«Рашучасьць грамадзян Беларусі самастойна вызначаць сваю будучыню і свабодна выбіраць сваіх кіраўнікоў не падлягае сумневу. Аляксандар Лукашэнка абвесьціў, што 11–12 лютага правядзе Ўсебеларускі народны сход — канфэрэнцыю, якая не прэтэндуе на легітымнасьць, бо наўмысна не дае слова пратэставаму руху ды яго лідэрам, улучна са Сьвятланай Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце амбасады ЗША ў Беларусі.
Ніводзін прадстаўнік дэмакратычнай супольнасьці ня будзе прысутнічаць на сходзе ў якасьці дэлегата з правам галасаваньня.
Некалькі лідэраў зарэгістраваных партый атрымалі запрашэньні ў якасьці гасьцей з функцыяй простага назіраньня за працэсам. Рашэньне наконт таго, ісьці на «форум» ці яго праігнараваць, палітыкі абяцаюць агучыць па выніках паседжаньняў актываў.