У лісьце да Валянціны Курсевіч жыхары адзначаюць, што ня мелі магчымасьці аддаць галасы ў падтрымку яе кандыдатуры пры вылучэньні на УНС з прычыны «непразрыстай сыстэмы вылучэньня і падтрымкі кандыдатаў».
Яны згадалі, што артыкул 23 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» прадугледжвае, што ананімныя звароты «не падлягаюць разгляду, калі яны ня ўтрымліваюць зьвестак аб злачынстве, якое рыхтуецца, учыняецца або зьдзейсьнена».
«У нас ёсьць падставы меркаваць, што ў гэтым звароце такія зьвесткі ўтрымліваюцца, таму просім вас паставіцца да яго з усёй належнай адказнасьцю».
Жыхары Новай Баравой напісалі ў звароце пра факты падтасоўкі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, бяспраўе грамадзян у месцах пазбаўленьня волі і ў органах, якія маюць абараняць канстытуцыйныя правы грамадзян краіны.
Яны папрасілі Валянціну Курсевіч пракамэнтаваць доказы масавых фальсыфікацый на выбарах, прадстаўленыя ў справаздачы плятформы «Голас».
Ёсьць і шэраг іншых пытаньняў да прадстаўніцы раёну на сходзе.
- Згодна з заканадаўствам РБ, бюлетэні неабходна захоўваць на працягу 5 гадоў. Аднак кіраўнік ЦВК сьцьвярджае, што іх зьнішчылі. Ці можна ў дадзеным выпадку гаварыць аб парушэньні заканадаўства? Калі бюлетэні сапраўды зьнішчылі, дык на якой падставе?
- Забойства Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня 2020 году: хто гэта зрабіў? Хто аддаваў загад? На якой падставе супраць няўзброенага чалавека, які стаяў з паднятымі рукамі, выкарыстоўвалася агнястрэльная зброя?
- Пракамэнтуйце выкарыстаньне спэцсродкаў супраць мірнага насельніцтва, а таксама зьбіцьця грамадзян супрацоўнікамі АМАП і ГУБАЗіК у пэрыяд з 9 жніўня і па цяперашні час.
- Пракамэнтуйце прымяненьне катаваньняў у дачыненьні да цывільнага насельніцтва ў РУУС, а таксама ў ЦІП на Акрэсьціна ў пэрыяд з 9 па 13 жніўня 2020 году.
- Пракамэнтуйце пагром кавярні «O’petit» супрацоўнікамі ГУБАЗіК 16 верасьня 2020 году.
- Забойства Рамана Бандарэнкі 11 лістапада 2020 году: як на гэты момант гучыць афіцыйная вэрсія сьледзтва? Чаму маці Рамана да гэтага часу не далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі?
- Пракамэнтуйце адсутнасьць крымінальных справаў па фактах зьдзяйсьненьня вышэйпералічаных злачынстваў.
- Пракамэнтуйце адключэньне водаправоднай вады ў раёне Новая Баравая ў пэрыяд з 15 па 18 лістапада 2020 году, а таксама адсутнасьць адказаў ад кампэтэнтных органаў на накіраваныя калектыўныя звароты жыхароў.
- Пракамэнтуйце факты завядзеньня крымінальных спраў у дачыненьні да 227 чалавек, якіх міжнародная супольнасьць і праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зьняволенымі.
- Чаму становіцца больш жорсткай адказнасьць за арганізацыю і правядзеньне масавых мерапрыемстваў, калі гэта не адпавядае інтарэсам людзей, якіх вы прадстаўляеце? Ці праводзіліся публічныя слуханьні, ці разглядаліся звароты, якія адпраўляліся вам?
- Чаму вывешваньне сьняжынак чырвонага і белага колеру, герба «Пагоня», сьцяга на ўласным бальконе, які ня лічыцца грамадзкім месцам, рэгулюецца законам аб масавых мерапрыемствах і людзі атрымліваюць штрафы і «суткі»?
- Чаму «ананімныя» сьведкі з МУС на судзе карыстаюцца большым даверам, чым сьведкі з боку падсудных, нават пры наяўнасьці ў апошніх відэазапісаў, якія пацьвярджаюць іх паказаньні?
- Што значыць «пікет з дапамогай сеткі інтэрнэт»? Чаму работнікі аэрапорта пакараныя за зварот?
- Ці ёсьць хоць адзін дэпутацкі запыт у пракуратуру, Сьледчы камітэт, МУС, Вярхоўны суд з нагоды апісаных і пацьверджаных выпадкаў перавышэньня паўнамоцтваў, гвалту, неправамерных судовых рашэньняў, звальненьняў, пакараньняў?
- Каго вы прадстаўляеце і абараняеце?