Журналісту-фрылансэру з Глыбокага Зьмітру Лупачу 15 траўня патэлефанавалі зь міліцыі і загадалі вярнуцца ў пастарунак, каб адбыць пакараньне, адтэрмінаванае 11 траўня пасьля таго, як ён трапіў у рэанімацыю, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Пасьля гэтага да Зьмітра Лупача дамоў прыехаў старшы лейтэнант міліцыі Ўладзімер Чапулёнак з Шаркаўшчыны і склаў на журналіста новы пратакол за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ) за сюжэт для тэлеканалу «Белсат» пра сытуацыю з каранавірусам у Шаркаўшчыне. Новую справу будуць разглядаць 26 траўня ў 10.00 у Шаркаўшчынскім раённым судзе.
Да таго, раніцай 15 траўня, Лупач накіраваў у Віцебскі абласны суд касацыйную скаргу на рашэньне Глыбоцкага раённага суду, які аштрафаваў яго на 1215 рублёў за іншы тэлесюжэт і асудзіў на арышт на 10 сутак за наведваньне сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім як за «несанкцыянаванае мерапрыемства».
Пасьля таго суду Лупач трапіў у рэанімацыю, але, нягледзячы на дыягнаставаную хваробу сэрца, у панядзелак яго адправяць адбываць адміністрацыйны арышт.
На гэтым тыдні суды пакаралі арыштамі журналістаў Алеся Асіпцова, Міхаіла Аршынскага, Алеся Буракова і ягонага пляменьніка Аляксандра Буракова. Агулам з 6 да 14 траўня ў Беларусі затрымалі каля 120 чалавек у сувязі з акцыямі ў падтрымку Ціханоўскага і супраць правядзеньня вайсковага параду падчас эпідэміі каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ распачаў збор грошай для арыштаваных журналістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала вызваліць калег, асуджаных за «несанкцыянаваныя акцыі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік АБСЭ і «Рэпартэры бязь межаў» заклікалі неадкладна вызваліць арыштаваных у Беларусі журналістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У камэрах холадна і грае расейскае радыё. Як адбывае «суткі» журналіст Алесь Асіпцоў