Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хочуць беларусы быць «суайчыньнікамі» для Расеі: 84,9% лічаць сябе беларусамі, 20% называлі адносіны з Расеяй «варожымі»


Пратэст супраць «беларуска-расейскай інтэграцыі», 20 сьнежня 2019
Пратэст супраць «беларуска-расейскай інтэграцыі», 20 сьнежня 2019

У расейскай Дзярждуме прапанавалі законапраект, паводле якога «суайчыньнікамі» для расейцаў зьяўляюцца носьбіты рускай мовы, што належаць да «народаў, якія гістарычна пражываюць на тэрыторыі Расеі». Глядзім, што беларусы думаюць пра Расею.

Нацыянальнае вызначэньне

Паводле апошняга перапісу, які праводзіўся ў Беларусі ў 2019 годзе, беларусамі сябе назвалі 84,9%. Расейцамі — 7,5%, палякамі — 3,1%, украінцамі — 1,7%.

60,3% беларусаў, паводле перапісу, лічаць роднай мовай беларускую, дома на ёй размаўляюць 31,7%.

Стаўленьне да Расеі

У красавіку 2021 году Chatham House праводзіў сацыялягічнае апытаньне беларусаў наконт іх поглядаў на палітычны крызіс. Сярод іншага, беларусаў запыталі пра стаўленьне да Расеі.

Паводле тагачасных вынікаў, кожны пяты беларус ацэньваў адносіны з Расеяй як «сяброўскія», а кожны трэці як «добрасуседзкія», пры гэтым 20% апытаных называлі адносіны напружанымі ці нават варожымі.

Пры гэтым 40% зьмянілі сваю думку наконт кіраўніцтва Расеі, бо яно падтрымала Лукашэнку. 73% тады назвалі Расею адзінай падтрымкай Лукашэнкі. З прычыны таго, што кіраўніцтва Расеі падтрымала здушэньне пратэстаў, больш як у паловы насельніцтва пагоршылася стаўленьне да Пуціна.

Больш за 60% ставіліся пазытыўна да краінаў ЭЗ і Украіны. Найбольш папулярнай формай супрацоўніцтва з Расеяй, паводле гэтага апытаньня, быў адзіны рынак — за гэта выказаліся 44%. Усе астатнія формы супрацоўніцтва паказалі нізкую падтрымку.

46% апытаных выказаліся за тое, каб адначасова мець і саюз з Расеяй, і быць у ЭЗ. Найбольш папулярнымі патэнцыйнымі зьменамі тады беларусы назвалі:

  • Імкненьне ўступіць у ЭЗ і праводзіць праэўрапейскую палітыку;
  • Вывад расейскіх вайсковых аб’ектаў;
  • Устанаўленьне памежнага кантролю з Расеяй і выхад з «саюзнай дзяржавы».

Стаўленьне да саюзу з Расеяй

Яшчэ ў 2019 годзе на хвалі пратэстаў беларусаў супраць інтэграцыі з Расеяй Беларуская аналітычная майстэрня зафіксавала зьмяншэньне ліку прыхільнікаў саюзу з Расеяй.

Вынікі іх апытаньня паказалі, што цягам 2019 году колькасьць прыхільнікаў саюзу з Расеяй зьменшылася з 60,4% да 40,4%. Адначасова сацыёлягі тады зафіксавалі рост ліку прыхільнікаў саюзу з ЭЗ з 24,4% да 32% апытаных.

У жніўні 2020 году расейскі «Левада-цэнтар» правёў аналягічнае апытаньне сярод грамадзян Расеі. Вынікі былі такія:

  • 41% выказаліся за больш актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва дзьвюх краін
  • 32% выказаліся за адносіны на цяперашнім узроўні
  • 11% выказаліся за больш цесны саюз з адзіным кіраўніцтвам
  • 13% выказаліся за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі

Стаўленьне да нападу на Ўкраіну

Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Chatham House правёў апытаньне беларусаў наконт вайны ва Ўкраіне 5–14 сакавіка. Навукоўцы апыталі гарадзкое насельніцтва Беларусі.

Паводле вынікаў — 67% супраць абстрэлу Ўкраіны войскамі Расеі зь беларускай тэрыторыі. 39% выказаліся за неадкладны вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

41% назвалі прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі пагрозай нэўтралітэту. У гэтым апытаньні толькі 3% выказаліся за ўступленьне ў вайну на баку Расеі, 1% — за ўдзел у ваенных дзеяньнях на баку Ўкраіны.

Апытаньні чытачоў Свабоды

Апытаньне ў СМІ — не сацыялягічнае дасьледаваньне, яно паказвае толькі стаўленьне аўдыторыі да пэўных працэсаў. Аднак, паводле ўчорашняга апытаньня чытачоў Свабоды ў telegram, 98% ня лічаць сябе суайчыньнікамі расейцаў, 1% — лічаць, а 1% — вызначаюць сябе расейцамі.

Яшчэ да вайны, паводле апытаньня Свабоды, 6,8% апытаных станоўча ставіліся да сумесных з Расеяй вайсковых вучэньняў у Беларусі, 88,6% выказваліся наконт іх адмоўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG