Усебеларускі сход 1996 году (№ 1)
Чаго хацелі:Паводле прынятай праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 1996-2000 гады, да 1997 году трэба было спыніць інфляцыю і спад вытворчасьці. А да 2000 году дамагчыся росту ВУП да 5% на год і падвысіць узровень жыцьця людзей. На першым УНС Лукашэнка плянаваў ухваліць пляны правядзеньня рэфэрэндуму, які павінен быў зьмяніць Канстытуцыю 1994 году.
Што атрымалася:
Рэфэрэндум правялі (яго вынікі аспрэчваюцца дагэтуль), Канстытуцыю памянялі. Вярнуць усё назад прапаноўваецца дагэтуль. Настолькі, што адзін з асноўных супернікаў Лукашэнкі на выбарах 2020 году, Віктар Бабарыка, нават зрабіў вяртаньне Канстытуцыі 1994 году часткай сваёй праграмы. Да таго ж яшчэ ў 1996 годзе Канстытуцыйны суд пастанавіў, што вынікі прапанаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму ня могуць быць абавязковымі.
У 1997 годзе гадавы рост ВУП склаў больш за 11%. Але інфляцыя вырасла з 39% у 1996 годзе да 108% у 2000-м. У 1999 годзе цэны за год вырасьлі ў сярэднім на 251%. Прымаўка пра тое, што «калі ў беларуса канчаюцца грошы, ён ідзе мяняць даляры», пайшла акурат з тых часоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на «ўсебеларускім сходзе» ў 1996: Незалежнасьць — гэта бяда
2001 год — Усебеларускі народны сход № 2
Чаго хацелі:
Паводле прынятай праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2001-2005 гады, плянавалася падвысіць ВУП на 35–40%, палепшыць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне. Плянавалася, напрыклад, што ў Беларусі ў 2005 годзе будзе жыць мінімум 9 мільёнаў 740 тысяч чалавек.
Што атрымалася:
ВУП за пэрыяд 2001–2005 гадоў вырас з 12,4 мільярда даляраў да 30,2. Яго рост нават пераўзышоў агучаныя на Сходзе пляны. Інфляцыя таксама рэзка зьнізілася, да 7,9% у 2005 годзе — гэта такі самы паказчык, як у 2020-м. Рост можна патлумачыць тым, што на канец пяцігодкі Беларусь набывала расейскую нафту па ўнутрырасейскіх цэнах, прадаючы свае нафтапрадукты ўжо па сусьветных.
З колькасьцю насельніцтва Беларусі на 2005 год дэлегаты другога Сходу памыліліся прыкладна на 150 тысяч чалавек. На столькі за другую пяцігодку кіраваньня Лукашэнкі стала менш беларусаў. Паводле Белстату, у 2005 годзе ў Беларусі засталося 9 мільёнаў 697 тысяч жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьмяніліся беларусы за 20 гадоў
2006 год — Усебеларускі народны сход № 3
Чаго хацелі:
Натхнёныя мінулай пяцігодкай, кіраўнікі розных узроўняў гаварылі пра ўсебаковае разьвіцьцё чалавека, рост рэальных даходаў насельніцтва, інавацыйнае разьвіцьцё эканомікі, рост экспарту і павышэньне канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі, адраджэньне вёскі, будаўніцтва жыльля і разьвіцьцё малых гарадоў.
Што атрымалася:
Падзеньне сусьветных цэнаў на нафту (і нафтапрадукты) і дэвальвацыя беларускага рубля на 20% 2 студзеня 2009 году. Інфляцыя вырасла да 10% у год. ВУП толькі з 2008 да 2009 году скараціўся адразу на 10 мільярдаў даляраў. Але па выніках пяцігодкі агулам рост ВУП захаваўся — з 37 мільярдаў у 2006 годзе да 57 у 2010-м.
З адраджэньнем вёскі і будаўніцтвам малых гарадоў сытуацыя складалася нашмат горш. За пяць гадоў сельскае насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,7 мільёна да 2 мільёнаў 450 тысяч. Агулам па краіне беларусаў стала менш прыкладна на 200 тысяч чалавек.
2010 год — Усебеларускі народны сход № 4
Чаго хацелі:Паводле прынятага пляну, меркавалася дасягнуць 62–68% росту ВУП, 60% росту прамысловасьці, уздыму інвэстыцый, мінімальнай інфляцыі і стабільнага курсу нацыянальнай валюты.
Што атрымалася:
Амаль адразу пасьля выбараў 2010 году абрынуўся курс рубля. За 2011 год ён упаў з 3000 рублёў за адзін даляр да 8500. Інфляцыя ў тым жа годзе склала амаль 109%. У 2012 годзе рубель адчуваў сябе больш-менш спакойна. Але ў 2014 годзе абваліўся яшчэ амаль на 25%.
ВУП за пяцігодку абваліўся з 61 мільярда даляраў да 56. Замежныя інвэстыцыі замест заплянаванага росту ўтрая зьнізіліся амаль на 13%.
Пяцігодка 2011–2015 гадоў стала самай правальнай для беларускай эканомікі з часоў першай паловы 90-х.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кабякоў застаўся задаволеным правалам плянаў пяцігодкі2016 год — Усебеларускі народны сход № 5
Чаго хацелі:Усё таго ж — росту эканомікі, стабільнасьці нацыянальнай валюты і дабрабыту грамадзян. Пляны былі сьціплейшыя. На Сходзе прынялі, што ВУП з 2015 да 2020 год павінен вырасьці на 15% (на папярэднім плянавалі 68%).
Што атрымалася:ВУП за пяць гадоў вырас, але на 3,5%. За першыя два гады пяцігодкі колькасьць стратных прадпрыемстваў павялічылася на чвэрць. Інфляцыя пры гэтым зьніжалася (экспэрты хваляць новага кіраўніка Нацбанку Пятра Калаўра), у 2019 годзе яна склала ўсяго 4,7%. Але 2020 год усё сапсаваў. На фоне пандэміі і палітычнага крызісу інфляцыя склала 7,4% замест заплянаваных 5%.
2021 год — Усебеларускі народны сход № 6
Ён пакуль толькі пачынаецца. Аднак напярэдадні Сходу ўлады ўжо агучылі пляны — 21,5% росту ВУП да 2025 году і курс даляра ў тым жа 2025, роўны 2,83 рубля (цяпер 2,6).