Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камэрах холадна і грае расейскае радыё. Як адбывае «суткі» журналіст Алесь Асіпцоў


Журналіст Алесь Асіпцоў (у цэнтры) пасьля суду ў Магілёве. 12 траўня 2020 году
Журналіст Алесь Асіпцоў (у цэнтры) пасьля суду ў Магілёве. 12 траўня 2020 году

Пяты дзень у ізалятары галадуе магілёўскі журналіст Алесь Асіпцоў, якога суд пакараў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за тое, што 5 траўня ён асьвятляў сустрэчу прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.

Алесь Асіпцоў даводзіў суду, што працаваў на той сустрэчы як журналіст. Але атрымаў арышт, як большасьць удзельнікаў сустрэчы. Ужо 9 траўня, пасьля затрыманьня, на знак пратэсту журналіст абвясьціў галадоўку, ад якой не адмовіўся дагэтуль. 12 траўня ў судзе Алесь Асіпцоў казаў пра высокі ціск ды іншыя прыкметы пагаршэньня стану здароўя.

Журналіст Алесь Асіпцоў
Журналіст Алесь Асіпцоў

Жонка журналіста Алена сустрэцца з мужам пасьля суду не змагла, ад яе нават не прынялі запіску, якую яна ўклала ў перадачу. Алена кажа, што ведае вельмі мала пра тое, як пачуваецца муж падчас галадоўкі.

«Учора ў ізалятары прынялі для яго перадачу — пітную ваду, цёплыя рэчы. Выходзіла мэдык, якая працуе ў ізалятары, і сказала, што яны ведаюць пра ягоную галадоўку, кантралююць стан здароўя, нібыта пачуваецца нармальна. Але больш нічога. Нават не ўзялі маю запіску для мужа, сказалі, што „не дазволена“. Ад Алеся лістоў пакуль не было. То бок даводзіцца пакладацца на словы турэмшчыкаў, што зь ім усё добра, а як там насамрэч, даведаемся пазьней», — сказала жонка Алеся Асіпцова Алена.

Алесь Асіпцоў і ягоная дачка Яніна (справа) у судзе 12 траўня
Алесь Асіпцоў і ягоная дачка Яніна (справа) у судзе 12 траўня

12 траўня ў судзе Алесь Асіпцоў паведаміў, што дагэтуль яго трымалі ў адзіночнай камэры. Яшчэ пасьля працэсу журналіст пасьпеў сказаць, што ноччу яму было вельмі холадна, акрамя коўдры мусіў укрывацца матрацам зь незанятага ложка. Таксама Алесь Асіпцоў паведаміў, што ў камэры працуе радыё.

«Увесь час трансьлююць расейскую камэрцыйную радыёстанцыю, не беларускую, а менавіта расейскую, з расейскай рэклямай. Можа, за гэта нашы турэмшчыкі ад іх грошы атрымалі?» — абураўся Алесь Асіпцоў.

Больш пра ўмовы ў магілёўскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Свабодзе расказаў мясцовы актывіст Уладзімер Цурпанаў, якому даводзілася ня толькі сядзець там «на сутках», але і трымаць галадоўку пратэсту.

Уладзімер Цурпанаў
Уладзімер Цурпанаў

«Алесь сказаў, што ягоная камэра на верхнім паверсе. Там сапраўды холадна, сьцены тоўстыя, нават уключаныя батарэі не дапамагаюць сагрэцца, а калі ацяпленьня няма, тым больш холадна. Вось перадалі яму цёплых рэчаў, спадзяюся, прыдадуцца. Санітарныя ўмовы там ня вельмі камфортныя, старога ўзору», — сказаў Уладзімер Цурпанаў.

Актывіст кажа, што паводле турэмных правілаў вязьня, які знаходзіцца на галадоўцы, павінны трымаць толькі ў адзіночнай камэры, і Алесь Асіпцоў пра гэта папярэджаны.

«Гэтак з усіх меркаваньняў лепш, чым у агульнай камэры, у тым ліку псыхалягічна», — на падставе ўласнага досьведу кажа Ўладзімер Цурпанаў.

На волю Алесь Асіпцоў мае выйсьці ўвечары 19 траўня. Пасьля суду журналіст казаў, што не саступіць і ўвесь тэрмін будзе галадаваць, толькі будзе піць ваду.

«Далей усё будзе залежаць ад майго здароўя. Спадзяюся, яно не падкачае», — сказаў Алесь, калі міліцыянты вялі яго з суду.

Што вядома пра журналіста Зьмітра Лупача з Глыбокага?

У Магілёве, апроч Алеся Асіпцова, за ўдзел у такой сустрэчы былі асуджаныя да арышту фрылансэры Алесь Буракоў і Міхась Аршынскі, а ў Глыбокім Віцебскай вобласьці — журналіст Зьміцер Лупач, які супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат».

Зьміцер Лупач, акрамя 10 сутак за сустрэчу зь Ціханоўскім, атрымаў па суду і штраф 45 базавых велічынь (гэта 1215 рублёў) за працу без акрэдытацыі. Пасьля трох дзён у глыбоцкім ізалятары Зьміцер Лупач трапіў у шпіталь, бо ў яго рэзка пагоршылася здароўе. Цяпер журналіст папраўляецца дома. Але ў панядзелак, 18 траўня, яму належыць вярнуцца ў мясцовы ізалятар і дабыць там яшчэ 7 дзён арышту.

Зьміцер Лупач
Зьміцер Лупач

«Цяпер, дзякуючы лекарам, лепш. Спадзяюся, у ізалятары вытрымаю. Умовы там сярэднія, але жыць можна. Цяпер я ўжо асуджаны, а ня проста затрыманы, таму мяне мусяць выводзіць на прагулкі, а гэта лягчэй, чым проста сядзець у чатырох сьценах. Вось толькі без інтэрнэту цяжка», — сказаў Зьміцер Лупач, якому праз 4 дні давядзецца вярнуцца ў камэру.

Зьміцер Лупач мае намер абскардзіць вынесеныя яму прысуды. Скаргу на арышт падаў ужо і журналіст Алесь Асіпцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG