Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па-за межамі разуменьня. Чаму і навошта «ўкраінцы бамбяць свае гарады»?


Марыюпаль, 27 сакавіка
Марыюпаль, 27 сакавіка

Раптам загаварылі, што Беларусь — пад расейскай акупацыяй. Так доўга баяліся гэтага азначэньня сваёй звыклай рэчаіснасьці, і вось паспрабавалі назваць. А яно па-іншаму ніяк і не называецца.

Літоўцы савецкі пэрыяд сваёй гісторыі адразу назвалі акупацыяй. Так яно і ўвайшло ў школьныя падручнікі. Тады, у 1990-я і пазьней, беларусаў, а напэўна і ўкраінцаў, слова крыху бянтэжыла. Маўляў, як жа так, калі ёсьць свая рэспубліка, чалец ААН, квітнее беларуская культура, хіба што з мовай, адціснутай у завугольле, праблемы. Якая тут акупацыя? Хто каго акупаваў? Усе свае...

Тэрор апошніх гадоў у Беларусі і ўварваньне Расеі ва Ўкраіну — зьявы аднаго парадку — паказалі, што насамрэч ня ўсе свае, ёсьць і супрацьлеглыя, чужыя. І вось ужо ў нас патрабуюць прызнаць Беларусь часова акупаванай краінай. У сваю чаргу крыху бянтэжыць гэтая «часовасьць», бо калі ўлічваць нязьменны характар наяўнае ўлады, пад акупацыяй Беларусь ужо больш за 200 гадоў.

Беларуская, як і ўкраінская, ды як і літоўская і іншыя мадэрныя нацыі рэгіёну, стваралася пад расейскай акупацыяй, насуперак ёй. Кожнага разу гэта былі паўстаньні, якія нязьменна насілі антырасейскі характар, і была пэрманэнтная падпольная дзейнасьць. Душачы гэтыя паўстаньні і гэтую дзейнасьць, расейцы нязьменна называлі свае «спэцапэрацыі» (насамрэч войны) «вызваленьнем». І калі дарэшты сфакусаваць мэты акупацыйнай улады ў адну кропку — гэта было вызваленьне беларусаў і ўкраінцаў ад беларускай і ўкраінскай мовы.

То бок іншая мова заўсёды была маркерам іншага народу, які прагнуў самастойнага (без Расеі) жыцьця. Беларускамоўны або ўкраінскамоўны чалавек — незразумелы расейцу, незразумела, як зь ім запанібрата, незразумела, як яго закабаліць (а закабаліць трэба, бо народ мусіць быць у ярме, так у Расеі павялося спрадвеку), таму адзінае выйсьце — гэтага іншамоўнага — забіць.

Усе нашы нацыянальныя героі на расейскі капыл — дзяржаўныя злачынцы. Уключна зь цяперашнімі палітвязьнямі. Для Беларусі героі, для Расеі злачынцы. Але чаму яны ў Беларусі ў турме?

З пачаткам «братняй» агрэсіі ва Ўкраіне ніхто ўжо ня кажа пра «расейскую цывілізацыю», бо цывілізацыя, чалавечая, у глябальным сьвеце — адна. А тое, што ёй супрацьстаіць — барбарства. Расея сёньня і прадстаўляе гэтае самае несусьветнае барбарства, стоячы ў чэргах па апошнія пампэрсы, якіх засталося на тры дні і якіх сама яна вырабляць ня ўмее.

Цывілізаваны чалавек ня можа зразумець, як гэта «ўкраінцы самі бамбяць свае гарады». Гэта за межамі разуменьня. Для расейскага чалавека гэта — прымальная «інфа», бо пампэзная веліч Расеі і яе цары заўсёды былі найважнейшымі, тады як чалавек, звычайныя ты і я, не ўяўлялі і не ўяўляюць ніякай цікавасьці, ня тое што каштоўнасьці. Памятаю, як журналіст спытаўся ў прэс-сакратара Пуціна, ці абмяркоўвалі Пуцін і Лукашэнка правы чалавека. Яны такіх пытаньняў не абмяркоўваюць — быў адказ.

У свой час Напалеон прызнаўся, што быў шакаваны, калі расейцы на загад губэрнатара Растапчына падпалілі Маскву. Перад тым яны зьнішчылі ў горадзе ўсе сродкі пажаратушэньня, а з турмаў выпускалі злачынцаў, давалі ім паходні, і тыя разыходзіліся, падпальваючы ўсё на сваім шляху. Для Напалеона гэта было настолькі за межамі разуменьня, што менавіта гэты пажар, а ня дзеяньні расейскай арміі, ён называў галоўнай прычынай, якая прывяла яго да сыходу з Расеі.

Выглядае, што і сёньня спаленьне Масквы было б успрынятае ў Расеі за норму ці вызваленьне. Таму і прапагандысцкі пасыл пра тое, што «ўкраінцы самі бамбяць свае гарады», расейцамі ўспрымаецца прымальна, як і ўся гэтая вайна. Мы так можам, чаму ўкраінцы ня могуць?

Таму што для ўкраінцаў гэта за межамі разуменьня. За межамі разуменьня і тое, напрыклад, што Растапчын пасьля спаленьня сваёй сталіцы перабраўся разам зь сям’ёй у Парыж, «пакуль усё гэта ня сьцішыцца». Для расейскага чалавека гэта нармальна, звычайна, як заўсёды.

Лёгіка цывілізацыі не тлумачыць матывы барбарства. Разбомбленыя школы і тэатры Ўкраіны такія самыя нелягічныя, як і ператрусы, катаваньні, фальшывыя суды супраць мірных беларусаў у літаральным сэнсе ні за што. Хіба толькі за тое, што яны ёсьць?

Шакуе бесчалавечнасьць, зь якой апрычнікі абыходзяцца з прыстойнымі інтэлігентнымі людзьмі. Пры ўсіх матывах службістаў неяк зусім не па-беларуску гэта, не па-людзку. Ну затрымалі, але каб надзець кайданкі і пасьля зьбіваць ляжачага рукамі-нагамі... За межамі разуменьня.

Моцна ўражвае апублікаваны губазікам здымак захопленага ў палон Зьмітра Дашкевіча на фоне расейскай сымболікі ўварваньня ва Ўкраіну. Тут усё проста крычыць, што Беларусь — акупаваная. І подпісу пад здымкам дастаткова з аднаго слова — «Акупацыя». Даўняя, амаль звыклая, да апошняга часу амаль незаўважная. Проста ў 2020 годзе многія беларусы яе пабачылі на яве, а напад Расеі на Ўкраіну расплюшчыў вочы нават самым прыспаным. Пра абыякавых маўчу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG