Калі не лічыць даўняй зьдзеклівай прапановы Пуціна пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі «шасьцю абласьцямі», ніколі раней ад высокапастаўленага расейскага чыноўніка такога рангу не агучвалася падобная мэта.
Дзьмітрый Мядзьведзеў у сваім чарговым антыпольскім артыкуле для расейскай прапагандысцкай агенцыі «Спутник» прапануе сёлета адзначыць як сьвята 250-годдзе першага падзелу Рэчы Паспалітай. Ён піша:
«Сёлета спаўняецца 250 гадоў гістарычнай падзеі, калі была вырашана праблема векавога польска-каталіцкага прыгнёту большасьці насельніцтва тых тэрыторый (хоць бы і ў выніку непасрэднага ваеннага ўмяшаньня ва ўнутраныя канфлікты) — прыгнечаныя былі выратаваны ад прыгнятальнікаў. Белая Русь вярнулася „ў родную гавань“. Лічу, што сёлета варта было б адзначыць гэтую юбілейную дату — як дату аб’яднаньня Вялікай і Белай Русі, расейскага і беларускага народаў».
Чаму для сьвята прапануецца менавіта гэта дата? Чаму тады ўжо не 1795 год, калі адбыўся апошні, трэці падзел, у выніку якога Рэч Паспалітая была канчаткова зьнішчаная, а ўсе этнічныя беларускія землі гвалтам далучаныя да Расейскай імпэрыі? Толькі таму, што цяпер на двары 2022-і, а не 2025 год, і прасьцей абгрунтоўваць прыдуманы «юбілей»?
Разьвітаньне з радзімай
Для беларусаў 1772-ы быў драматычным годам. У выніку першага падзелу беларуская нацыя, якая дагэтуль жыла ў адзінай супольнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай — аказалася падзеленай. Ад краіны па жывому адрэзалі вялізны кавалак тэрыторыі на ўсходзе (92 тыс. км² з 1,3 млн чалавек).
Полацак, Віцебск, Магілёў сталі правінцыйнымі расейскімі гарадамі. Дзяржаўная мяжа пралягла на захад ад Дняпра, Друці і Дзьвіны. Нашы продкі перажывалі гэта як трагедыю сваёй зьнясіленай радзімы, якая не магла супрацьстаяць больш магутным хцівым суседзям.
Гэта быў толькі першы акт трагедыі: у 1772-м мала хто мог чакаць, што праз два дзесяцігодзьдзі Рэч Паспалітая ўвогуле зьнікне з мапы сьвету.
Дзьмітрый Мядзьведзеў прапануе перапісаць агульнапрынятую гісторыю XVIII стагодзьдзя і зацьвердзіць, што ніякіх падзелаў нібыта ўвогуле не было:
«Наша савецкае імкненьне дагадзіць Польшчы выяўлялася таксама ў тым, што ў адносінах да гістарычных падзеяў другой паловы XVIII стагодзьдзя выкарыстоўваўся тэрмін „падзелы Польшчы“. Так што мы ў Расеі сталі глядзець на тыя падзеі як бы з польскага гледзішча. Зрэшты, не сакрэт, што, у сутнасьці, да падзелаў Польшчы тады (як і ў 1939 годзе) Расея ніякага дачыненьня ня мела. Кацярына II вяртала сабе „сваё“, не рвучыся на землі, населеныя палякамі. А вяртаньне свайго нельга называць „падзеламі“ чагосьці іншага. Польшча тады была падзелена паміж Прусіяй і Аўстрыяй. А да Расеі былі далучаныя землі, заваяваныя Літвой у сярэднявеччы. Зь пераважна праваслаўным насельніцтвам».
Аказваецца, не было ніякага зьнішчэньня незалежнай дзяржавы, ніякай анэксіі: расейская імпэратрыца проста «вяртала сваё» (арыентуючыся, відавочна, на мапы старажытнарускіх княстваў). А што, калі гэтак жа захочуць «вяртаць сваё» нашчадкі Казанскага, Астраханскага, Крымскага, Сібірскага ханстваў, Залатой Арды? Што засталося б ад расейскай дзяржавы, уся гісторыя якой за апошнія 500 год — гэта гісторыя няспынных тэрытарыяльных захопаў суседніх дзяржаў і народаў?
Гора, калі палітыкі, надзеленыя ўладай і вайсковай сілай, замест таго каб займацца ўладкаваньнем сваёй сучаснай зусім ня самай заможнай дзяржавы, празьмерна захапляюцца далёкай гісторыяй — да такой ступені, што блытаюць гістарычныя мапы з сучаснымі. Сёньняшняя вайна ва Ўкраіне — гэта якраз такая спроба павярнуць гісторыю назад, «вярнуць сваё».
Найвялікшы інтэгратар — не Лукашэнка, а Кацярына ІІ?
Адметна, што дзяржаўная прапаганда ў Менску чамусьці маўчыць і не падтрымлівае гучную ініцыятыву высокапастаўленага расейскага чыноўніка. Артыкул Мядзьведзева ў Менску не сьпяшаюцца ні перадрукоўваць, ні камэнтаваць. І на тое ёсьць важкія прычыны.
Па-першае, «вяртаньне ў родную гавань» на ўзор Крыму зусім не ўваходзіць у пляны Лукашэнкі: і для Беларусі, і для яго асабіста гэта мела б фатальныя наступствы. Па-другое, калі абвяшчаць новы дзень «аб’яднаньня Вялікай і Белай Русі, расейскага і беларускага народаў» — то як тады быць з «Днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі» 2 красавіка — датай, якую асабіста Лукашэнка спрабуе без вялікага посьпеху піярыць ужо больш як чвэрць стагодзьдзя? І ўвогуле, што ж тады атрымліваецца: самы вялікі інтэгратар — ня ён, а нейкая Кацярына ІІ?
Дарэчы, у Масквы ўжо ёсьць ня надта ўдалы досьвед сьвяткаваньня юбілею «ўзьяднаньня братэрскіх народаў». У 1954 годзе ў СССР зь вялікай пыхай адзначалі 300-годзьдзе Пераяслаўскай рады, якую савецкая Масква вырашыла трактаваць як акт «узьяднаньня» Ўкраіны з Расеяй. Тады ў Кіеве, Львове і Маскве з гэтай нагоды правялі вайсковыя парады, а па ўсёй дзяржаве — масавыя сьвяткаваньні, якія расьцягнуліся на паўмесяца.
І менавіта да гэтага 300-годзьдзя «ўзьяднаньня» Ўкраіне са складу РСФСР перадалі Крымскую вобласьць. Маўляў, якія рахункі між братамі. Той данайскі дар і праз многія дзесяцігодзьдзі адгукаецца для абодвух народаў вялізнымі бедамі.
Цікава, а да 250-годзьдзя «вяртаньня Белай Русі ў родную гавань» таксама будуць падарункі ад Масквы? Ну, напрыклад, Смаленск? Ці Бранск? Барані Божа ад такіх падарункаў і ад такіх гістарычных рэстаўратараў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.