Маці двух малалетніх сыноў, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў самым пачатку гэтага году. Вырак ёй агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.
За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Аляксандра Лукашэнкі і іншых службоўцаў судзьдзя Яўген Брэган пакараў жанчыну 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам.
«Ад Паліны прыйшла першая вестка з гомельскай жаночай калёніі ПК-4. Яна нават не пасьпела адбыць карантын, як прынесьлі „прашэньне аб памілаваньні“. Паперы адразу паляцелі ў сьметніцу, а халуі пасланыя куды далей. Пасля 10 сутак працэдура паўтарылася з тым жа вынікам. Агулам Паліна правяла ў карцары 20 сутак, але працягвае стаяць на сваім. Нас яна просіць быць упартымі і не спыняцца на фінішнай прамой. Рэвалюцыя годнасьці пачалася не ў жніўні 2020-га, а годам раней, калі праз цемру пачалі прабівацца першыя промні сьвятла. Паліна была адной з тых, хто абудзіў іншых. Мы пераможам, галоўнае — не спыняцца!», —напісаў Андрэй Шарэнда на сваёй старонцы ў Facebook.
Берасьцейскаму актывісту ў Беларусі таксама пагражала да 5 гадоў пазбаўленьня волі за «паклёп на Лукашэнку» (артыкул 367 КК).
Суд распачаўся 28 чэрвеня, але ён на працэс не зьявіўся, хоць быў пад хатнім арыштам. 2 ліпеня стала вядома, што мужчына ўцёк зь Беларусі ад крымінальнага перасьледу.