гінуць менавіта як «соотечественники», якія a priori здрадзілі «Отечеству» з гэтай сваёй Украінай. І ня важна, што там забітыя дзеці і нават, можа, прыхільнікі «русского мира». Вы ж разумееце, што сам па сабе такі прыхільнік нічога не вызначае, як нічога ня значыць нейкі там увогуле чалавек. У вялікіх ідэй на іх вялікім шляху вялікія і выдаткі, што тут зробіш. А вялікая дума вялікай краіны сёньня праводзіць у жыцьцё вялікія ідэі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў загаварыў пра вяртаньне Беларусі «ў родную гавань»

Наконт «Отечества» мне ўспомніліся школьныя часы. Тады «Отечеством» быў СССР, і мы, школьнікі, мусілі, натуральна, «Отечество» — любіць. Але «Отечество» было (дарэчы, і застаецца) настолькі ніякай любоўю не абдымнае, што не магло не спарадзіць паміж нас, школьнікаў, іранізмаў, кшталту: «Слухай, а раскажы, як ты любіш Караганду».

Памятаеце ўкраінскі верш, зьвернуты да расейцаў — «Никогда мы не будем братьями»? І тут, аказваецца, тая самая гісторыя. Брат — гэта той, каго бліжэй-прасьцей прынізіць, прымусіць, забіць. Ты ўпісваеш нейкі народ у сваё блізкае кола і зьядаеш яго. «Вызваляеш», гэта называецца.

А яшчэ згадалася гісторыя багамолаў, дзе самка пасьля спарваньня зьядае свайго самца. «Так люблю тебя, что аж съел бы». Зьядае яна і сваіх дзяцей, якія вылупіліся зь яек і не пасьпелі схавацца. Іншая назва гэтых багамолаў — рэлігійныя.

Як ні круці, усё зьбіраецца ў адзін нязьменны за стагодзьдзі мэнтальны вобраз: і багамолы гэтыя, і браты-народы, і zooтечественники, а ўрэшце застаецца адна літара «Z» на броні падбітага на чужой зямлі танка. У ролі акупанта выступае ня Пуцін і ня армія, а спрадвечны расейскі глыбінны мэнталітэт. Пуцін і армія на паверхні, і, здавалася б, на паверхні мусіць быць нейкая лёгіка гэтай вайны, нейкая рацыянальная выгада. І ў тэрору, які разьвязаў у Беларусі Лукашэнка, здавалася б, мусіць быць рацыянальная прычына. Але нічога такога не відаць. Гэта ўсё — адна мэнтальная вайна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ZаПацаноV». Як нарадзіўся сымбаль расейскага ўварваньня ва Ўкраіну

Чаму важна акупацыю называць акупацыяй?

Прызнаньне «беларускіх уладаў» расейскімі акупацыйнымі ўладамі важнае для саміх беларусаў і для сусьветнай грамадзкай думкі.

Наш народ змагаецца з акупантамі. Паліна Шарэнда-Панасюк, Вольга Залатар, Тацяна Вадалаская — гераіні нашага часу, як і тысячы іншых беларусак і беларусаў, захопленых у расейскі канцлягер, якія відавочна не прычынілі нікому зла, ніякім чынам не злачынцы, а ўсяго толькі выразьнікі волі свайго народу. Партызаны, якія пускаюць пад адхон цягнікі з расейскімі танкамі, насамрэч героі, называць іх тэрарыстамі могуць толькі акупанты — так, як нямецкія акупанты называлі партызан бандытамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Халуі пасланыя куды далей». Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні

Сотні тысяч беларускіх дзеячоў культуры, журналістаў, айцішнікаў, мэдыкаў, увогуле інтэлігентных людзей, якія мусілі пакінуць краіну, а таксама мільёны, якія застаюцца дома, — гэта і ёсьць беларусы, пасіянарны народ, маральная большасьць, «крыніца ўлады», відавочна ня гэтай улады, мусяць сёньня трываць пад акупацыяй у штохвіліннай небясьпецы, а ня жыць паўнавартаснае жыцьцё. Бо звальненьні, ператрусы, арышты і «суды» адбываюцца кожны дзень.

Арыштоўваюць за камэнтар у сацсетках, за адзіночны пікет супраць вайны, за тое, што запісаўся ў плян «Перамога», за тое, што былы палітвязень, калі зусім нічога не прыдумляецца, тады — за непадпарадкаваньне міліцыі...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дубавец: Чаму Беларусь не «краіна-агрэсар», ніколі такой не была і ня будзе

На жаль, нашы суседзі не заўсёды разумеюць, што ў нас адбываецца, і аб’ядноўваюць прагных волі беларусаў і іх расейскіх акупантаў адным словам Беларусь. Адпаведна, супраць гэтай Беларусі ўводзяцца санкцыі, а вязень лукашэнкаўскай турмы, ці антылукашысцкі падпольшчык-партызан, ці ўцякач ад лукашэнкаўскіх рэпрэсій мусяць несьці адказнасьць за дзеяньні Лукашэнкі і такім чынам караюцца маральна, матэрыяльна і нават фізычна. Гэта як бы гаўляйтэр Кубэ і бамбістка Мазанік разглядаліся як падзельнікі. Аднак у гэтым выпадку мы ўжываем слова «акупацыя», і ўсё становіцца на свае месцы.

Калі суседзі закрыюць мяжу для беларусаў (візы, ВНЖ, вучоба, праца...), тады тыя, хто супраць вайны, пацярпяць за тых, хто яе разьвязаў. То бок падключаецца тая самая мэнтальная расейская лёгіка: суайчыньнік — здраднік. І, самі таго не заўважаючы, нашы суседзі пераймаюць ірацыянальныя мэтады гэтай вайны.

«Дэнацыфікацыя», якую Расея задумала ва Ўкраіне, насамрэч абярнулася фізычным вынішчэньнем украінскай нацыі. Здавалася б, у Беларусі яшчэ масава не бамбяць, хоць нішто не гарантуе ад гэтага.

Характэрныя паводзіны акупантаў «Вясна» зафіксавала ў адным менскім двары. 15 сакавіка дзесьці ў Менску суседзі спрабавалі ачысьціць бамбасховішча ў сваім доме. На фоне навінаў пра бамбаваньне Ўкраіны цалкам зразумелае рашэньне. Тым часам у двор заехалі «бусікі». «Вясна» піша, што «суседзі пасьпелі зайсьці ў пад’езд, але супрацоўнікі міліцыі прыйшлі па іх і прымусілі паказаць тэлефоны. Дзе яны зараз — невядома».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.