Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Каліноўскі: Паўстаньне працягваецца. Новая кніга ў «Бібліятэцы Свабоды»


Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Салідны томік, больш за 800 старонак, вы атрымаеце праз пошту, калі запоўніце нашу анкету. «Каліноўскі на Свабодзе» — кніга пра ўсіх нас, каго аб’яднала імя нацыянальнага героя: што з намі адбывалася, што мы думалі пра саміх сябе, пра што спрачаліся і ў чым пагаджаліся.

Чытаць PDF можна тут.

29 кастрычніка 2001 году на Радыё Свабода выйшла ў эфір перадача, а на сайце зьявіўся тэкст зь ляканічнай назвай «Магіла К. Каліноўскага»

Такім чынам упершыню з даваеннага часу была ўзьнятая тэма апошняга прыстанку кіраўніка паўстаньня 1863–1864 гадоў і яго паплечнікаў на віленскай Замкавай гары.

«Годны фінал 150-гадовай трагедыі. Як у Вільні разьвіталіся з Каліноўскім і яго паплечнікамі» — так называўся выніковы рэпартаж Радыё

Свабода, які выйшаў у сьвет 22 лістапада 2019-га — у дзень, калі пры масавым наплыве беларускіх паломнікаў літоўскі ўрад правёў на дзяржаўным узроўні ўрачыстае пахаваньне паўстанцаў. Цягам 8 гадзінаў мы трансьлявалі цырымонію ў жывым відэаэфіры.

Паміж гэтымі публікацыямі — амаль 20 гадоў падзеяў, жарсьцяў, спрэчак, заяваў, адкрыцьцяў, зьвязаных зь імем Кастуся Каліноўскага. Сотні навінаў, дзясяткі інтэрвію, блогаў — цэлы вір жывога жыцьця вакол даўно памерлага героя, што не дае беларусам як нацыі спакойна разьвітацца са сваёй мовай, незалежнасьцю, мітамі, і проста зьнікнуць, растаць у іншых народах і спажывецкай рэчаіснасьці. З аднаго боку «русский мир» атакуе постаць Каліноўскага, узносячы на сьцягі партрэт ягонага кáта графа Мураўёва. Зь іншага — сотні неабыякавых грамадзян, навукоўцаў, мастакоў, пісьменьнікаў нагадваюць публіцы пра галоўныя запаветы героя і ўшаноўваюць памяць яго і ягоных паплечнікаў-паўстанцаў. З трэцяга боку ўлада Рэспублікі Беларусь, якая мітусіцца паміж Каліноўскім і Мураўёвым, патрабуючы «не палітызаваць» тэму. А як можна не палітызаваць галоўнага палітычнага героя беларусаў? Свае погляды на паўстаньне выказваюць у Польшчы, свае дыскусіі ў Літве...

Кожны год па ўсёй Беларусі вялікімі і малымі ўчынкамі актывісты ўшаноўваюць памяць паўстанцаў, нібы працягваюць іхны чын. І кожны год улада адказвае на гэта арыштамі і штрафамі. Успыхваюць малыя і вялікія сутычкі і бітвы паміж навукоўцамі, палітыкамі, ідэолягамі, нібы паўстаньне працягваецца, бо мэты яго да канца не дасягнутыя.

Урэшце сама прырода не вытрымлівае ўсяго гэтага напору. Нібы сам Каліноўскі вырашае ўмяшацца ў трактоўкі свайго паўстаньня і свайго вобразу. Замкавая гара ў Вільні абрынаецца, парэшткі героя і ягоных таварышаў выходзяць з магілы на сьвет белы, каб зноў і зноў нашчадкі паўтарылі галоўную тэзу ягонай палітычнай праграмы: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».

У кнізе «Каліноўскі на Свабодзе» мы сабралі ў храналягічным парадку найбольш значныя публікацыі за гэтыя без малога 20 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG