Сьцісла:
- Вайна ва Ўкраіне паламала звыклае ўяўленьне пра межы расколу беларускага грамадзтва.
- Пасьля Крыму (2014) пазыцыю Расеі падтрымлівалі 2/3 беларусаў. Сёньня дзеяньні РФ ухваляе толькі 1/3 беларускіх грамадзян.
- Вайна стварае ўласную дынаміку, якая будзе моцна ўплываць на хуткасьць грамадзка-палітычных працэсаў.
Вайна моцна палітызавала беларускае грамадзтва. За апошнія восем гадоў гэта трэці ўсплёск палітызацыі. Першы быў у 2014 годзе, другі — у 2020-м. Гэта азначае, што наш рэгіён у цэлым (і Беларусь у прыватнасьці) уступіў у пэрыяд турбулентнасьці. Бо ў звычайнай сытуацыі, якую можна лічыць нармальнай, людзі мала цікавяцца палітыкай.
Вайна ва Ўкраіне паламала ўстойлівае, звыклае ўяўленьне пра межы расколу беларускага грамадзтва. У асноўным лічылася, што гэта падзел паміж «змагарамі» і «ябацькамі» і адбываецца ён па лініі стаўленьня да дэмакратычных каштоўнасьцяў. 2020 год, здавалася, зафіксаваў раскол паміж прыхільнікамі дыктатуры і яе праціўнікамі.
Апытаньне Chatham House падчас вайны паказала, што карціна больш стракатая. Высьвятляецца, што пэўная частка праціўнікаў Лукашэнкі былі прыхільнікамі Пуціна. І вось цяпер гэта вылезла на паверхню. Розныя сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што з 2020 году праціўнікі Лукашэнкі колькасна пераўзыходзяць яго прыхільнікаў. А вось што тычыцца стаўленьня да вайны, то, аказваецца, беларусы больш падтрымліваюць Расею, чым Украіну (33% супраць 20%).
Аднак на гэтыя лічбы можна паглядзець і па-іншаму. Усё залежыць ад таго, з чым параўноўваць. Пасьля Крыму (2014) пазыцыю Расеі падтрымлівалі 2/3 беларусаў. Сёньня дзеяньні РФ ухваляе толькі 1/3 беларускіх грамадзянаў. Радыкальная зьмена за восем гадоў.
І вось гэтая стракатасьць, ускладненьне чорна-белай карціны ў пэўным сэнсе нэўтралізуе паглыбленьне палярызацыі, чаго можна было чакаць у зьвязку з вайной, стварае нейкія пераходныя, прамежкавыя супольнасьці, якія размываюць раскол.
Што тычыцца электарату апазыцыі, то тут дзейнічаюць супрацьлеглыя трэнды. З аднаго боку, геапалітыка, вайна ва Ўкраіне выштурхоўвае з гэтай супольнасьці прыхільнікаў Расеі. З другога боку, прыкметнае пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча разбурае кансалідаваны электарат Лукашэнкі, пашырае патэнцыял ягоных апанэнтаў. Бо колькі б дзяржаўныя мэдыя ні імкнуліся перакласьці віну за падвышэньне цэнаў на Захад, на ўнутраных ворагаў, усё роўна празь нейкі час абываталь будзе вінаваціць уладу.
Мяркую, што па меры таго, як вайна будзе зацягвацца, гэта пачне працаваць супраць рэжыму Пуціна (а значыць, і рэжыму Лукашэнкі), грамадзкія настроі будуць мяняцца. Пачнецца пошук тых, хто завёў народ у сацыяльную багну. Вайна стварае ўласную дынаміку, якая будзе моцна ўплываць на хуткасьць грамадзка-палітычных працэсаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.